Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што есьці, калі ў вас ломкія пазногці


Cындром ломкіх пазногцяў закранае каля 20 % насельніцтва. Жанчыны пакутуюць ад яго ў два разы часьцей, чым мужчыны.

Сындром ломкіх пазногцяў характарызуецца рознага роду адхіленьнямі, зьвязанымі з павышанай далікатнасьцю пазногцевай пласьціны. Пазногці становяцца сухімі, мяккімі, ломкімі і маюць прыкметы падоўжанага «гафрыраваньня» (навуковы тэрмін «аніхарэксіс») і/або расшчапленьня (аніхашызія).

Гэта можа быць вынікам шэрагу прычын, у тым ліку недастатковага харчаваньня. Уплыў могуць мець і іншыя фактары: праца ў вільготным асяродзьдзі, празьмерна часты манікюр, у прыватнасьці выдаленьне кутыкулы (тонкай скуркі вакол пазногця), рэгулярнае прымяненьне ляку, акрылавых геляў або вадкасьці. Празьмернае ці няправільнае выкарыстаньне манікюрных інструмэнтаў можа прывесьці да міжклеткавых пераломаў пазногцевых пласьцінаў. Рэгулярнае ўжываньне сродкаў для ўмацаваньня пазногцяў, як ні парадаксальна, таксама можа прывесьці да іх ломкасьці. Калі пазногцевая пласьціна занадта жорсткая, яна становіцца больш уразьлівай для пашкоджаньняў і распластаваньня.

Якая нармальная хуткасьць росту пазногцяў?

Нармальны рост пазногцяў адбываецца ў лінейным кірунку: на руках сярэдні тэмп складае 0,1 мм у дзень, або прыкладна 0,8 мм у тыдзень, ці 3 мм у месяц. Тэмп росту пазногцяў на нагах прыкладна на 60 % больш павольны, або 1 мм у месяц. У сярэднім пазногці рук цалкам адрастаюць цягам 4-6 месяцаў, а для пазногцяў ног патрабуецца ад 12 да 18 месяцаў. З узростам тэмп росту пазногцяў запавольваецца. Прычынай таму больш павольны мэтабалізм, зьніжэньне кровазабесьпячэньня і паніжаная фізычная актыўнасьць.

Якія элемэнты харчаваньня важныя для здароўя пазногцяў?

Пазногці ў асноўным складаюцца зь бялку пад назвай кератын. Збалянсаваная дыета з дастатковай колькасьцю бялковага харчаваньня, такім чынам, зьяўляецца перадумовай для здароўя пазногцяў.

Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню кальцый складае толькі 0,2 % ад вагі пазногцевай пласьціны і не спрыяе цьвёрдасьці пазногцяў.

Дэфіцыт жалеза можа прывесьці да ломкасьці пазногцяў, падоўжнага «гафрыраваньня» і аніхалізісу (адслаеньня пазногця ад ложа). Бледнасьць пазногцевага лёжа таксама можа быць прыкметай жалезадэфіцытнай анэміі. Тым ня менш, як дыетоляг, я не рэкамэндую прэпараты жалеза, калі аналізы крыві ня сьведчаць пра яго дэфіцыт.

Біятын часта называюць вітамінам валасоў і пазногцяў. Клінічныя дасьледаваньні дэманструюць эфэктыўнасьць біятыну ў тэрапіі сындрому ломкіх пазногцяў. Ён паляпшае таўшчыню пазногця і памяншае слаістае расшчапленьне. Аднак для таго, каб заўважыць вынікі, варта прымаць яго на працягу ня менш як два месяцы. Агульная ж рэкамэндацыя — выкарыстоўваць яго на працягу шасьці месяцаў ( доза 2,5 мг на суткі).

Навукова даказаная важная роля мінэралаў сэлену і цынку ў падтрыманьні нармальных пазногцяў.

Дэфіцыт цынку зьвязаны з ломкасьцю пазногцяў, падоўжнага «гафрыраваньня» і гарызантальных паглыбленьняў у пазногцевай пласьціне, паралельных лунцы. Самай багатай (але далёка ня самай таннай) крыніцай цынку зьяўляюцца вустрыцы: адна сырая вустрыца ўтрымлівае да 8 мг цынку (больш за палову сутачнай нормы). Іншыя каштоўныя крыніцы гэтага мінэралу: малюскі, семкі сланечніка, ёгурт.

Дэфіцыт мікраэлемэнту сэлену таксама можа выклікаць ломкасьць пазногцяў. Бразыльскія арэхі зьяўляюцца самай багатай крыніцай сэлену на Зямлі. Усяго толькі 2 арэхі пакрываюць штодзённую патрэбу ў гэтым мінэрале.

Практычныя рэкамэндацыі:

• Праверце ўзровень гемаглябіну ў крыві. Узровень ніжэй за норму сьведчыць пра недахоп жалеза ў арганізьме;

• Сачыце, каб у вашым рацыёне было дастаткова паўнавартаснага бялку: мяса, рыбы, малочных прадуктаў;

• Кожны дзень зьядайце пару бразыльскіх арэхаў;

• Нарэшце прымайце як мінімум 2 месяцы:

1. Сэлен: 100 мг/дзень (у выпадку, калі бразыльскія арэхі вам недаступныя);

2. Цынк: 30-45 мг/дзень;

3. Біятын: 2,5 мг/дзень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG