Пра гэта паведаміў уладальнік каналу, кампанія Turner International, перадае BBC. Вяшчаньне ў расейскіх кабельных сетках спыніцца 31 сьнежня 2014 году.
Апавяшчэньне пра спыненьне вяшчаньня кампанія накіравала расейскім кабельным апэратарам. «Turner International разглядае альтэрнатыўныя магчымасьці распаўсюджваньня CNN у Расеі ў святле апошніх зьменаў у расейскім заканадаўстве, — гаворыцца ў заяве кампаніі. — Тым часам мы завяршаем нашы цяперашнія адносіны ў галіне дыстрыбуцыі».
Паводле заявы кампаніі, на дзейнасьці маскоўскага бюро CNN гэты крок не адаб’ецца.
Прадстаўнікі Turner International выказалі надзею, што з часам тэлеканалу ўдасца вярнуцца на расейскі рынак.
Апошнім часам расейскія ўлады ўсё часцей выказваюць незадаволенасьць працай незалежных СМІ, галоўным чынам міжнародных, асабліва ў сувязі з асьвятленьнем падзей ва Ўкраіне.
Расейскае ведамства па наглядзе ў галіне СМІ ўжо заявіла, што ня мае дачыненьня да спыненьня вяшчаньня CNN.
У кастрычніку прэзідэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падпісаў закон, які забараняе з пачатку наступнага году трансьляцыю рэклямы на платных кабэльных тэлеканалах. На думку назіральнікаў, рашэньне CNN магло быць зьвязана менавіта з гэтым законам.
Пасля таго як навіна аб спыненьні вяшчаньня CNN зьявілася ў прэсе, былы пасол ЗША ў Маскве Майкл Макфол напісаў у Твітэры: «Я памятаю той дзень, калі вы ўпершыню змаглі ўбачыць CNN у СССР Цяпер жа час рушыў у адваротны бок. Гэта дзіўна і сумна. Няўжо хтосьці сапраўды можа ўзнавіць СССР у XXI стагодзьдзі?»