Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вышымайка, вышыванка, вышыватнік — беларускія словы 2014 году


Беларускае слова году назвалі выкладчыкі грамадзкіх курсаў беларускай мовы.

Алена Церашкова
Алена Церашкова

Стваральнікі Оксфардзкага слоўніка чарговым разам абвясьцілі слова году. Сёлета ім стаў дзеяслоў «to vape», што значыць «курыць электронную цыгарэту». Тэлеканал «Дождж» назваў словам году ў Расеі «Крымнаш».

Ці зьяўляюцца ў Беларусі нэалягізмы і ці актуалізуюцца тэрміны, якія могуць прэтэндаваць на званьне «слова году», разважаюць мовазнаўцы, заснавальнікі і выкладчыкі курсаў беларускай мовы.

Выкладчыца курсаў беларускай мовы Алеся Літвіноўская ўжо ўдзельнічала ў спрэчках пра слова «вышыванка», якое яна лічыць беларускім словам году — 2014. На яе думку, нягледзячы на тое, што «вышыванка» ўкраінскага паходжаньня, гэтае слова настолькі моцна сёлета «выбухнула» ў Беларусі, што можна сьмела казаць пра яго як пра галоўны моўны здабытак. Адбылося гэта дзякуючы актуалізацыі даўно вядомага паняцьця.

«Паводле мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, слова году — 2014 — гэта «вышымайка», хоць яму як мовазнаўцу яно ня надта падабаецца — і спосабам утварэньня, і каранямі. У мову штогод прыходзіць не адно слова, а сотні, а словам году абіраюць толькі адно. Я спрачалася зь некаторымі адмыслоўцамі, ці можна лічыць слова „вышыванка“ словам году ў Беларусі. Я лічу, што можна, нягледзячы на тое, што гэтае слова ўкраінскага паходжаньня. Яно гучна выбухнула, прыжылося і вельмі актыўна выкарыстоўваецца. Можна толькі дзівіцца таму, колькі падзеяў адбываецца цяпер у сувязі з вышыванкамі і з традыцыяй народнага вышываньня. Разважаць пра тое, ці дарэчнае слова „вышыванка“, позна. Яно прыйшло і прыжылося за вельмі кароткі тэрмін, стала звышпапулярным і модным. Таму мы ня можам ад гэтага адмахнуцца», — кажа Алеся Літвіноўская.

«Мне б хацелася, каб у нас словамі году абазначаліся зьявы, якія сьведчаць пра наша вяртаньне да беларускасьці і пра наша самавызначэньне. Сёлета такім словам было „вышымайка“. Гэта зусім новае слова, узьніклае сёлета. Яно стала рэальным фактам беларускае мовы і абазначае канкрэтную рэч — імітацыю вышыўкі на простым і танным моладзевым адзеньні. Відавочна, слова і надалей будзе жыць», — адзначыў Вінцук Вячорка.

Вінцук Вячорка.
Вінцук Вячорка.

Як толькі слова замацоўваецца ў практыцы, ангельскія лексыкографы ўключаюць яго ў слоўнікі.

«Моду на вызначэньне „словаў году“ задалі англасаксонскія лексыкографы. Напрыклад, „to google“ — „шукаць пры дапамозе Google“, „hashtag“ — „пазнака тэмы“ — гэта ўсё „словы году“. Як толькі слова замацоўваецца ў практыцы, ангельскія лексыкографы ўключаюць яго ў слоўнікі. І тут ёсьць чаму павучыцца, бо афіцыйная беларуская лексыкаграфія знаходзіцца вельмі далёка ад рэальнай моўнай практыкі беларускамоўных людзей, і могуць прайсьці дзясяткі гадоў да таго, калі новыя сёньня словы трапяць у слоўнікі», — дадаў мовазнаўца.

Тое, што словатворчасьць беларусаў у гэтым годзе круцілася вакол слова «вышыўка», пацьвярджае выкладчыца курсаў «Мова нанова дзеткам» Алена Церашкова. Яна лічыць словам году слова «вышыватнік», якое абазначае чалавека з супярэчлівымі ідэалягічнымі поглядамі:

Мне вельмі падабаецца слова „вышыватнік“ — чалавек, якому не замінае любіць Беларусь тое, што ён ня цэніць дасягненьні дэмакратыі.

«Мне вельмі падабаецца слова „вышыватнік“ — чалавек, якому не замінае любіць Беларусь тое, што ён ня цэніць дасягненьні дэмакратыі. У прынцыпе, вялікую частку беларусаў можна аднесьці да „вышыватнікаў“, тых, у каго ў галаве няма адзінай плыні, а ёсьць супярэчнасьці, якіх гэтыя людзі самі не адчуваюць».

Мовазнаўца Зьміцер Саўка лічыць, што вельмі папулярным беларускім словам нядаўна стаў «імбрык» — выбітнасьць гэтага слова ў тым, што яно абазначае паняцьце бытавога характару, не зьвязанага з палітыкай.

Зьміцер Саўка
Зьміцер Саўка

«Я б не сказаў, што цяпер мы перажываем пік моўнай крэатыўнасьці, таму і складана назваць такое слова. Мой выбар — слова „імбрык“. Гэтае слова не такое ўсёахопнае, як „Крымнаш“, і не прэтэндуе на інвазію ў палітычную сфэру, але яно моцна актуалізавалася цягам апошніх гадоў, яно доўга чакала свайго часу і пачало актыўна выкарыстоўвацца не ў 90-я гады, а менавіта цяпер. Гледзячы на гэтую актуалізацыю, бачыш, што грамадзтва пачынае разумець, што губляе, забываючыся на беларускую мову».

А вось паводле заснавальніка курсаў беларускай мовы «Моваведа» Аляксея Шэіна, менавіта ў 2014 годзе новую актуальнасьць набыло слова «мова». На думку Аляксея Шэіна, упершыню да беларускай мовы была зьвернутая вялікая ўвага ня толькі з боку грамадзкасьці, але і з боку дзяржавы:

«Слова гэтага году — „мова“. Гэтаму ёсьць некалькі прычынаў. Па-першае, у гэтым годзе вельмі папулярнымі сталі курсы беларускай мовы, шмат было дыскусіяў вакол іх. Па-другое, самая пасьпяховая беларуская кніга гэта году — раман Віктара Марціновіча „Мова“, да якога выявілі цікавасьць і ўлады. Па-трэцяе, менавіта сёлета ўпершыню за час кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі абазначыўся дзяржаўны трэнд на тое, што беларуская мова — гэта важна і трэба яе пашыраць, у тым ліку праз павелічэньне колькасьці гадзін беларускай мовы ў школе. І па-чацьвёртае, сёлета былі агучаныя словы некаторых дзеячаў беларускай культуры пра тое, што яны беларускую мову ненавідзяць і што ім яе навязваюць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG