Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдвард Лукас: Хлусьня Пуціна пра расейскую эканоміку выйшла на паверхню


Эдвард Лукас
Эдвард Лукас

Выданьне «The Telegraph» піша, што словы расейскага прэзыдэнта наконт эканамічнага посьпеху Расеі не адпавядаюць рэчаіснасьці, а чым горшая сытуацыя ў Расеі, тым больш неасьцярожных дзеяньняў варта чакаць ад Пуціна.

«Цягам 15 гадоў Расея жыве ў хлусьні».

Гэтак распачынае ў артыкул у «The Telegraph» аглядальнік «The Economist» Эдвард Лукас пад назваю «Хлусьня Пуціна пра расейскую эканоміку выйшла на паверхню».

«The Telegraph» піша, што «рэжым былога супрацоўніка КДБ» Уладзімера Пуціна распавядаў усяму сьвету і самім расейцам, што краіна становіцца эканамічным цэнтрам.

«Сапраўды, на першы погляд, лічбы робяць уражаньне: ад таго часу, як Пуцін прыйшоў да ўлады, сярэдні расейскі заробак вырас у 15 разоў. Але прыгожыя словы і вялікія лічбы зьняпраўджвае рэальная карціна: зьнішчаная, неканкурэнтаздольная эканоміка трымаецца на паверхні дзякуючы высокім коштам на нафту, а карупцыя і крадзеж адбываюцца на кожным узроўні», — піша выданьне.

Паводле выданьня, нават учорашняе «панічнае» рашэньне Цэнтральнага банку Расеі падняць ключавую стаўку да 17 % гадавых, толькі выявіла тое, што шмат якія расейцы і замежнікі ведалі ўжо даўно: экспэрымэнт Пуціна праваліўся.

Паводле Лукаса, у сытуацыі, калі расейская эканоміка сутыкаецца зь такімі праблемамі, як рэкорднае падзеньне рубля, высокія кошты, стагнацыя, якой варта чакаць у наступным годзе праз падзеньне коштаў на нафту, а таксама паніжэньне бізнэс-даверу, варыянты выйсьця для Пуціна абмежаваныя.

«Адзін з варыянтаў — гэта абвінавачваньне спэкулянтаў і міжнародных змоўшчыкаў. Іншая мажлівасьць для Пуціна — аблаяць чыноўнікаў — магчыма, нават няўдачлівага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева. Але ніводзін з гэтых варыянтаў не дапаможа. Фінансавыя рынкі проста даюць зразумець: замежнікі і мясцовыя жыхары не давяраюць расейскім уладам. /.../ Цяпер надышоў час уцячы з караблю».

каб зрабіць сапраўдныя перамены, яму давядзецца абрэзаць выдаткі на абарону краіны і абмежаваць карупцыю на найвышэйшым узроўні

Паводле Эдварда Лукаса, іншыя варыянты, як павышэньне працэнтных ставак, падзеньне расейскага рубля ці павышэньне падаткаў для замежных холдынгаў, гэтаксама не дапамогуць. Палітоляг апісвае іншыя магчымыя дзеяньні Пуціна, які можа зьмяніць курс і прызначыць у якасьці новага прэм’ер-міністра — былога міністра фінансаў Аляксея Кудрына. Апроч таго, Пуцін можа імкнуцца дасягнуць кампрамісу, каб замарозіць канфлікт на ўсходзе Ўкраіны і засяродзіцца на тым, каб перажыць зіму. Гэтаксама Пуцін можа злагодзіць антызаходнюю рыторыку і пачаць новы раўнд эканамічных рэформаў.

«Гэтым, безумоўна, Пуцін выйграе час. Але, каб зрабіць сапраўдныя перамены, яму давядзецца абрэзаць выдаткі на абарону краіны і абмежаваць карупцыю на найвышэйшым узроўні. І нават касмэтычныя зьмены будуць мець палітычны кошт: давядзецца прызнаць, што лінія Пуціна цягам апошніх 4 гадоў, рэпрэсіі ў краіне і агрэсія па-за яе межамі, кумаўство на найвышэйшым узроўні, былі няслушныя».

Як піша Эдвард Лукас, Пуцін можа зьвярнуцца па дапамогу да Кітаю, аднак і гэты варыянт не зьяўляецца найлепшым, паколькі кітайцам не падабаецца падтрыманьне расейцамі сэпаратызму ў іншых краінах. Усе ж магчымыя пагадненьні і буйныя крэдыты Кітай мог бы заключаць толькі на сваіх умовах.

Ён таксама ведае, што геапалітычная напружанасьць — верны спосаб павышэньня коштаў на нафту

Лукас сьцьвярджае, што найбольш небясьпечным вынікам ёсьць тое, што Пуцін адказвае на крызіс нападам. «The Telegraph» зьвяртае ўвагу, што Пуцін разумее, што час гуляе супраць яго: цяпер Эўразьвяз адмаўляецца ад найважнейшага для Пуціна бізнэсу — экспарту расейскага газу. NATO пачынае дзейнічаць супольна пасьля дзесяцігодзьдзя вайсковай слабасьці і нерашучасьці.

«Расейскі лідэр патрабуе зьмены правілаў гульні — чагосьці, што можа давесьці расейцам, што эканамічная ахвяра — гэта кошт палітычнай славы. Ён таксама ведае, што геапалітычная напружанасьць — верны спосаб павышэньня коштаў на нафту. Чым горшая сытуацыя ў краіне, чым менш у Пуціна варыянтаў, тым большая ягоная неразважлівасьць і неасьцярожнасьць. Рыхтуйцеся апячыся», — гэтымі словамі аглядальнік Эдвард Лукас сканчвае свой артыкул.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG