Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі фэрмэр вымушаны засяваць зямлю ў Расеі


Мікалай Вінянкоў
Мікалай Вінянкоў

Фэрмэр Мікалай Вінянкоў з паселішча Вазьнясенск Кармянскага раёну ня можа разгарнуцца на 97 гектарах беларускай зямлі. Спробы пашырыць арандаваныя землі не знаходзяць водгуку ў мясцовым райвыканкаме. Таму фэрмэр езьдзіць у Клінцоўскі раён Расеі і там засявае яравымі культурамі сотні гектараў.

Вазьнясенск — родная вёсачка Мікалая Вінянкова. Пакуль Мікалай атрымліваў зусім «гарадзкую» прафэсію інжынэра-электрыка, працаваў у горадзе і матаўся па сьвеце, вёсачка гібела. Хмызьняком пабраліся тутэйшыя абшары. З колішніх паўтары сотні жыхароў засталася нейкая пара састарэлых вяскоўцаў. Маладзейшыя сцураліся вёсачкі, якая зачапілася была за жыцьцё каля рэчкі Вілейкі на крутым пагорку, акаймаваным лесам.

Беларускі фэрмэр вымушаны засяваць зямлю ў Расеі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:31 0:00

Вінянкоў да родных каранёў вярнуўся, маючы паўвека за плячыма:

«Аб’езьдзіў я і замежжы, і сталіцы, але радзіма — гэта радзіма. Пацягнула.

Люблю палі, дзе жыта каласіцца,
Лясы твае і сьпевы салаўёў.
І часьцяком чамусьці сьняцца мне мясьціны,
Дзе я дзяцінства ўсё сваё правёў.

Калі я прыехаў сюды, тут скрозь былі зарасьнікі. Ніхто перад вёскай нічога ня сеяў, не араў. Дрэвы пасярод былога поля, кусты расьлі. Дажджавыя патокі павымывалі да рэчкі ладныя раўчукі. Цяпер тут усё ўзарана, засяваецца. Ураджай расьце. Так, як было ў дзяцінстве і як павінна быць».

Даглядчыкі жывёлы: беларус Пётар і армянін Врэж
Даглядчыкі жывёлы: беларус Пётар і армянін Врэж

У Вазьнясенску Вінянкоў заснаваў фэрмэрскую гаспадарку «Ліцьвінавы крыніцы». Пачынаў з бульбы. Разрабіў зарослую хмызьняком пашу. Выйшла агулам 97 гектараў. Завёў кароў, авечак, гусей. Набыў пародзістых коней. І сутыкнуўся з новай праблемай — нястачай кармоў.

Падаў заяўку ў райвыканкам на 24 гектары зямлі, якія прымыкаюць да фэрмэрскай гаспадаркі з процілеглага ад уезду боку. Яны разьмешчаныя так, што ўся калгасная тэхніка езьдзіць ня толькі паўзь землі фэрмэра, але й празь ягоны гаспадарчы двор. Угнаеньні ці хімікаты рассыплюць трактарысты, авечкі ці каровы натрапяць на іх — і прападаюць. Бывае, што й фэрмэрскія коні заскочаць у калгасныя пасевы.

Пастух Валер Сусьлянкоў
Пастух Валер Сусьлянкоў

КСУП «Лепяшынскі», якому належаць гэтыя 24 гектары, напачатку пагадзіўся быў перадаць тутэйшы лапік зямлі фэрмэрскай гаспадарцы. Усё-ткі ехаць да іх — кілямэтры чатыры.

Вінянкоў заплаціў нават праектнаму інстытуту 5 мільёнаў за працу па адводзе зямлі. Але нечакана саўгас чамусьці перадумаў. Як напісана ў адмове, «у сувязі з неабходнасьцю выкарыстаньня зямельнага ўчастку».

Вінянкоў: «Вось гэтыя няшчасныя 24 гектары раён ня можа даць фэрмэрскай гаспадарцы. Тут жа няма мяжы. Гэта трэба спэцыяльна на нейкія выдаткі ісьці, каб зыгзагам паставіць нейкі плот. Коні мае могуць туды пераходзіць — мы ўжо, атрымліваецца, топчам калгасныя пасевы. І вось гэты няшчасны кавалак, які я прашу, ня могуць нам аддаць».

Добраўпарадкаваная крыніца на ўчастку Вінянкова
Добраўпарадкаваная крыніца на ўчастку Вінянкова

У землеўпарадкавальнай службе Кармянскага райвыканкаму пацьвердзілі, што фэрмэр Вінянкоў сапраўды прасіў 24 гектары зямлі побач з Вазьнясенскам, якія мяжуюць зь ягонай гаспадаркай:

«Дваццаць чатыры гектары ўчастак, які прылягае да фэрмэрскай гаспадаркі, не ўзгадніў землекарыстальнік — КСУП імя Лепяшынскага».

Дырэктар фэрмэрскай гаспадаркі Ўладзімер Ігнаценка, які раней кіраваў найбуйнейшымі калгасамі ў раёне, лічыць, што для раёну пры жаданьні не складзе асаблівай цяжкасьці знайсьці, скажам, 200 гектараў зямлі для любой прыватнай гаспадаркі:

«Даць для фэрмэрскай гаспадаркі, калі яна ўжо завялася ў Кармянскім раёне, дзьвесьце гектараў, і асабліва, што мы просім, 24 гектары, — не праблема для раёну. Лічу, што і 200, і 300 гектараў можна знайсьці. Мы ўзаром, уробім — і будзе культурная зямля».

Вазьнясенск на мапе
Вазьнясенск на мапе

Пакуль жа фэрмэр Вінянкоў, каб неяк пракарміць жывёлу, плаціць за тэхніку па лізінгу, заробкі тым, хто ў яго працуе, мусіць зьвяртацца па дапамогу ў суседнюю Расею. Сёлета на паях з расейскім фэрмэрам у Клінцоўскім раёне Бранскай вобласьці ён засеяў аўсом і ячменем каля паўтысячы гектараў зямлі:

«Паколькі тут мне не даюць зямлю і магчымасьці разьвівацца, то даводзіцца шукаць варыянты. Я знайшоў варыянт у Расеі. Там зямлі даюць тысячу, паўтары тысячы гектараў. Бяры, узорвай, апрацоўвай. І вот там я ару, сею. Зьбіраем разам з тамтэйшым фэрмэрам ураджай. Ганяю за 120–130 кілямэтраў тэхніку, палю салярку, каб плаціць крэдыты, лізінгі, заробак. І трэба ж неяк і далей разьвівацца».

У плянах фэрмэра ня толькі чыста вытворчыя задумы. Хацелася б побач зь вёскай узнавіць для турыстаў гарадзішча жалезнага веку, якое тут называюць Гарадок, а таксама заснаваць для моладзі конна-спартыўную школу, на якую мясцовае начальства глядзіць даволі скептычна: маўляў, ледзь ня ў кожнага і так на падворку свой конь.

Андрэй Рыбак, кампаньён фэрмэра
Андрэй Рыбак, кампаньён фэрмэра

Вінянкоў: «Я сам, калі жыў у Гомелі, бегаў на конезавод, хацеў займацца конным спортам. Туды цяжка было трапіць. Думаю, у мяне не атрымалася, то я, можа, для іншых зраблю штосьці карыснае і патрэбнае. І я ведаю, што гэта цікава дзецям — па сабе ведаю. Спадзяюся, што атрымаецца хоць на наступны год. Ёсьць шыкоўныя сёдлы, збруя. Пакуль не хапае сілы і фінансаў, бо на гэтым лапіку зямлі не магу шмат чаго рэалізаваць».

Іншым разам да фэрмэра наагул прыходзяць думкі перанесьці свой асноўны зямельны занятак да суседзяў:

«Параўноўваю ўмовы працы беларускіх і расейскіх фэрмэраў — гэта неба і зямля. Там ёсьць велізарная магчымасьць працаваць. І ніхто не перашкаджае, ня ўказвае. Толькі працуй! Скажу адкрыта: думаю перабрацца ў Расею. Быў я ў Краснай Гары ва ўправе сельскай гаспадаркі. Там ёсьць такія паўразваленыя гаспадаркі, у якіх па 500–800 гектараў зямлі. Бо на маім лапіку зямлі нельга разьвівацца, штосьці будаваць. У мяне цяпер 70 кароў — на наступны год карміць ня будзе чым. Апрача таго, сто цялят — і будуць яшчэ. Ёсьць сотня бараноў, 10 коней. Гэта трэба будзе з Расеі вазіць авёс, сена, калі мне зямлі не дадуць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG