Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск. Штрафы за фотасэсію

абноўлена

Журналіст Кастусь Мардзьвінцаў і каардынатарка аргкамітэту па стварэньні Партыі БХД Тацяны Севярынец
Журналіст Кастусь Мардзьвінцаў і каардынатарка аргкамітэту па стварэньні Партыі БХД Тацяны Севярынец

У Чыгуначным райсудзе Віцебска зноўку разьбіралі адміністрацыйныя справы, распачатыя супраць журналістаў і актывістаў — удзельнікаў фатасэсіі на фоне гарадзкога будынка з графіці. Невядомы мастак намаляваў на ім клеткі, зь якіх вылятае на волю птушка, зробленая з газэты. За фатаздымкі з папяровымі клеткамі і птушкамі ўжо 5 чалавек пакараныя штрафамі — нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні.

Судзьдзя Алена Цыганкова разьбірала адміністрацыйныя справы, распачатыя супраць журналіста Кастуся Мардзьвінцава і каардынатаркі аргкамітэту па стварэньні Партыі БХД Тацяны Севярынец.

Суд над спадаром Мардзьвінцавым судзьдзя хацела праводзіць у закрытым рэжыме: не пускала ў кабінэт нікога, апроч падсуднага і прадстаўніка міліцыі. Ахвотныя падтрымаць Кастуся былі вымушаны зьвярнуцца да старшыні суду, і толькі пасьля гэтага судзьдзя Алена Цыганкова пагадзілася ўпусьціць у кабінэт пяць чалавек — столькі вольных крэслаў было ў яе пакоі. Дадатковыя крэслы прынесьці яна не дазволіла, і зь дзясятак чалавек так і чакалі на калідоры.

Ніводнага хадайніцтва Кастуся Мардзьвінава судзьдзя не задаволіла:

«Былі парушаныя мае правы. Першае хадайніцтва было, каб працэс ішоў па-беларуску, але судзьдзя заявіла, што ў нас дзьве дзяржаўныя мовы і што працэс будзе па-расейску. Я заявіў адвод судзьдзі, але і ён ня быў задаволены. Потым я хадайнічаў, каб быў запрошаны перакладчык, раз ужо працэс нельга весьці па-беларуску. Судзьдзя абвясьціла перапынак, недзе хадзіла, а потым адмовіла: сказала, што я ў дастатковай ступені валодаю расейскай мовай, каб яе зразумець».

Зразумець судзьдзю было складана, адзначае Кастусь Мардзьвінцаў. Бо паўтарала няўцямнае пытаньне: «Ці бралі вы дазвол на групавое фатаграфаваньне ў раённай адміністрацыі?» Адказ, што фатаграфаваньне — гэта ня масавая акцыя, і дазвол не патрэбны, судзьдзю чамусьці аніяк не задавальняў. Маёр міліцыі Аляксандар Рыбакоў, прадстаўнік Чыгуначнага райаддзела міліцыі, які і складаў пратаколы на ўдзельнікаў фатасэсіі, увесь час паўтараў адны й тыя ж словы. Маўляў, усе ўдзельнікі сабраліся разам у адзін і той жа час і з аднолькавай мэтай — адпаведна, яны праводзілі «акцыю». І неістотна, што ў руках яны трымалі птушак—арыгамі, а не плякаты ды транспаранты.

Пытаньне Кастуся Мардзьвінцава, фатаздымкі зь якімі яшчэ прадметамі будуць расцэньвацца як пікетаваньне, засталося без адказу. Судзьдзя абвясьціла, што карае журналіста штрафам памерам 20 базавых велічынь, што складае 3 мільёны рублёў.

Штраф памерам 25 базавых велічынь, або 3 мільёны 750 тысячаў, тая ж судзьдзя Алена Цыганкова прысудзіла каардынатарцы аргкамітэту па стварэньні Партыі БХД Тацяне Севярынец. Спадарыня Тацяна гаворыць, што яе гэта не зьдзіўляе:

«Я была шараговай удзельніцай фатасэсіі, але „агрэбла па-поўнай“. Што рабіць — такі мой лёс! І прозьвішча ў мяне небясьпечнае, і ўвогуле я „рэцыдывістка“: у 2011 годзе мяне ўжо судзілі і штрафавалі за несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы. А ўся ж гэтая справа з фатаздымкамі выедзенага яйка не каштуе! І той маёр Рыбакоў, які ўсё гэта прыдумаў, як прыйдзе час, будзе за гэта ўсё адказваць!»

Тацяна Севярынец і Алена Шабуня на фоне графіці ў Віцебску
Тацяна Севярынец і Алена Шабуня на фоне графіці ў Віцебску

Уся «доказная база» супраць аштрафаваных — гэта фатаздымкі з інтэрнэт-сайтаў, дзе некалькі чалавек сфатаграфаваліся побач з зачыненым на рэстаўрацыю будынкам раённага Дома культуры. На сьцяне гэтага дома ёсьць вядомае ў горадзе графіці: тры клеткі, зь якіх вылятае на волю птушка, зробленая з газэты. Фатаздымкі «з птушкамі і клеткамі» былі разьмешчаныя ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук», потым зьявіліся на сайце ГА «БАЖ». 17 лістапада «падчас маніторынгу інтэрнэту», як напісана ў рапарце начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі абласной міліцэйскай управы Аляксандра Каліноўскага, на фатаздымкі зьвярнулі ўвагу міліцыянты. Яны вырашылі, што дзеяньні людзей на фота маюць «прыкметы правапарушэньня».

Па фатаздымках міліцыянты апазналі ўсяго 7 чалавек. На праваабаронцу Паўла Левінава пратакол пакуль ня складзены — ён заявіў, што будзе заключаць дамову з абаронцам, і таму ягоны візыт у міліцыю да маёра Рыбакова перанесены. Затое складзены пратакол на жыхара Віцебску Пятра Берлінава — шараговага мінака, які далучыўся да фатасэсіі. На яго віцебская міліцыя зладзіла сапраўднае паляваньне: спадара Берлінава затрымалі 28 лістапада проста на вуліцы, на яго склалі пратакол правапарушэньня і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня — каб ня зьнік да суду. 1 сьнежня яго зьбіраліся судзіць, але Пётар Берлінаў заявіў пра сваё права мець абаронцу, і суд перанесьлі на 3 сьнежня.

Першыя суды над удзельнікамі віцебскай фатасэсіі адбыліся 28 лістапада. Тры чалавекі былі аштрафаваныя: журналістам Алене Сьцяпанавай і Зьмітру Казакевічу прысуджаныя штрафы памерам па 20 базавых велічынь (па 3 мільёны рублёў), актывістцы аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Алене Шабуні суд прызначыў штраф у 18 базавых велічынь (2 мільёны 700 тысяч рублёў). Судзілі за фатасэсію судзьдзі Чыгуначнага райсуду Алена Цыганкова і Дзяніс Губанаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG