Гэта адбылося ў сувязі з інфармацыяй аб прывядзеньні ў выкананьне прысуду да вышэйшай меры пакараньня ў дачыненьні да 26-гадовага Аляксандра Грунова.
Ягланд падкрэсьлівае, што глыбока занепакоены інфармацыяй пра трэцяе ў гэтым годзе сьмяротнае пакараньне ў Беларусі.
«Сьмяротнае пакараньне — гэта не правасудзьдзе. Яно супярэчыць усім эўрапейскім каштоўнасьцям, — адзначыў Ягланд. — Я заклікаю ўлады Беларусі неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне і замяніць (на пажыцьцёвае зьняволеньне. — РС) ужо вынесеныя сьмяротныя прысуды», — цытуе Ягланда БелаПАН.
Пра тое, што прысуд у дачыненьні да Аляксандра Грунова, асуджанага да сьмяротнага пакараньня за забойства ў 2012 годзе гомельскай студэнткі Натальлі Емяльянчыкавай, прыведзены ў выкананьне, паведамілі напярэдадні беларускія праваабаронцы. Між тым афіцыйнага пацьверджаньня, што прысуд прыведзены ў выкананьне, пакуль няма.
Сёлета ў Беларусі ўжо былі выкананыя два сьмяротныя прысуды: у дачыненьні да 23-гадовага Паўла Селюна і 45-гадовага Рыгора Юзапчука. 54-гадовы Эдуард Лыкаў, паводле інфармацыі праваабаронцаў, чакае выкананьня прысуду.