Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запі гарбатай: чаму жанчыны мала атрымліваюць, а мужчыны рана паміраюць


Ірына Саламаціна
Ірына Саламаціна

Для кагосьці бацькоўства — мілы дадатак да прафэсійнага іміджу, а для некага — лад жыцьця; ці ўплывае гэта на заробак, і чаму пасьля разводу дзеці застаюцца з маці. Гендэрныя міты раскрывае Ірына Саламаціна, заснавальніца і кіраўніца праекту «Гендэрны маршрут».

У лістападзе-сьнежні ў Менску прайшоў буйны міжнародны гендэрны праект «Фэмінісцкая (art) крытыка», у часе якога адбываліся лекцыі, сустрэчы, круглыя сталы, майстар-клясы. Беларусь на ім прадстаўляла Ірына Саламаціна, заснавальніца і кіраўніца праекту «Гендэрны маршрут». Зь ёю пагутарыла карэспандэнтка Свабоды.

Эканамічная стагнацыя ўплывае на гендэрныя міты

Пасьпяховая ў бізнэсе жанчына раптам можа зрабіцца сьцервай ці баба-мужыком, фота зь дзецьмі на працоўным стале мужчыны выклікае замілаваньне тым, які ён бацька. Гэта і шмат іншага, на думку экспэрта, зьвязана зь вялікай колькасьцю стэрэатыпаў у нашым грамадзтве пра тое, якімі мусяць быць мужчыны і жанчыны.

Адзін зь іх — што ёсьць нейкая „жаночая прырода“, якая прадвызначае пэўны гендэрны парадак: мужчыны — ў публічным жыцьці, жанчыны — у прыватным

«Адзін зь іх — што ёсьць нейкая „жаночая прырода“, якая прадвызначае пэўны гендэрны парадак: мужчыны — ў публічным жыцьці, жанчыны — у прыватным», — мяркуе Ірына Саламаціна, заснавальніца і кіраўніца праекту «Гендэрны маршрут».

Праілюстраваць гэта, на яе думку, вельмі лёгка: у матэрыялах часопісаў бізнэс прадстаўлены праз маскулінныя якасьці: агрэсія, рэзкія рухі, лёгіка, «жорсткі стыль у бізнэсе». А жаноцкія якасьці — звычайна нешта пасіўнае, прыгожае, клапатлівае. Насамрэч калі паглядзець навокал, мы ўбачым, што жанчын таксама шмат у публічнай сфэры:

Калі мне кажуць: „Жанчыне лепш дома, у яе лепш атрымліваецца...“ Я пытаю: сярод вашых знаёмых шмат жанчын сядзяць дома?

«Калі мне кажуць: „Жанчыне лепш дома, у яе лепш атрымліваецца...“ Я пытаю: сярод вашых знаёмых шмат жанчын сядзяць дома? Калі мы паглядзім статыстыку, то 80% жанчын працаздольнага ўзросту задзейнічаныя на рынку працы. Гэта супастаўляльна з савецкім часам і азначае, што ў нас у сем’ях і мужчыны, і жанчыны працуюць», — кажа Ірына Саламаціна.

Паводле яе назіраньняў, запыт на традыцыйную пола-ролевую мадэль, пры якой жанчына мусіць быць дома, а мужчына — на працы, зьявіўся год з 5 таму, і гэта найперш зьвязана з эканамічнай стагнацыяй, празь якую жанчына выцясьняецца з рынку працы.

Бацька-карміцель і маці-дамаседка

Ёсьць шмат чыньнікаў, якія зьвязаныя з ролямі бацькоў у выхаваньні дзіцяці.

Існуе міт, паводле якога таму, хто нядаўна стаўся бацькам, трэба шмат працаваць. На справе атрымліваецца, што бацька адчужаецца ад працэсу выхаваньня і зьяўляецца здабытчыкам — карміцелем («спонсарам»). Ён мала кантактуе з малым/малой, не зьяўляецца незаменным, як маці, і пры разводах суды пакідаюць дзяцей з жанчынамі.

Іншы бок праблемы — калі жанчына мае 2 дзяцей і на 4...6 год сыходзіць у дэкрэт, пачынаючы з 25 гадоў — яна страчвае кваліфікацыю і робіцца неканкурэнтаздольнай як працаўніца. Так і атрымліваецца, што жанчына выхоўвае дзяцей, «выпадае» з прафэсіі, бо лічыцца, што толькі жанчына мусіць быць занятая дзецьмі.

Атрымліваецца, што жанчына апынецца ў асаблівым статусе «ненадзейнага працаўніка» на рынку працы, — мяркуе Ірына. — Яе ня хочуць браць на працу, калі яна не нарадзіла, бо можа сысьці ў дэкрэтны адпачынак, і калі яна ўжо нарадзіла і мае маленькае дзіця, якое можа хварэць. На рынку працы яны ня роўныя з мужчынамі, бо ідуць у дзяржінстытуцыі, якія гарантуюць сацпакет у адрозьненьне ад бізнэсу (аплату бюлетэняў і г. д).»

У той жа час мужчын, якія сыходзяць у дэкрэт, — усяго 1%, і гэта зазвычай тыя, хто страціў працу і трапіў пад скарачэньне. А ў Швэцыі ёсьць адмысловая праграма: сям’я атрымлівае максымальныя выплаты толькі калі дэкрэт дзеліцца пароўну між бацькамі. Там сама канцэпцыя адпачынку зьмененая. Калі раней яго давалі дзеля аховы здароўя маці пасьля родаў, то цяпер яго сэнс — у абароне права на бацькоўскі догляд.

Хаця ў працягваньні роду зацікаўленыя абодва партнэры, у нас клопаты дэлегуюцца жанчыне, якая насамрэч праз пару месяцаў, неабходных для аднаўленьня арганізму, можа працаваць:

«Рацыянальная сям’я выбірае: калі яны жадаюць умацаваць свае адносіны, ім разам добра — спрабуюць дамовіцца і пераразьмеркаваць хатнюю працу. Тады ў абодвух вызваляецца час», — кажа Ірына.

Жанчыны атрымліваюць на 25-30% менш

За роўную з мужчынамі працу жанчыны атрымліваюць на 25-30% менш — так ужо год 10 кажа намесьнік міністра працы і сацыяльнай аховы Беларусі Ігар Старавойтаў, выступаючы на міжнародных канфэрэнцыях.

У такой сытуацыі атрымліваецца, што адзін і той жа працадаўца аплачвае працу абодвух, але здабытчыкам «прызначае» мужа, разьмяркоўваючы дадаткі і прэміі. Да канца 2011 году сярэдні заробак беларускіх жанчын складаў 73,7% ад заробку мужчын. У 2010 годзе ён складаў 76,6%.

Сядзіць дома ці працуе дома?

Міт, варты ўвагі: часам хатнюю працу жанчыны, якая яшчэ і даглядае дзіця, не называюць працай. Кажуць, яна «сядзіць дома»:

Няхай ёсьць дзьвюхкар’ерная сям’я, жанчына нарадзіла, але ня можа кінуць працу. Раней у СССР дапамагалі бабулі. А цяпер у Менску яна наймае няньку, і нянькі вельмі запатрабаваныя.

«Тут пытаньне, што лічыць працай. Няхай ёсьць дзьвюхкар’ерная сям’я, жанчына нарадзіла, але ня можа кінуць працу. Раней у СССР дапамагалі бабулі. А цяпер у Менску яна наймае няньку, і нянькі вельмі запатрабаваныя. Атрымліваецца, што калі наймаеш некага — гэта праца, якая аплачваецца. А калі жанчына ўсё робіць сама — гэта не аплачваецца», — тлумачыць Ірына Саламаціна.

Як мужчыны і жанчыны па-рознаму хварэюць

Праблемы, зьвязаныя зь гендэрнымі стэрэатыпамі, тычацца і катастрофы з мужчынскім здароўем. Мужчынская сьмяротнасьць «маладзее», і часта мужчыны паміраюць пасьля 50 год ад сардэчна-судзінкавых захворваньняў.

Чаму? Жанчына назіраецца да родаў, пасьля родаў, і нават дэкрэтныя выплаты зьвязаныя з назіраньнямі ва ўрача. Мужчыны прыходзяць да лекараў нашмат радзей — яны мужныя, «вечныя» жалезныя здабытчыкі.

Да таго ж статус галоўнага здабытчыка зьвязаны зь вялікай адказнасьцю за дабрабыт усёй сям’і — і тут атрымліваецца, што страта ці непрыемнасьці з працай у жанчыны ў сярэднім нашмат менш стрэсавыя, чым у мужчын. А ва ўмовах нашай нестабільнай эканомікі гэта ня рэдкасьць.

«Я была на адной праграме, дзе бізнэсмэн распавёў, як моцна любіць сваю сям’ю — жонку і дзяцей, — распавядае Ірына. — Калі жонка захворвае — тут жа на таксі вязе яе да ўрача. Я запытала, ці робіць тое ж самае жонка, калі хварэе ён. Кажа: „Вы што, я не хварэю, у мяне часам тэмпэратура падымецца — адляжуся, пап’ю гарбаты, і на наступны дзень на працу“.

Я яму: „Дык вы ж несяце адказнасьць за сям’ю? Вам ня страшна, што вы самі падстаўляеце іх тым, што ігнаруеце магчымасьць праблемаў са сваім уласным здароўем?“ І ён: „Я неяк пра гэта ня думаў“.

Вось зваротны бок гендэрных стэрэатыпаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG