Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асмолаўку зьнішчаць. Расейская газавая кампанія забудуе цэнтар Менску дарагім жытлом


На месцы пасьляваенных двухпавярховікаў, якія сталі адметнасьцю беларускай сталіцы, зьявяцца элітныя дамы прэміюм-клясу. Інвэстарам выступіла расейская газавая кампанія. Але пакуль, як кажуць забудоўнікі, праект замарожаны.

Асмолаўка — унікальны мікрараён у самым цэнтры Менску, два малыя кварталы ў межах вуліц Камуністычнай, Куйбышава, Кісялёва і Максіма Багдановіча. Сваю назву бярэ ад прозьвішча распрацоўніка праекту — архітэктара Міхаіла Асмалоўскага. Гэта першы элітны раён у сталіцы, пабудаваны ў 1940-х — пачатку 1950-х гадоў палоннымі немцамі і італьянцамі. У час, калі ў горадзе востра адчуваўся дэфіцыт жыльля, тут у двухпавярховых дамах жылі высокія чыноўнікі, вайскоўцы, а ў мансардах былі майстэрні мастакоў.

Удзельнікі круглага стала «Рэканструкцыя раёну Асмолаўка: пошук кампраміснага рашэньня»
Удзельнікі круглага стала «Рэканструкцыя раёну Асмолаўка: пошук кампраміснага рашэньня»

Сёньня, як кажуць самі чыноўнікі, дамы ў заняпадзе, а таму ў цяперашнім выглядзе Асмолаўка існаваць ня будзе.

Абмеркаваць будучыню мікрараёну ў гістарычным цэнтры сталіцы 13 лістапада сабраліся ўдзельнікі круглага стала, які арганізавала Менская ўрбаністычная плятформа. У дыскусіі ўзялі ўдзел як прадстаўнікі гарадзкіх уладаў і архітэктары, гэтак і забудоўнікі, а таксама мясцовыя жыхары. Некаторыя зь іх пра тое, што зьявіцца на месцы іх дамоў, пачулі ўчора ўпершыню.

Кошт пытаньня

Тым часам праект новай Асмолаўкі, як распавялі спэцыялісты кампаніі ViVa Invest — забудоўніка гэтай тэрыторыі, прадугледжвае зьнішчэньне старых будынкаў. Месца пасьляваенных двухпавярховікаў зоймуць дамы прэміюм- і бізнэс-клясу. Прадстаўнік ViVa Invest Вадзім Тачкін распавёў, што інвэстарам стала адна з найбуйнейшых расейскіх газаздабыўных кампаніяў, аднак паведаміць яе назву адмовіўся. Інвэстыцыі складаюць ад 200 да 250 мільёнаў даляраў. Але пакуль што праект замарожаны, бо расейскія інвэстары вырашылі пераарыентаваць свае інтарэсы на іншыя тэрыторыі Менску.

Забудоўнікі з кампаніі ViVa Invest
Забудоўнікі з кампаніі ViVa Invest

«Расейская кампанія, аднак, ад праекту не адмовілася, хоць пакуль рэалізуе іншыя пляны. Каб вы зразумелі маштаб гэтай кампаніі: яе фінансавага патэнцыялу хопіць, каб асіліць і гэты праект. Тым больш што ёсьць ня толькі эканамічныя, але і палітычныя інтарэсы ў Беларусі», — распавёў Вадзім Тачкін.

Сваім посьпехам забудоўнікі лічаць ужо тое, што ўдалося захаваць за тэрыторыяй жылую функцыю. Сярод іншых плянаў забудовы Асмолаўкі быў праект чарговага бізнэс-парку. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, адным з інвэстараў быў Аляксандар Шакуцін, кіраўнік холдынгу «Амкадор» і сябра Савету Рэспублікі.

«Мы мірныя жыхары, але можам абвясьціць вайну»

Пляны перабудовы Асмолаўкі лунаюць у паветры ня першы год, але найбольш зацікаўленыя асобы — самі жыхары — нічога ня ведаюць пра лёс раёну, дзе яны жывуць ужо не адно дзесяцігодзьдзе.

Жыхары Асмолаўкі
Жыхары Асмолаўкі

Жыхар мікрараёну Асмолаўка Андрэй Эзерын распавядае, што яшчэ ў 1991 годзе ў газэце прачытаў інфармацыю, што Асмолаўку зьбіраюцца зносіць. Наступным разам пра знос мясцовым жыхарам паведамілі ў райвыканкаме ў 2006 годзе. Пасьля, як кажа Андрэй Эзерын, зноў цішыня:

«У нас у Асмолаўцы няма сьвятла ўвечары. Мая знаёмая пайшла ў ЖЭС, а ёй адказваюць: а нашто вам сьвятло? Вас жа зьнясуць! І гэта на ўсіх узроўнях. Нас фарбуюць толькі з аднаго боку, а аднойчы слуп упаў, дык праляжаў некалькі гадоў, пакуль яго не прыбралі пасьля артыкула ў газэце».

Слухачы ў залі
Слухачы ў залі

Мясцовыя жыхары кажуць, што стаміліся жыць у падвешаным стане. Усяго ў двух кварталах пражываюць каля 900 чалавек, або каля 360 сем’яў. Зьяжджаць ніхто зь іх ня хоча — жыхары кажуць, што тыя, хто хацеў, ужо даўно прадаў кватэру ў Асмолаўцы.

Ад інвэстараў жыхары чакаюць дыялёгу. Інакш — абяцаюць змагацца за свае кватэры:

«Мы будзем біцца за тое, каб застацца. Або каб хоць бы атрымаць раўназначны дом у раўназначным месцы. Мы мірныя жыхары... пакуль. Але калі нас ня будуць слухаць, будзе вайна, і будзе надоўга».

Дарагі квартал для багатых

Ад праекту інвэстары чакаюць вялікага прыбытку — і гэта не таямніца, кажуць забудоўнікі зь ViVa Invest. Новая Асмолаўка, калі праект удасца рэалізаваць, стане дарагім кварталам — то бок ня толькі кватэры будуць шмат каштаваць, але і жыць у жыльлі прэміюм- і бізнэс-клясу будзе нятанна. Таму, як кажуць забудоўнікі, нават калі мясцовыя жыхары і захочуць там застацца, то наўрад ці гэта будзе ім па кішэні.

Спэцыяліст зь ViVa Invest назваў асмолаўцам яшчэ адзін тэарэтычна магчымы варыянт: «Вы можаце стварыць арганізацыю, сабраць грошы на тое, каб гэты пасёлак самастойна рэканструяваць. Можаце заключыць дамовы з горадам на арэнду гэтага зямельнага ўчастку». У такім выпадку толькі за тое, што на гэтую зямлю ніхто больш ня прыйдзе, кожная сям’я мусіла б плаціць, як сказаў спэцыяліст, прыблізна 240 даляраў у месяц.

Архітэктар Георгі Заборскі
Архітэктар Георгі Заборскі

Паводле архітэктара Георгія Заборскага, горад патрабуе грошай, і яму ўсё роўна, з каго ён іх атрымае:

«Крытыкаваць трэба нават не забудоўнікаў, а найвышэйшае гарадзкое кіраўніцтва. Мы ўвесь горад распрадаём па кавалках забудоўнікам проста дзеля таго, каб фінансаваць горад. Зь іншага боку, гэта таксама можна патлумачыць тым, што ў нас бедны горад. Але ёсьць такія кавалкі зямлі, якія не вымяраюцца ў грошах і якія нельга прадаваць».

Ці адпавядае новая Асмолаўка генэральнаму пляну Менску?

Праект забудовы Асмолаўкі пакуль перададзены на ўзгадненьне гарадзкім уладам. Паводле галоўнага архітэктара КУП «Менскграда» Аляксандра Акеньцева, ёсьць генэральны плян Менску, які вызначае палітыку забудовы сталіцы:

«Паводле гэтага дакумэнту, у межах першага кальца Менску, у зоне пляніровачнага ядра, дзе сёньня знаходзіцца Асмолаўка, выключана будаўніцтва новых жылых аб’ектаў. Дазвол можа быць толькі пры ўмове, калі новыя жыльлёвыя аб’екты маюць ня менш за тры функцыі, адна зь якіх — быць носьбітам дасягненьняў нацыянальнай архітэктуры і будаўніцтва, то бок новае будаўніцтва павінна быць арыентавана на тое, каб у будучыні стаць прадметам гонару».

Прадстаўніца Менгарвыканкаму Іна Лаўрыновіч і галоўны архітэктар КУП "Менскграда" Аляксандар Акенцьеў
Прадстаўніца Менгарвыканкаму Іна Лаўрыновіч і галоўны архітэктар КУП "Менскграда" Аляксандар Акенцьеў

Пісьменьнік, аўтар кнігі «Наш старый добрый Вавилон. Прогулки по городу в минских историйках» Міхаіл Валодзін лічыць, што старая Асмолаўка выпала з гарадзкога пляну, аднак і новая забудова наўрад ці ў яго ўпішацца.

«Я ня супраць таго, каб зьнесьлі першую менскую электрастанцыю. І ня супраць таго, каб зьнесьлі Асмолаўку. Але я хачу, каб на іх месцы была архітэктура экстраклясу, якая будзе ўпісаная ў кантэкст гораду. Слова „далікатнае стаўленьне“ ў дачыненьні да шасьці- і васьміпавярховых забудоваў на месцы Асмолаўкі мне падаецца дзікасьцю».

Пісьменьнік Міхаіл Валодзін і жыхар Асмолаўкі Андрэй Эзерын
Пісьменьнік Міхаіл Валодзін і жыхар Асмолаўкі Андрэй Эзерын

Што рабіць з памяцьцю?

Статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці гарадзкія актывісты і сябры Добраахвотнаага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры прасілі надаць Асмолаўцы некалькі разоў. У кожны выпадку — адмова.

Паводле менскага філёзафа Вольгі Шпарагі, Асмолаўка — гэта ўнікальны комплекс архітэктуры, адно зь нешматлікіх месцаў у Менску, якое мае цэльнасьць і зьвязанае з гісторыяй:

«Калі мы зьнішчым увесь гэты комплекс і не пакінем ніякай памяці, што мы пакажам наступным пакаленьням? Гэтак у нас зьнішчаецца ўвесь горад. У Асмолаўцы ёсьць зялёная зона, якая можа быць працягам паркавай і турыстычнай зоны, злучанай з Опэрным тэатрам. Апроч таго, калі забудуем раён дарагім жыльлём, атрымаецца, што ў цэнтры будуць жыць толькі багатыя, а бедныя будуць на пэрыфэрыі».

Выкладчыца філязофіі Вольга Шпарага
Выкладчыца філязофіі Вольга Шпарага

Дзеля захаваньня Асмолаўкі актывісты зладзілі фотавыставу «Асмолаўка. Зачараваны квартал», прысьвечаную мікрараёну. Больш за 2,5 тысячы чалавек падпісалі ў інтэрнэце пэтыцыю ў Менгарвыканкам.

Паводле мясцовых жыхароў, у іхнім раёне — своеасаблівая атмасфэра, шмат старых дрэваў і зялёнай зоны, якую таксама нельга нішчыць. Асмолаўку варта захаваць хаця б дзеля таго, каб горад не ператварыўся ў муляж.

Спэцыялісты ViVa Invest кажуць, што працэс забудовы Асмолаўкі ўжо пайшоў. Але канкрэтныя прапановы гарадзкіх актывістаў, якія хочуць захаваць і рэканструяваць архітэктурную памятку пасьляваеннага пэрыяду, паабяцалі разглядзець.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG