Беларусы яўна недакормліваюць свайго прэзыдэнта. Мацаць, глядзець, трымаць у руках — на людзях кіраўнік Беларусі робіць зь ежай усё, абы ня есьці.
Па кулінарных упадабаньнях дыктатара праходзіць тонкая мяжа паміж чалавекам і монстрам — сьцьвярджаюць Вікторыя Кларк, былая маскоўская шэфіня The Observer, і Меліса Скот, у сваёй «Абеды дыктатараў: Як пацешыць тырана самым безгустоўным чынам».
Аляксандра Лукашэнку аўтаркі сваёй увагай абмінулі. А самі ж пераконваюць, што ежа ўплывае на наш настрой, нутро і сьветапогляд. Вы залежыце ад таго, што ядуць вашы кіраўнікі, — намякаюць яны, прымушаючы задумацца, чым і як мы кормім свайго адзінаабранага.
Кім Ір Сэн патрабаваў, каб адмыслова для яго вырошчвалі рыс, а Антонію Салазар любіў сардыны, якія нагадвалі яму пра маленства ў галечы. Пераважная большасьць дыктатараў маюць простае сялянскае паходжаньне і наўрад ці здольныя палюбіць Кордан Блю, — пішуць дзяўчаты.
Не зьдзівілі.
Сам Аляксандр Лукашэнка ня раз казаў, што ежу любіць простую, а ў кулінарныя гуру абірае толькі правераных людзей. Так яшчэ маладым прэзыдэнтам Лукашэнка пераняў мэтад Фідэля Кастра і стаў кожны ранак піць грэйпфрутавы сок.
«Усё сваё», — так і цяпер сфармуляваны галоўны харчовы прынцып беларускага кіраўніка. Самая смачная для яго страва — малочны суп.
«Сала я зь дзяцінства ня еў, а калі цяпер ем сала, то зусім няшмат. Салаты толькі звычайныя. Вось, кажуць, трэба есьці марскую капусту... Я магу зьесьці іншым разам праз сілу, але мне агідна... Яшчэ сушаную садавіну, бо дактары рэкамэндуюць пры такіх фізычных нагрузках. А так усё сваё», — казаў Аляксандр Лукашэнка ў надзвычай шчырым інтэрвію газэце «Литовскій курьеръ».
Там жа кіраўнік кажа, што навучыў сваіх кухараў гатаваць дзеруны, якія таксама любіць. Што ён есьць шмат сьвежага хлеба, які пякуць адмыслова для яго, і абмяжоўвае сябе ў спажываньні бульбы і сырадою, бо гэтыя прадукты ўжо таксама шкодныя ў ягоным узросьце.
Кіраўнік Беларусі настолькі пасьлядоўны ў сваіх прынцыпах, што мае пры рэзыдэнцыі гарод. Гэтым летам уся краіна назірала, як з прэзыдэнцкіх палёў ён уласным і рукамі зьбірае ўраджай кавуноў і дыняў.
«Прыўкрасная халва» — бадай адзіная слабасьць Аляксандра Лукашэнкі.
«Я люблю халву, калі бачу, якая яна прыўкрасная, прашу купіць мне грамаў 300-400...» — кранальна прызнаецца Лукашэнка.
Такое мэню збольшага гарантуе кіраўніку краіны адсутнасьць значных праблемаў са здароўем і доўгія гады жыцьця.
А цяпер Аляксандр Лукашэнка ўжо і сам «амаль як Кастра» і вучыць беларусаў ня есьці на ноч бульбу зь мясам.
Але ўсё гэта мы ведаем са словаў самога Аляксандра Лукашэнкі.
А ці бачыў хто, каб ён еў?
Просты набор у гугле «Путин ест» (не, гэта ня тое, што вы падумалі) выдае некалькі дзясяткаў фотаздымкаў. Вось крамлёўскі правадыр перад талеркай зь мясам, п’е гарбату зь нейкай брытанскай герцагіняй, а зь Мядзьведзевым яны разам сьвяткуюць півам Першамай у рэстарацыі Кабзона. Хай інсайды кажуць, што толькі ў Крамлі ёсьць адмысловы чалавек, на якім правяраюць прэзыдэнцкую ежу на атруту. Крамлёўскі піяр не саромеецца ўсадзіць свайго лідэра за кожны расейскі стол.
«Obama eating» выдае ўжо безьліч фатаздымкаў, на якіх амэрыканскі прэзыдэнт са шчырым голадам угрызаецца ў гамбургер, пажырае на вуліцы нейкую мясцовую «шаўрму» і паўсюль выглядае як чалавек, якому есьці ў радасьць.
Беларускі прэзыдэнт ня есьць ні з кім і ніколі — такая выснова напрошваецца, калі пераглядзіш ці не дзясяткі афіцыйных здымкаў.
Вось 12 траўня 2011 Аляксандр Лукашэнка мацае яблыкі ў роднай Александрыі, вось паклаў руку на галоўку Верхнядзьвінскага сыру. А тут візыт у Радашковіцкую школу інтэрнат. На стале тыя ж дзеруны, пячэньне, а ў руках у Аляксандра Лукашэнкі пусты кубак.
Помніцца яшчэ застольле беларускіх алімпійскіх чэмпіёнак у гасьцях у Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы. Але на стале там традыцыйны «дзявочы» набор — цукеркі, торцік, садавіна, шампанскае, чырвонае віно. Мужчына камплекцыі беларускага кіраўніка наўрад ці нават паглядзеў бы на такое. Вывад напрошваецца няўмольна — не для яго гэты стол, не для яго...
Дзе ж беларусам правесьці тую кулінарную мяжу паміж чалавекам і монстрам — як вучаць аўтаркі кнігі пра дыктатарскія абеды?
Маладая-прыгожая, а галоўнае новая прэс-служба прэзыдэнта ўжо ўдала запусьціла працэс «ачалавечваньня», выступіўшы з тэмай «а ў прэзыдэнта каленка баліць». Зламысны Рассельгаснагляд, дэманстратыўна адмовіўшыся ад беларускіх прадуктаў, як бы намякае: трэба пераходзіць на новы ўзровень.
Бясконца карысныя для здароўя вараныя і вэнджаныя каўбасы Бярозаўскага мясакамбіната, ёгурты «Бабушкина крынка», біяжыцьцё якіх кожнае неперадузятае вока можа назіраць проста ў слоічку, натуральныя смалявіцкія бройлеры....
Вось гэта ўсё хтосьці мусіць пачаць есьці. І вельмі хутка.