У пачатку 2015 г. сход сузаснавальнікаў ЭГУ будзе абіраць новага рэктара. Былы рэктар ЭГУ прафэсар Анатоль Міхайлаў пакінуў пасаду ў пачатку восені і заняў пасаду прэзыдэнта Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Апошнія гады кіраваньня Міхайлава вызначаліся вострай дыскусіяй пра будучыню ЭГУ (ці трэба яго арыентаваць найперш на патрэбы Беларусі ці перарабіць у рэгіянальную ВНУ, адкрытую ня толькі для беларусаў, але і для студэнтаў з Расіі, Украіны ды іншых краін), а таксама скандаламі са звальненьнем некаторых выкладнікаў, якім не падабалася палітыка кіраўніцтва ўнівэрсытэту. На пасаду рэктара ўжо прэтэндуюць палітык Аляксандар Мілінкевіч, гісторык Алесь Краўцэвіч, выканаўца абавязкаў рэктара Дэвід Полік (ЗША) і філёзаф Тацьцяна Шчытцова.
У звароце гаворыцца:
«Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт — тая навучальная ўстанова, зь якой беларускае грамадзтва заўсёды зьвязвала свае надзеі на падрыхтоўку нацыянальнай эліты. Сёньня ЭГУ стаіць перад надзвычай важным выбарам — новага рэктара, ад якога будуць залежаць шляхі разьвіцьця ўнівэрсытэту. Заклікаем захаваць «беларускае сэрца» ЭГУ. Заклікаем абраць рэктарам ЭГУ грамадзяніна Беларусі».
Зварот падпісалі больш за 30 асобаў, у тым ліку пісьменьнік Уладзімір Арлоў, прафэсар Анатоль Грыцкевіч, геоляг Радзім Гарэцкі, старшыня Рады інтэлігенцыі Уладзімір Колас, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла, мовазнаўца Вінцук Вячорка, паэт Уладзімір Някляеў, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.