Як варта ацаніць сёньняшнія кадравыя зьмены, праведзеныя Аляксандрам Лукашэнкам? Ці гэта прызначэньні, закліканыя змагацца выключана з цяперашнім эканамічным і валютным крызісам? Ці яны зробленыя з пэрспэктывай больш далёкай і больш важнай — а менавіта прэзыдэнцкай кампаніі?
На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік аналітычны праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі
Цыганкоў: На вашую думку, у чым асноўны сэнс і значэньне гэтых, бадай, самых радыкальных зьменаў у кіраўніцтве Беларусі за апошнія гады? Ці Аляксандар Лукашэнка мае на мэце толькі эканоміку ці ён глядзіць больш далёка — у прэзыдэнцкую кампанію?
Класкоўскі: Ведаеце, пра выбары Аляксандар Лукашэнка думае заўсёды. У шырокім сэнсе — ён дбае, як найлепей выглядаць перад электаратам. У гэтым сэнсе мы проста бачым чарговы акт вядомага старога спэктаклю пра справядлівага цара і нядбайных баяраў.
На гэты раз ён адным стрэлам забівае адразу некалькі зайцоў. Па-першае, сьпісвае апошнія фінансавыя праблемы на «ахвярных казлоў». Па-другое, рэсурс «новай мятлы». Я маю на ўвазе — каго б ён не прызначыў, спачатку людзі рвуць жылы, каб сябе паказваць з лепшага боку. Тут імпульс ідзе сам па сябе, ад уліваньня сьвежай ці адносна сьвежай крыві. Ну і па-трэцяе, цяпер можна казаць электарату — «пачакайце, ня ўсё адразу, трэба даць час новым людзям, каб былі зьмены да лепшага».
Але ці будуць гэтыя зьмены — гэта пытаньне паўнамоцтваў. Я думаю, што перад выбарамі для Лукашэнкі вельмі рызыкоўна даваць такі карт-блянш, бо цяпер бязбольных рэцэптаў няма ў эканоміцы. Трэба выбіраць рэзкія, хірургічныя мэтады. Таму — ёсьць небясьпека, што скажуць: да выбараў усімі праўдамі і няпраўдамі трымайце гэты рубель, трымайце бачнасьць адноснай стабільнасьці ў эканоміцы.
Цыганкоў: У першых камэнтарах аглядальнікі адзначаюць, напрыклад, рынкавасьць і прафэсіяналізм новага кіраўніка Нацбанку. Якой эканамічнай палітыкі можна чакаць ад новых прызначэнцаў. Ці можна меркаваць, што да выбараў вялікіх кадравых зьменаў ужо ня будзе?
Класкоўскі: Вядома, пэрсаналіі граюць пэўную ролю. Але цяпер ня той час, каб ладзіць пэўныя акадэмічныя дыскусіі, вызначаць, які шлях патрэбны для беларускай эканомікі. Бо ў ёй ня зроблена элемэнтарнага — патрэбныя сыстэмныя рэформы, структурныя пераўтварэньні. Час толькі павялічвае вастрыню праблемы, дысбалянсы ў эканоміцы нарастаюць.
Пэрсона на чале ўраду ці Нацбанку мела б рэвалюцыйнае значэньне ў іншай, нармальнай палітычнай і эканамічнай сыстэме. У нас жа ўсё дэфармуецца тым, што сыстэма жорсткая, аўтарытарная і сыстэма пэрсаналісцкая. Таму, хто б не прыйшоў на тую ці іншую пасаду — яны будуць проста выканаўцамі найвышэйшай волі. Якую праграму закладзе ў гэты «кампутар» Лукашэнка — невядома. Я не выключаю, што калі далей будзе валіцца Расея, і ў нашай эканоміцы адпаведна будзе поўнае вар’яцтва — магчыма, яшчэ ні адна галава паляціць да прэзыдэнцкіх выбараў.