Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі разьлічвае на цану нафты ў 83 даляры


Палата прадстаўнікоў зацьвердзіла праект бюджэту на 2015 год.

Больш за 2 мільярды даляраў так званых нафтавых грошай закладзеныя ў праект бюджэту Беларусі на 2015 год.

Гэта грошы, якія Беларусь атрымае ад Расеі ў якасьці кампэнсацыі за страты пры падаткавым нафтавым манэўры, а таксама за беларускую сырую нафту, якая здабываецца на тэрыторыі нашай краіны. Усе гэтыя сродкі пойдуць выключна на пагашэньне зьнешніх пазыкаў.

Пра гэта заявіў сёньня ў Палаце прадстаўнікоў пры абмеркаваньні бюджэту Беларусі на 2015 год міністар фінансаў Уладзімер Амарын. Аднак нават гэтых грошай ня хопіць на разьлік са зьнешнімі і ўнутранымі крэдыторамі, паколькі ў 2015 годзе ім трэба будзе вярнуць тры мільярды даляраў. Гэтыя грошы спадар Амарын назваў пікавымі выплатамі.

Вяртаньне запазычанасьцяў міністар фінансаў назваў першым з чатырох прыярытэтаў бюджэту на 2015 год. Наступныя прыярытэты міністар выклаў у такім парадку: адукацыя і ахова здароўя, мадэрнізацыя некаторых галінаў эканомікі, падвышэньне абароназдольнасьці.

Міністар расказаў, як будзе расходавацца бюджэт. Вось некаторыя лічбы: на падтрымку аграпрамысловага комплексу заплянавана 16,4 трыльёны рублёў, на падтрымку навукі — 2,1 трыльёны рублёў, альбо амаль у 8 разоў менш.

Міністар сказаў, што ў бюджэце 2015 году закладзеная інфляцыя ў памеры 12 працэнтаў, стаўка рэфінансаваньня плянуецца ў межах 15-15 працэнтаў, рост валавога ўнутранага прадукту — 0,5 працэнта. Падаходны падатак плянуецца ўзьняць з 12 да 13 працэнтаў. Будзе падняты памер падатку на доступ аўтасродкаў да дарожнага руху — ад 1 да 2 базавых велічыняў па розных пазыцыях.

Міністар фінансаў Уладзімер Амарын сказаў журналістам, што бюджэт Беларусі на наступны год зьвярстаны з разьліку таго, што сярэднегадавая цана аднаго барэля нафты будзе складаць 83 даляры.

На заўвагу журналістаў, што ўжо сёньня цана значна меншая, Амарын сказаў:

«Я ня ведаю такога чалавека, які можа сказаць, якой будзе цана нафты ў наступным годзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG