Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Палацы мастацтва абяруць Міс і Містэра Вышыванку


13 сьнежня «Арт Сядзіба» пры падтрымцы Беларускага саюзу мастакоў праводзіць «Дзень вышыванкі» — другі ў гэтым годзе фэстываль беларускай культуры. Сьвята пройдзе ў менскім Палацы мастацтваў.

Паводле дырэктара «Арт Сядзібы» Паўла Белавуса, на першы «Дзень вышыванкі» трапілі ня ўсе ахвотныя. Таму арганізатары вырашылі паўтарыць фэстываль, значна пашырыўшы яго размах — як пляцоўку, так і колькасьць удзельнікаў. Тым больш, што ёсьць добрая нагода — неўзабаве Каляды.

Павал Белавус паказвае новы дызайн для вышымайкі
Павал Белавус паказвае новы дызайн для вышымайкі



«Правёўшы восеньню першы Дзень вышыванкі, які на мой погляд атрымаўся вельмі пасьпяховым, мы, тым ня менш, атрымалі шмат нэгатыўных камэнтароў з той нагоды, што памяшканьне было ня вельмі вялікае і не дазволіла ўсім ахвотным узяць паўнавартасны ўдзел у фэстывалі. Скардзіліся на няўтульнасьць. Але мы і самі не чакалі, што будзе такая колькасьць людзей. Таму вырашылі, не адкладваючы, правесьці чарговы фэстываль і прымеркаваць яго да калядных сьвятаў — каб наведнікі маглі прыдбаць падарункі і проста цікава правесьці час», — адзначыў Павал Белавус.

Шыльда да Дня вышыванкі на ўваходзе ў Палац мастацтва
Шыльда да Дня вышыванкі на ўваходзе ў Палац мастацтва



Падчас фэсту будзе працаваць кірмаш традыцыйных і сучасных вышыванак, адзеньня і сувэніраў ад папулярных моладзевых брэндаў, разнастайных вырабаў рамесьнікаў і майстроў, а ў гэты час у канфэрэнц-залі будуць праходзіць майстар-клясы, конкурсы, прэзэнтацыі ды музычныя выступы беларускіх гуртоў. Хэдлайнэрам музычнай праграмы будзе гурт «Палац».

«Усё на фэстывалі будзе ахоплена каляднай тэматыкай: майстар-клясы калядных сьпеваў, кірмаш падарункаў, музычныя выступы», — кажа Павал Белавус.



Магчымасьць правесьці Дзень вышыванкі ў пашыраным фармаце зьявілася дзякуючы Беларускаму саюзу мастакоў, які прадставіў для фэстывалю Палац мастацтваў. Паводле старшыні саюзу Рыгора Сітніцы, такім чынам мастакі сьведчаць сваю адданасьць нацыянальнаму мастацтву:

«Беларускі саюз мастакоў далучыўся да „Дня вышыванкі“, таму што мы разумеем важнасьць пашырэньня нашых нацыянальных каштоўнасьцяў. Вышыванка — гэта адна з нашых нацыянальных адметнасьцяў і каштоўнасьцяў. Да таго ж гэта прадмет мастацкай культуры. Таму мы і спрыяем гэтаму. Беларусь павінна станавіцца больш беларускай ва ўсіх праявах — і праз мову, і праз вышыванку, і праз мастацтва», — сказаў Рыгор Сітніца.

Рыгор Сітніца
Рыгор Сітніца



Досьвед першага «Дня вышыванкі» паказаў, што наведнікі прыходзілі на імпрэзу ня толькі для таго, каб набыць рэчы ў нацыянальным стылі, але і каб «выгуляць у людзі» вышымайкі і стужкі з арнамэнтам. Гучалі прапановы абраць «Міс Дня вышыванкі». Павал Белавус кажа, што гэтая прапанова ўлічаная, і арганізатары прапануюць самім наведнікам фатаграфаваць адзін аднаго, рабіць сэлфі, пазначаючы іх адмысловым хэштэгам #dzv2014. А журы са складу арганізатараў абярэ Міс і Містэра «Дня вышыванкі».



«Людзі будуць самі фатаграфаваць. А мы пасьля на гэтыя фатаздымкі паглядзім, прааналізуем колькасьць «лайкаў» і абярэм топ самых прыгожых людзей, апранутых у беларускія нацыянальныя ці стылізаваныя пад іх строі. У выніку мы абярэм Містэра і Міс «Дня вышыванкі», — адзначыў Павал Белавус.

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка



Але, улічваючы нацыянальную арыентаванасьць фэстывалю, тытулы «Міс вышыванка» і «Містэр вышыванка» могуць быць замененыя на беларускія, лічыць мовазнаўца Вінцук Вячорка:

«У беларускай мове ёсьць свая традыцыя звароту да мужчыны — гэта спадар, да жанчыны — спадарыня, і да незамужняй дзяўчыны — спадарычна. Ня ведаю, праўда, ці „Спадар вышыванка“ альбо „Містэр вышыванка“ будзе гучаць дарэчы. Тут трэба, каб арганізатары яшчэ памеркавалі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG