Менскія ўлады не далі дазвол на правядзеньне сольнага канцэрта Зьмітра Вайцюшкевіча ў ДК МАЗ. «Як адкруцілі гайкі, так і закруцілі», – кажа выканаўца і прэзэнтуе новую песьню на верш Уладзімера Някляева.
Упраўленьне ідэалягічнай работы і культуры Менгарвыканкаму не дала дазвол на правядзеньне канцэрту Зьмітра Вайцюшкевіча, заяўленага на 12 студзеня ў ДК МАЗ. Меркавалася, што ў гэты дзень выканаўца разам з гуртом WZ-orkiestra зладзіць урэшце вялікую прэзэнтацыю праграмы на верш Генадзя Бураўкіна «Варанок», што выйшла ў 2013 годзе. Рашэньне аб выдачы гастрольнага пасьведчаньня на гэтае мерапрыемства ідэолягі зацягвалі як маглі. Звычайна арганізатар атрымлівае дазвол цягам пяці дзён, але ў яго могуць папрасіць прадаставіць дадатковыя матэрыялы, датычныя канцэрту і працягнуць разглядаць дакумэнты лішні тыдзень. «Яны тры тыдні чыталі тэксты маіх песень!», – кажа Зьміцер Вайцюшкевіч. У выніку арганізатарам адмовілі на падставе таго, што ў іх адсутнічае дамова з канцэртнай пляцоўкай. Паводле правілаў падачы, дарэчы, дамову такую пры арганізацыі канцэртаў беларускіх выканаўцаў прадстаўляць узгадняючаму органу ня трэба.
Адзін з арганізатараў канцэрту Віталь Супрановіч паведаміў, што яны мелі дамову з ДК МАЗ, але ў апошні момант яе спатрэбілася перарабіць – у сувязі з зьменай фінансавых умоваў. Якраз у гэты час і была атрыманая адмова ў правядзеньні канцэрту. Як стала вядома Tuzin.fm, дырэкцыя ДК МАЗ сама даслала ліст у Менгарвыканкам, дзе было напісана, што дамова паміж імі і арганізатарамі канцэрту Вайцюшкевіча на дадзены момант не заключаная. Відавочна, што пад прымусам…
«Як адкруцілі гайкі, так і закруцілі», – расчаравана прамаўляе Зьміцер Вайцюшкевіч. Да гэтага ў яго сарваліся яшчэ два выступы ў Беларусі. Пастаўлены ўжо ў плян канцэрт у віцебскай філярмоніі з ініцыятывы мясцовых ідэолягаў быў адменены, а ў Берасьце ніводная пляцоўка не пагадзілася прыняць апальнага артыста. «Я прызвычаіўся да забаронаў, хоць, вядома, не прымірыўся зь імі. Цудоўна разумею, што ідэолягі маюць свой кодэкс, які з усіх сілаў бароняць, але мая творчасьць абсалютна не нясе пагрозы і я іх кодэксу не парушаў!», – кажа Вайцюшкевіч, які пасьля выбараў-2010 трапіў у забаронены сьпіс музыкаў. Упершыню легальна з таго часу ён выйшаў на сцэну на прэзэнтацыі праекту «Re:Песьняры» у верасьні 2014, а 29 кастрычніка ў Менску прайшоў яго сольны канцэрт, узггоднены з уладамі. Зь нейкага ліха выканаўцу ізноў вярнулі ў чорны сьпіс, у якім па інфармацыі Tuzin.fm, да гэтага моманту быў адзін толькі самотны Міхалок.
Так супала, што ў дзень забароны свайго канцэрту, Вайцюшкевіч падрыхтаваў прэм’еру новай песьні. Яна завецца «На Каляды» і напісаная на верш Уладзімера Някляева. «Я мусіць самы шчасьлівы кампазытар Беларусі, бо выдатныя паэты мне самі дасылаюць свае вершы. Уладзімер Пракопавіч прапанаваў мне новы твор і я лічу, што гэта проста падарунак лёсу. Атрымалася простая гісторыя пра тое, што павінна адбывацца на Каляды і пра цуд, які абавязкова зьдзейсьніцца ў гэты дзень!», – прадстаўляе песьню выканаўца.
У лютым 2015 Зьміцер Вайцюшкевіч плянуецца госьцем праекту «Жывы Тузін». Зробім усё магчымае, каб яго канцэрт адбыўся.