Нацыянальны банк Беларусі ня будзе дэвальваваць беларускі рубель усьлед за Расеяй. Пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па эканамічных пытаньнях.
«Ваганьні на расейскім валютным рынку не паддаюцца ніякаму асэнсаваньню. Мы не зьбіраемся бегчы за Расеяй, гэта катэгарычна забараняецца, таму што расейскі рынак — незразумела што там, хто што хоча і што там будзе. Дэвальвацыя беларускага рубля — непрымальная», — падкрэсьліў Аляксандар Лукашэнка.
Заявы Лукашэнкі ды прадстаўнікоў ураду Беларусі пра тое, што дэвальвацыі ня будзе, успрымаюцца грамадзтвам неадназначна. А ў сацыяльных сетках жартуюць, што гэта ўжо стала народнай прыкметай: «Калі кажуць, што дэвальвацыі ня будзе, — знак, што хутка дэвальвацыя».
Пра адсутнасьць падставаў для абясцэньваньня нацыянальнай валюты Лукашэнка казаў і перад дэвальвацыяй 2009 году. У сьнежні 2008 Лукашэнка абяцаў, што дэвальвацыі ня будзе, але ўжо 2 студзеня 2009 году беларускі рубель аднамомантна абясцэніўся на 20 працэнтаў.
1. «Пытаньне дэвальвацыі ўздымаюць шарлатаны»
Перад прэзыдэнцкімі выбарамі, 12 лістапада 2010, Лукашэнка таксама запэўніваў у адсутнасьці падставаў для дэвальвацыі. Пра гэта ён казаў, размаўляючы з жыхарамі Барысава.
«Хто ўзьняў гэта пытаньне? Яго паднялі „шарлатаны“, для якіх, чым горш краіне, тым лепш для іх. Ні пра якую дэвальвацыю размовы ня можа быць», — сказаў Лукашэнка, намякаючы на сваіх апанэнтаў па выбарчай гонцы.
«Але хачу вас папярэдзіць. Вы бачыце, што адбываецца з далярам. Сёньня завяршылася пасяджэньне „Вялікай дваццаткі“, дзе асноўныя спрэчкі выклікала пытаньне аб валютных войнах. Амэрыканцы вырашылі падтрымаць сваю эканоміку і ўкідваюць у яе 600 млрд даляраў як мінімум. У такіх выпадках звычайна адбываецца дэвальвацыя валюты. Таму будзьце асьцярожныя з гэтым далярам. Я вас папярэдзіў», — казаў тады лукашэнка
2. «Мы адкрыем засекі і пакажам золата, якое накапілі»
Паводле словаў, дзяржава нічога не губляе ад таго, што некаторыя грамадзяне пачалі актыўна скупляць валюту, паколькі яны ўсё роўна нясуць набытую валюту ў банкі. Ён таксама дадаў, што стабільнасьць нацыянальнай валюты пацьвярджаецца і ўзрослым аб’ёмам золатавалютных рэзэрваў: «Мы адкрыем засекі і пакажам золата, якое накапілі».
17 сьнежня 2010 Лукашэнка паўтарыў, што ў Беларусі няма неабходнасьці дэвальваваць нацыянальную валюту. Пры гэтым ён дадаў, што Беларусь сёньня мае дастаткова золатавалютных рэзэрваў, прыкладна шэсьць-сем мільярдаў даляраў, для таго, каб задаволіць любы попыт на валюту.
Пасьля выбараў курс даляра падскочыў, валюта прапала з абменьнікаў.
3. «Курс — гэта справа некалькіх дзён»
16 красавіка 2011 Лукашэнка паабяцаў «сёньня-заўтра-пасьлязаўтра» нармалізаваць сытуацыю з курсам беларускага рубля. «Курс — гэта справа некалькіх дзён, можа быць, тыдня», — запэўніў тады Лукашэнка.
24 траўня 2011 года. Афіцыйны курс рубля да кошыку валютаў ўпаў на 54,4%
4. «Няхай адбылася дэвальвацыя, нічога»
25 траўня 2011 года Лукашэнка, камэнтуючы сытуацыю з валютай, адзначыў: «Мы спынілі прадаваць валюту з золатавалютных рэзэрваў, а той курс, які ўсталюецца, той і будзе. Мы яго ўчора вызначылі на ўзроўні 5 тысяч за даляр. Няхай адбылася дэвальвацыя нацыянальнай валюты, нічога. Трэба, галоўнае, распарадзіцца гэтым, як трэба, — для экспартаарыентаванай эканомікі гэта вельмі важна».
5. «І калі б я ведаў, я б таксама не сказаў»
Таксама высьветлілася, што ўлады ня лічаць патрэбным інфармаваць грамадзянаў аб пачатку эканамічных праблемаў, нават калі б ведалі, калі тыя пачнуцца.
«Ды хто ж вам скажа, калі гэта пачнецца? І калі б я ведаў, у які дзень, то я б таксама не сказаў», — адзначыў Лукашэнка 17 чэрвеня 2011.
6. «Я ж казаў — не скупляйце валюту»
«Вось даляр на чорным рынку ўжо ня восем-дзесяць тысяч, а пяць з паловай — шэсьць. Так, дзесьці хтосьці здуру купляе даражэй, але ў асноўным — пяць з паловай тысяч. А казалі, каб па дзесяць! Але наша вытрымка ўсё ўтрымала», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Тады, 17 чэрвеня 2011, ён параіў беларусам не канвэртаваць беларускія рублі ў замежную валюту.
«Даляры і эўра друкуюць дзень і ноч, вы яшчэ пападзецеся на гэта, калі паглядзець на тое, што робіцца ў Амэрыцы і Эўропе! Я ж казаў — не скупляйце», — абураўся кіраўнік Беларусі.
7. «Дэвальвацыя пайшла на карысьць»
Улетку 2011 Лукашэнка пераконваў, што дэвальвацыя нацыянальнай валюты — гэта карысьць для арыентаванай на экспарт эканомікі.
«І прадпрыемствы на экспарт — маюць нармальныя грошы. Таму я кажу — у нас няма крызісу. Крызіс — гэта калі прадпрыемствы зачыняюцца і людзі выкідваюцца на вуліцу», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
20 кастрычнік 2011 г. Курс даляра вырас яшчэ на 52%
8. «За Адзіную эканамічную прастору мы заплацілі дэвальвацыяй»
16 кастрычнік 2012 Лукашэнка заявіў, што дэвальвацыя рубля стала вынікам далучэньня Беларусі да Адзінай эканамічнай прасторы: «Мы вельмі дорага заплацілі за Адзіную эканамічную прастору. Правялі дэвальвацыю. Мы яшчэ не ачухаліся ад гэтага».
9. «Дэвальвацыі ня будзе як і канца сьвету»
Як не наступіла канца сьвету, гэтак жа не адбудзецца і абвалу нацыянальнай валюты. «Ня збудзецца тое, што прадракаюць нам нашы зласьліўцы, як бы яны таго ні хацелі», — запэўніў Лукашэнка 15 студзеня 2013 г.
10. «Рэгуляваньне курсаў можа выйсьці бокам»
У студзені 2013 Лукашэнка паставіў перад кіраўніцтвам Нацыянальнага банку Рэспублікі задачу штучна не рэгуляваць курсы валютаў, «бо гэта можа выйсьці бокам». На думку Лукашэнкі, на працягу апошніх двух гадоў у Беларусі нічога штучна не рэгулявалі, гэта адбывалася толькі ў пэрыяд вострых пікаў.
11. «Даляры скупляюць пэнсіянэры»
Лукашэнка запатрабаваў ад Нацбанку падаць дадзеныя аб тым, у каго на руках асноўная маса даляраў.
«Я думаў, што асноўная маса валюты не ў звычайных людзей, а ў людзей зь сярэднім узроўнем прыбытку і ў багатых. Бо толькі ў іх ёсьць грошы, каб скупляць даляры. Нічога падобнага! Калі мы праманітаравалі сытуацыю, то высьветлілі, што ў асноўным даляры скупляюць пэнсіянэры. Яны купляюць па 5-10 даляраў. Мы іх пыталіся, для чаго ім гэта? Адказваюць: „Хай Будзе“. Я не магу сказаць, што пэнсіянэры абвалілі нам сыстэму, але я не падазраваў, што пэнсіянэры скупляюць валюту», — пракамэнтаваў сытуацыю на валютным рынку Лукашэнка.
12. «Мадэрнізацыя цаной дэвальвацыі нам не патрэбная»
У лютым 2013 Лукашэнка заявіў, што ня мае намеру праводзіць мадэрнізацыю прадпрыемстваў за кошт дэвальвацыі, як пра гэта кажуць:
«Гэта для мяне наагул навіна, што нейкія ідыёты ў краіне кажуць пра дэвальвацыю нацыянальнай валюты ў імя нейкай мадэрнізацыі. Мадэрнізацыя такой цаной нам не патрэбная, — падкрэсьліў ён. — У нас сёньня няма ніякай неабходнасьці дэвальваваць нацыянальную валюту».
13. Лукашэнка заклікаў «прытрымлівацца вызначаных курсаў»
20 ліпеня 2013 году Лукашэнка заявіў: «Як мы абяцалі, тым курсам і павінны ісьці, як ішлі да гэтага часу. Насельніцтва і суб’екты гаспадараньня павінны разумець: попыт вялікі — цана большая, маленькі ці яго няма — кошт меншы, у тым ліку і валюты. Грошы — гэта таксама тавар», — дадаў ён.
14. Лукашэнка не выключае магчымага абясцэньнваньня рубля, але вінаваціць ва ўсім "сьвядомых"
28 верасьня 2013 Лукашэнка заявіў, што пытаньне з дэвальвацыяй нацыянальнай валюты ў Беларусі сёньня не стаіць. Аднак ня выключыў, што калі будзе вялікі попыт на валюту — будзе абясцэньвацца беларускі рубель.
Паводле яго слоў, калі людзі будуць бегаць з раніцы да вечара па абменных пунктах і скупляць валюту, а суб’екты гаспадараньня і банкі — спаць і бачыць, што прыйдзе дэвальвацыя, хтосьці на гэтым выйграе, будуць спараджацца чаканьні, а «нягоднікі, „сьвядомыя“, якія „плявузгаюць“ языкамі» ва ўсіх СМІ, народ будуць падаграваць«.
Ён заявіў, што дзяржава будзе выкарыстоўваць усе інструмэнты, каб не дапусьціць рэзкіх ваганьняў курсу.
15. «Калі будзе дэвальвацыя — вы яе зробіце»
8 кастрычніка 2013 Лукашэнка заявіў, што беларусы, калі ў іх зьявіўся «лішні беларускі рубель», пабеглі ў абменьнікі скупляць валюту. «І потым крычаць: а будзе дэвальвацыя ці ня будзе? Калі будзе дэвальвацыя — вы яе зробіце», — дадаў Лукашэнка.
29 кастрычніка 2013. Курс даляра дасягнуў 9200 рублёў
12 лістапада Лукашэнка даў працаўнікам «Кераміна», паводле яго словаў, «проста параду»: ня трэба бегаць у абменьнікі і чакаць нейкай дэвальвацыі.
Лукашэнка абяцае дэвальвацыю 5-6 працэнтаў да канца 2014 году
У красавіку 2014 Лукашэнка заявіў: «Мы не плянавалі і не плянуем дэвальвацыю адміністрацыйна, як у Казахстане. Мы спакойна, плаўна гэта ўвядзем — 5-6 працэнтаў да канца году».
Напрыканцы вясны 2014 курс даляра да рубля перасягнуў адзнаку ў 10000 рублёў, а ў сьнежні — 11000 рулёў. Такім чынам, толькі цягам 2014 году рубель абясцэніўся больш чым на 15 адсоткаў.
*паводле telegraf.by, belta.by, euroradio.fm