Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі раяць новаму мэру, як палепшыць сталіцу


Радыё Свабода запыталася ў актыўных менчукоў, што павінны зрабіць гарадзкія ўлады, каб палепшыць Менск.

Новы старшыня Менгарвыканкаму і былы міністар ЖКХ Андрэй Шорац чакае ад менчукоў прапановаў, як зрабіць сталіцу больш утульнай і камфортнай.

«Мы зробім усё магчымае, каб максымальна рэалізаваць аптымальныя прапановы», — паабяцаў ён у перадачы «Актуальнае інтэрвію» на тэлеканале «Беларусь 1».

Радыё Свабода запыталася ў актыўных менчукоў, што павінны зрабіць гарадзкія ўлады, каб палепшыць Менск.

Замяніць трубы

Індывідуальны прадпрымальнік Канстанцін Каламіец, які рэалізуе праект «Энэргаэфэктыўны дом», лічыць, што новы старшыня гарвыканаму з досьведам працы ў сыстэме ЖКГ у першую чаргу будзе адкрыты да ідэяў, зьвязаных са зьніжэньнем для гараджан кошту жыроўкі:

«Кошт камунальных паслугаў на 60–80 працэнтаў складаецца з кошту энэрганосьбітаў, якія мы імпартуем. Такім чынам мы аплочваем гарачае водазабесьпячэньне, ацяпленьне, электрычнасьць і газ. Для таго каб скараціць гэтыя выдаткі, неабходныя энэргазьберагальныя праекты. Для гэтага трэба знайсьці новыя тэхналёгіі. Самае простае, што трэба рабіць, — замена трубаў. Асабліва гэта тычыцца старых дамоў, дзе вялікая частка ацяпленьня працуе на абагрэў вуліцы. У нас жа спрабуюць вырашыць гэтую праблему праз падняцьце тарыфаў, што толькі раздражняе людзей».

Пабудаваць ліўневую каналізацыю і адкрыць музэі замест казіно

Дасьледчык архітэктуры Сяргей Харэўскі кажа, што задачы, якія стаяць перад старшынём Шорацам, не адрозьніваюцца ад задачаў ягоных папярэднікаў — у Менску так і не зьявіліся ні пешаходная вуліца, ні безбар’ернае асяродзьдзе, а Няміга па-ранейшаму штолета «плыве»:

«Увогуле, Менску не хапае харызмы. Усё зроблена для вельмі сярэдняга спажыўца. Мае падказкі старшыні Менгарвыканкаму былі б такія: вярнуць у цэнтар гораду музэі і галерэі замест казіно, гатэляў і дарагіх рэстарацыяў; пабудаваць у цэнтры дзіцячыя пляцоўкі і месцы адпачынку для пажылых людзей; стварыць безбар’ернае асяродзьдзе, каб у горадзе свабодна пачуваліся людзі з абмежаванымі магчымасьцямі; пабудаваць нарэшце ліўневую каналізацыю, каб вада са стрэхаў не лілася проста нам пад ногі, а Нямігу не залівала штогод; зрабіць пешаходныя вуліцы, якія ёсьць ужо нават у афрыканскіх гарадах. Яшчэ б хацелася, каб гарадзкія ўлады сьмялей усталёўвалі помнікі і мэмарыяльныя знакі.

Менск павінен вярнуцца ў рэчышча закону аб ахове спадчыны, аб ахове прыроды. Трэба, каб гарадзкія ўлады кансультаваліся з намі, жыхарамі, вырашаючы, ці прадаць каму гарадзкую зямлю, ці будаваць або зьнішчаць нейкія аб’екты, ці пілаваць дрэвы — гэта ўсё павінна адбывацца публічна».

Заварыць сьмецьцеправоды ў шматпавярховіках

Старшыня праўленьня жыльлёва-будаўнічага каапэратыву аднаго з дамоў у Фрунзенскім раёне Вольга Салошкіна дамаглася, каб у яе доме камунальнікі заварылі сьмецьцеправод. Жанчына лічыць, што гэтая практыка была б карыснай для ўсяго Менску:

«Трэба заварыць усе сьмецьцеправоды ў старым жылым фондзе і не праектаваць іх у новых дамах. За кошт плошчы, якую займаюць сьмецьцеправоды, будаваць большыя ліфты, а то мама з трыма дзецьмі, адно зь якіх у вазочку, за адзін раз ня можа спусьціцца ў ліфце. Прыбіраньне пад’ездаў і ліфтаў перавесьці ў абавязак жыхароў дому. За камунальнымі службамі варта пакінуць абавязак падтрымліваць парадак вакол дому. Таксама можна было б увесьці абавязковае відэаназіраньне — гэта б значна павысіла бясьпеку менскіх двароў».

Узяць у каманду маладых і аддаць старыя будынкі мастакам

Паводле Сяргея Сахарава, галоўнага рэдактара інтэрнэт-часопіса пра Менск CityDog.by, Менск мае патэнцыял, каб стаць пунктам гуртаваньня творчай інтэлігенцыі, мастакоў і дызайнэраў, якія ў Эўропе заваёўваюць старыя памяшканьні, ператвараючы іх у «крэатыўныя прасторы»:

«Цяпер папулярная ідэя крэатыўных прастораў, якія зьяўляюцца ў памяшканьнях старых прадпрыемстваў. Чаму б не здаваць у арэнду гэтыя занядбаныя памяшканьні не па бізнэс-тарыфах, а за сымбалічную плату, як гэта робіцца ў Эўропе, у выніку чаго ў гарадах ствараюцца мастацкія галерэі, творчыя прасторы? У нас ёсьць людзі, якія могуць ператварыць занядбаныя будынкі ў нешта, што будзе прыносіць ня толькі карысьць самім уладальнікам, але і выгаду гораду, ствараючы цікавыя пункты для турыстаў і саміх гараджанаў. Таксама трэба заахвочваць моладзевыя бізнэс-ініцыятывы, каб людзі не баяліся высокіх падаткаў, каб не баяліся ўкладаць свае грошы, не баяліся памыліцца, ствараючы сваю ўласную справу.

Яшчэ я б параіў Шорацу ўзяць у каманду новых крэатыўных людзей, якія ведаюць, што такое ўрбаністыка і сучасны горад.

Важным таксама лічу разьвіцьцё інстытуту таварыства ўласьнікаў, занядбанага ў нас з-за таго, што людзі баяцца браць на сябе адказнасьць. А гэта ёсьць самакіраваньне на лякальным узроўні. Праблема тут у тым, што не распрацаваная заканадаўчая база функцыянаваньня гэтых таварыстваў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG