5 кастрычніка ў Беларусі ўпершыню пройдзе Дзень вышыванкі — фэстываль беларускай культуры, зладжаны беларускімі творцамі і ініцыятывамі ў межах кампаніі «Зробім лепш».
На сьвяце прэзэнтуюць сваю прадукцыю стваральнікі і распаўсюднікі беларускага нацыянальнага адзеньня, музыкі ды мастакі. Можна будзе набыць вышыванку ці яе сучасную стылізацыю, а таксама сувэніры зь беларускім калярытам.
Сярод іншага, на кірмашы будуць прадстаўленыя беларускія магніты і сшыткі ад ініцыятывы «Беларусам», дызайнарскія мятлікі ад Веранікі Машарскай, адзеньне ад «Берагіні», «Лічбавай вышыўкі», майкі ад «Sakolka.by», аксэсуары ад «V-ART-@», рэканструкцыі беларускіх дасьпехаў ад «Revival Crafts Studio», разнастайныя сувэніры і падарункі ад Алены Пянкрат, краваты ад «Etno Manufaktura», адзнакі з элемэнтамі беларускага аргамэнту ад Рамана Цыбульскага ды інш.
Ініцыятыва Symbal.by зьбіраецца паказаць свае новыя «вышымайкі» шэрага колеру, а таксама дзіцячыя саколкі з арнамэнтам.
Таксама чакаецца майстар кляса ад майстрыхі беларускіх вышыванак Насты Глушко, а таксама Натальлі Русіян — па вырабах з гліны. Аўтары гульні «Паўстанцы» распавядуць пра свой праект, а Валерыя Тумаш, Мар’яна Валуева, Іра Чэчэт пакажуць і навучаць, як рабіць тату хной ці фарбамі.
У музычнай частцы, якая пачнецца а 18-й, выступяць гурты Unia; Recha; «Бачу ўпершыню» і Сяргей Башлыкевіч (Leibonik).
Фэстываль будзе адбывацца 5 кастрычніка зь 15:00 да 22:00 ў Прасторы «ДК» (вул. Талбухіна, 4. 3 паверх). Уваход вольны.
Фэстываль пройдзе пры інфармацыйнай падтрымцы Радыё Свабода.