Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за ўзнаўленьнем баявых дзеяньняў ва Ўкраіне


Ва ўсходняй Украіне зноў пачынаюцца актыўныя баявыя дзеяньні. Ці азначае гэта, што мірнае ўрэгуляваньне канфлікту зайшло ў тупік, і канфлікт уступіў у новую, больш небясьпечную фазу?

Баявыя дзеяньні асабліва інтэнсіўна ўспыхнулі вакол Данецку, ставячы пад сумнеў пагадненьне аб спыненьні агню, дасягнутае ў Менску 5 верасьня.

Журналісты і назіральнікі ад АБСЭ 7 лістапада паведамілі, што бачылі канвоі зь дзесяткаў вайсковых машынаў, у тым ліку танкаў і бронетранспарцёраў, якія ўвайшлі з боку Расеі на тэрыторыю, кантраляваную сэпаратыстамі.

Масква адмаўляе ўдзел Расеі ў баявых дзеяньнях і заклікае ўсе бакі выконваць менскае пагадненьне. Сэпаратысты сьцьвярджаюць, што канвоі зьяўляюцца ўсяго падмацаваньнямі, якія перамяшчаюцца ў бок Данецку зь іншых частак сэпаратысцкага рэгіёну.

Пракрамлёўскі аналітык Сяргей Маркаў, аднак, сказаў у інтэрвію сайту The Daily Beast, што Масква аказвае «шматузроўневую падтрымку» сэпаратысцкаму руху.

Што зьяўляецца прычынай аднаўленьня ваенных дзеяньняў ва ўсходняй Украіне?

Рэакцыя на «выбары»

2 лістапада сэпаратысцкія ўлады ва ўсходняй Украіне правялі сумнеўныя выбары, якія ў вачах Кіеву, АБСЭ, ЭЗ і ЗША былі нелегітымныя і парушылі менскае пагадненьне. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што галасаваньне падарвала менскі мірны працэс.

У адказ Парашэнка адправіў дадатковыя войскі ў рэгіён і папрасіў парлямэнт адмяніць закон аб аўтаноміі сэпаратысцкіх рэгіёнаў, які быў прыняты ў рамках менскага працэсу.

«Я думаю, што нядаўняя перадача расейскай тэхнікі сэпаратыстам перш за ўсё мае абарончы характар на дадзеным этапе. Расея і кіраўніцтва Данбасу трактуюць галасы, якія даносяцца з Кіеву пасьля выбараў на Ўсходзе, і адмену пагадненьня аб аўтаноміі, як падрыхтоўку да аднаўленьня ўкраінскага наступу», — сказаў Радыё Свабода Том Фрыр з Эўрапейскай сеткі лідэраў, дасьледчай арганізацыі зь Лёндану.

Тактычныя меркаваньні

Прыток тэхнікі для сэпаратыстаў можа таксама сыгналізаваць пра жаданьне Расеі ўмацаваць іхныя пазыцыі, каб дапамагчы перажыць зіму.

Сэпаратысты могуць імкнуцца атрымаць кантроль над канкрэтнымі аб’ектамі, такімі як электрастанцыя на поўнач ад Луганска і Данецкі аэрапорт, лічыць Фрыр.

Расейскі аналітык Маркаў сказаў у інтэрвію The Daily Beast, што сэпаратысты спрабуюць узяць кантроль над «Пяскамі, Аўдзееўкай і Шчасьцем, горадам зь цеплацэнтральлю». Акрамя таго, ён выказаў здагадку, што сэпаратысты, магчыма, захочуць вярнуць сабе Славянск і Краматорск, якія зьяўляюцца «сымбалічна і стратэгічна важнымі гарадамі для іх».

Будаўніцтва сухапутнага моста

Больш драматычны сцэнар разьвіцьця падзей гаворыць аб намеры Масквы пабольшыць тэрыторыю сэпаратысцкага рэгіёну і стварыць на ёй сухапутны мост з Расеі да Крыму, які Масква анэксавала ў сакавіку. Такі сухапутны мост нашмат спрасьціў бы для Масквы пастаўкі ў Крым.

Украінскі аналітык Іван Лазавы сказаў Радыё Свабода, што стварэньне гэтага сухапутнага моста зьяўляецца для Пуціна «незавершанай справай ва ўсходняй Украіне» і «прыярытэтам».

Такі мост, аднак, павінен уключаць горад Марыюпаль, захоп якога зьяўляецца вельмі цяжкім заданьнем для сэпаратыстаў. Мясцовыя жыхары, паводле Лазавога, рашуча выступаюць супраць сэпаратыстаў і нават дапамагаюць уладам будаваць абарончыя аб’екты.

А як наконт Харкава?

Так званы «праект Наваросія» забуксаваў у апошнія месяцы і мог бы быць ажыўлены, калі б сэпаратыстам удалося атрымаць кантроль над Харкавам, другім па велічыні горадам Украіны.

Лазавы адзначае, што горад мае «сымбалічнае значэньне», а таксама зьяўляецца буйным прамысловым цэнтрам.

У сьнежні 1917 году Харкаў стаў першым украінскім горадам, які прызнаў бальшавіцкі пераварот у Расеі; Харкаў быў сталіцай Украіны да 1935 году.

На думку Лазавога, дасягненьне гэтых дзьвюх мэтаў — стварэньня сухапутнага моста ў Крым і ўключэньня Харкаву ў сэпаратысцкую тэрыторыю — «наблізіла б Пуціна і Крэмль да іх першапачатковай мэты пабудаваць — ці, лепш сказаць, выразаць з украінскай тэрыторыі Наваросію».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG