Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знайшліся абломкі зьніклага самалёта AirAsia


У раёне меркаванага падзеньня самалёта выявілі прадметы, падобныя да надзіманага трапа і аварыйных дзьвярэй. Выратавальнікі высьвятляюць, ці выжылі людзі.

Знойдзеныя ў аўторак, 30 сьнежня, абломкі, — хутчэй за ўсё, рэшткі самалёта авіякампаніі AirAsia, які зьнік на мінулым тыдні, паведамляе The Straits Times са спасылкай на кіраўніка цывільнай авіяцыі Інданэзіі Джока Мурджатмоджа.

«Цяпер мы можам пацьвердзіць, што гэта самалёт AirAsia», — прыводзіць выданьне словы чыноўніка.

Паводле паведамленьня, у вадзе побач з абломкамі бачныя целы людзей.

«Мы правяраем, жывыя яны ці мёртвыя», — заявіў прадстаўнік флёту Манахан Сімарангкір.

«Мы заўважылі каля 10 буйных аб’ектаў і нашмат больш дробных, белага колеру, якія не ўдалося сфатаграфаваць, — растлумачыў віцэ-маршал авіяцыі Інданэзіі Агус Душы Путранта. — Яны за 10 км ад таго месца, дзе самалёт зьнік з радараў».

Да месца катастрофы накіраваныя пошукава-выратавальныя караблі і самалёты.

Airbus A320 кампаніі AirAsia зьнік з экранаў радараў раніцай 28 сьнежня. На борце пасажырскага лайнэра былі 162 чалавекі — 155 пасажыраў, два пілёты, бортінжынэр і чатыры бортправаднікі. Іх лёс цяпер невядомы. Апошні раз экіпаж выходзіў на сувязь у раёне выспы Бэлітунг.

Асноўная вэрсія катастрофы — навальніца над востравам.

Беларускіх грамадзян на борце не было.

Авіякампанія AirAsia, найбуйнейшы рэгіянальны бюджэтнік, мае бездакорную рэпутацыю і дагэтуль ня страціла ніводнага самалёта.

Сёлета гэта ўжо трэці выпадак, калі гіне самалёт той ці іншай малайзійскай авіякампаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG