Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1863x.com — гэта праект аднаго чалавека


Прадстаўнік блогу 1863x.com пад нікам Jhon Silver распавёў Радыё Свабода, навошта яны прыйшлі ў беларускі інтэрнэт.

Ананімны рэсурс 1863x.com, які пазыцыянуе сябе як «беларускі палітычны панк-рок», за паўтара месяцы неаднойчы вырываўся на старонкі традыцыйнай прэсы. Стартавалі з выкрыцьця колішняга лідара «маўклівай рэвалюцыі» Вячаслава Дзіянава, які ў выніку правакацыі аўтараў сайту пагадзіўся на супрацу з прапуцінскімі паліттэхнолягамі. Нядаўна апэратыўна адрэагавалі на менскі канцэрт Івана Ахлабысьціна артыкулам пад назвай «Охлобыстиным здесь не место». Вядомасьці рэсурсу спрыяюць нясумныя тэксты, просталінейная пазыцыя і, галоўнае, ананімнасьць яго стваральнікаў.

Пра імпатэнцыю беларускай апазыцыі, Жалезнага чалавека і Статкевіча як адзінага кандыдата чытайце ў інтэрвію 1863x.com Радыё Свабода:

— Зь якой мэтай адкрываўся рэсурс і якімі сіламі робіцца? Звычайна пад выбары такія яскравыя праекты зьяўляюцца і хутка зьнікаюць. Як доўга вы плануеце праіснаваць?

— Праект робіцца сіламі аднаго чалавека, які спрабуе выкройваць час паміж працай і побытам. Іншым разам прысылаюць тэксты неабыякавыя людзі, якія мы з радасьцю публікуем. Мы плянуем існаваць доўга, пакуль ад нас будзе істотная карысьць. Калі карысьць вынішчыцца ці мы станем нікому не патрэбныя, праект найхучтэй закрыецца. Ці пяройдзе ў іншыя, больш таленавітыя рукі.

Наконт асобаў стваральнікаў — сакрэт. Важней, што мы пішам, а не хто. Ну натуральна, што калі будуць думаць, што мы чыйсьці праект (КДБ, ОАЦ, ЦСБ) — гэта нармальна і разумна.

— Што б вы не пісалі і не рабілі ў Беларусі, адна зь першых рэакцый будзе «чаму не па-беларуску», а калі па-беларуску, абавязкова нехта напіша, што «так па-беларуску ня кажуць». Чаму вы не па-беларуску?

— Мы ставім на першае месца эфэктыўнае прасоўваньне пэўных ідэяў у грамадзтве. Таму расейская мова абраная як самы зручны сродак. Плюс мы ідзем на крок наперадзе нашых ворагаў — хай прадстаўнікі «русского мира» паспрабуюць давесьці, што беларускія нацыяналісты супраць расейскай мовы. Мы зрываем шаблёны, бо грамадзкая думка ў Беларусі дзіка закасьцянелая і нерухомая.

— Які ваш прагноз на прэзыдэнцкую кампанію і выбары? Які сцэнар абярэ ўлада? Што па-вашаму трэба зрабіць палітычнай апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці, людзям?

— Прагнозы рабіць цяжка, бо кампанія будзе цалкам залежаць ад падзеяў ва Ўкраіне і Расеі. Калі ня дай Божа вайна — гэта адзін сцэнар. Калі абрынецца эканоміка Расеі, а за ёй наша — гэта другі сцэнар. І так далей. Але мяркуючы па цяперашніх падзеях, плянуецца самая сумная і бяздарная кампанія, у якой мы заклікаем ня ўдзельнічаць. Палітычнай «апазыцыі» трэба проста сумленна ўстаць і сказаць — «хлопцы, мы канчаткова вырадзіліся і сталі імпатэнтамі. Бярыце палітычныя працэсы ў свае рукі». Замест гэтага яны па-ранейшаму выяўляюць бурную актыўнасьць, калі хочуць за паўгады да выбараў «аб’яднацца». Няхай пачытаюць банальныя паліталягіныя і гістарычныя падручнікі і даведаюцца, што да выбараў рыхтуюцца за два гады мінімум.

Грамадзянскай супольнасьці трэба быць гнуткай і навучыцца хітраваць. Калі ўсё будзе ісьці па накатаннай сьцежцы, трэба цалкам ігнараваць выбарчую кампанію і скіраваць энэргію ў культурныя і сацыяльныя праекты. Так мы захаваем людзей, атрымаем добры арганізацыйны досьвед, праявім новых лідараў і пазьбегнем чарговых пасадак.

— Якога кандыдата вы падтрымалі б на выбарах і якую б кампанію яму арганізавалі?

— Наш кандыдат на выбарах Беларусі — Жалезны Чалавек (Тоні Старк). Ягоныя мільярды, тэхналёгіі і бронекасьцюм вырашаць усе праблемы. А калі бяз жартаў, у цяпершняй палітычнай сыстэме патрэбны не кандыдат у прэзыдэнты, а нацыянальны лідэр, як Гавэл, Валэнса і іншыя. Нам патрэбны чалавек, які каталізуе нацыянальнае і грамадзкае высьпяваньне. На дадзены момант найлепшая ідэя — аб’яднацца вакол Мікалая Статкевіча, які пакутуе за ўсіх нас.

— Вас абвінавачваюць у неаапрадаўнай ананімнасьці. Інсайду пакуль у вас не было, як у Шалтая-Балтая, а іншыя рэсурсы, зь якімі вас параўноўваюць, кшталту Спутник и Погром и Петр и Мазепа сваіх імёнаў не хаваюць. Чаму вы хаваецеся?

— Мы прапаноўваем тым, хто нас абвінавачвае ў ананімнасьці, ствараць свае праекты, як ім хочацца. Ананімнасьць дае больш свабоды і разьвівае фантазію ў чытачоў. А гэта частка арт-праекту, і ад яе пазбаўляцца ня будзем. Усім крытыкам прапануем адно выйсьце — рабіцеся нашымі мэдыйнымі канкурэнтамі і абыходзьце нас.

— Патлумчце, калі ласка, сваю ўвагу да Вячаслава Дзіянава. Ці ведаеце вы яго асабіста? Ці ня думаеце, што ваш артыкул зрабіў зь беларускага ўцекача і фэйсбучнага актывіста, патэнцыйнага правадыра «русского міра» ў Беларусі?

— Дзіянава мы асабіста ня ведаем. Проста хацелі яму паказаць, што бывае са здраднікамі. Ён узначальваў пратэсты ў 2011-м годзе, з-за якіх пацярпела мноства людзей. Ня будзе ён ніякім правадыром «русского мира» — мы проста выбілі яго за межы палітычнага поля. «Расчахлілі», як кажуць. Паглядзіце, як ён стаў пісаць у фэйсбуку — Ігар Гіркін прасьлязіўся бы разам са Сталіным. Праз 2-3 месяцы пра яго ніхто не згадае.

— Як вы выбіраеце, хто стане наступнай ахвярай?

— Мы не стваралі сайт для таго, каб вось наўпрост на некага паляваць. Узьнікла ідэя паказаць прадажнасьць палітыкаў — палітычны розыгрыш найбольш зручны. Калі трэба распавесьці пра небясьпеку рашысцкіх груповак — міні-ўкараненьне праз кантакт таксама зручна. Вось і ўсё.

— А што з хлопцамі, якіх вы правакавалі Вконтакте? Яны ведаюць пра тое, што сталі героямі вашых артыкулаў?

— З тым хлапцом, што ўдзельнічаў у казацкім атрадзе, мы дагэтуль камунікуем. Ён апынуўся вельмі прыемным маладым чалавекам, адкрытым да розных меркаваньняў. Можа, нават нашым аўтарам стане. А другі хлапец нічога ня ведае, напэўна, ня вельмі актыўна чытае навіны.

— Пра вас яўна больш пішуць і зьвяртаюць увагу на вашыя артыкулы, аўдыторыя сайта павялічыліся?

Калі шчыра, мы вось так проста не сядзім каля лічыльнікаў, але ў сярэднім паступова расьце. Скандальныя навіны прыводзяць шмат народу, але часта мы самае важнае пішам у тэкстах, якія мала чытаюцца.

— Вам пагражаюць?

— Пагрозаў пакуль не было. Ды мы і ня робім таго, што камусьці па-сапраўднаму шкодзіць. Мы можам быць карысныя і адначасова шкодныя любой частцы грамадзтва. А супрацоўніцтва прапаноўваюць — людзі дасылаюць свае тэксты ці проста паведамляюць пэўную інфармацыю.

— Вамі ўжо цікавіліся?

Органы намі пакуль не цікавіліся, але хтосьці ўвесь час робіць дэбільныя спробы зьвесьці нашую пошту.

— Вы крытыкуеце ўсіх: і апазыцыю, і ўладу, і беларускі «Русскій мір», але не прапаноўваеце нічога канкрэтнага ўзамен. Кожны з бакоў можа выкарыстаць вашыя артыкулы для сваёй выгоды. А каго вы насамрэч падтрымліваеце?

Мы крытыкуем усіх, каб зламаць звыклыя рамкі і шаблёны, трошкі расштурхаць народ, які засядзеўся. Вы будзеце сьмяяцца, але ў нас хапае матэрыялу пра будучыню Беларусі. Мы проста чакаем зручнага моманту, калі сфармуецца пастаянная аўдыторыя. Дый часу не хапае, каб сесьці і па 10 гадзінаў пісаць адзін артыкул. Але ўсё будзе.

Падтрымліваем мы ўсіх, хто падтрымлівае дабро, любоў, мір, сяброўства і жуйку. Што да ідэалёгіі — мы лібэральныя нацыянал-дэмакраты. Але ідэалёгіі ствараюць спакусу для закасьцяненьня. А ў 21-м стагодзьдзі розум трэба трымаць адкрытым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG