Гарадзенскі абласны суд не задаволіў пазоў актывістаў Лідзкага раёну да абласнога Ўпраўленьня юстыцыі і вынес рашэньне, што ім было законна адмоўлена ў рэгістрацыі культурна-асьветніцкага аб’яднаньня «Спадчына».
Жыхары гораду Бярозаўкі Лідзкага раёну Сяргей Трафімчык, Вітольд Ашурка і Яўген Лабко падалі ў абласное Ўпраўленьне юстыцыі ўсе неабходныя дакумэнты для рэгістрацыі раённага культурна-асьветніцкага аб’яднаньня «Спадчына» ўлетку 2014 году.
Адмовілі ім на дзьвюх падставах. Па-першае, пошліна за рэгістрацыю была пералічаная на рахунак інспэкцыі Міністэрства падаткаў і збораў у Менск, а ня ў Горадню.
Другая падстава ў тым, што ўласьнік памяшканьня, які напісаў гарантыйны ліст для рэгістрацыі будучай арганізацыі, раптам зьмяніў сваё рашэньне і напісаў іншы ліст, у якім гаворыцца, што ён ня мае магчымасьці даць памяшканьне для офіса.
На судовым працэсе Сяргей Трафімчык тлумачыў, што пошліну сплаціў на той рахунак, які пазначаны на сайце Міністэрства юстыцыі. Юрыст і праваабаронца Юры Чавусаў, які выступаў у якасьці грамадзкага абаронцы, падрабязна, прытрымліваючыся пунктаў закону, патлумачыў суду, што ў дадзеным выпадку Трафімчык не зрабіў памылкі.
Ён таксама зазначыў, што гэта ня можа быць прычынай адмовы ў рэгістрацыі аб’яднаньня, бо плата за рэгістрацыю пералічаная згодна з заканадаўствам у рэспубліканскі бюджэт.
Чавусаў: «Сьцьвярджэньне прадстаўніка Ўпраўленьня юстыцыі ў гэтым пытаньні вельмі сумнеўнае. І паказальна, што прадстаўнік Упраўленьня юстыцыі ня мог спаслацца на нейкі нарматыўна-прававы акт і ў судзе фактычна прамым тэкстам сказаў, што ў іх няма спасылкі на канкрэтны нарматыўны акт. Ён апэляваў да свайго разуменьня заканадаўства».
Што да гарантыйнага ліста, то яго, паводле Трафімчыка, напісаў дырэктар дзіцяча-юнацкай спартовай школы Бярозаўкі. Прычым Трафімчык сьцьвярджаў, што памяшканьне, пра якое гаворка, ён адшукаў на сайце Лідзкага райвыканкаму, яно было там у сьпісе для здачы ў арэнду і дагэтуль, паводле ягоных слоў, застаецца ў гэтым сьпісе.
Трафімчык не пагадзіўся з прадстаўніком Упраўленьня юстыцыі ў тым, што другі ліст адмяняе гарантыі, якія даваліся ў першым лісьце на разьмяшчэньне юрыдычнага адрасу, бо ў другім лісьце гаворка вядзецца толькі пра тое, што дзіцяча-юнацкая спартовая школа ня можа яму даць памяшканьне пад арэнду офіса. Офіс, паводле Трафімчыка, ён мог арандаваць і ў іншым месцы.
Трафімчык: «У дадзеным выпадку памяшканьне здавалася і надалей здаецца ў арэнду, аб’яўка афіцыйна разьмешчаная на сайце райвыканкаму. І калі я зьвярнуўся, то мне без праблемы напісалі гарантыйны ліст, бо ім трэба яго ўсё роўна здаваць, каб зарабляць на гэтым грошы. Думаю, што адназначна туды патэлефанавалі — і чалавек хуценька напісаў адмову, сам мяне знайшоў і прывёз і пэрсанальна ўручыў».
Суд, аднак, не прыняў да ведама аргумэнты пазоўніка і вынес рашэньне, што культурна-асьветніцкаму аб’яднаньню «Спадчына» адмоўлена ў рэгістрацыі законна. Праваабаронца Чавусаў зазначыў, што апошнім часам ім даводзіцца даволі часта сустракацца з сытуацыяй, калі заяўнікам адмаўляюцца даваць гарантыйны ліст, што потым робіцца падставай для адмены рэгістрацыі, і такія выпадкі вельмі распаўсюджаныя.
Чавусаў: «У дадзенай сытуацыі відавочна, што на арандадаўцу націснулі. Тое, што памяшканьне дагэтуль падаецца ў аб’явах на сайце райвыканкаму аб арэндзе, сьведчыць пра тое, што тут быў палітычны ціск. І, адпаведна, усё рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі юрыдычна не абгрунтаванае. Яно абгрунтаванае з палітычнага пункту гледжаньня».
Сяргей Трафімчык паведаміў Свабодзе, што разам зь іншымі заснавальнікамі аб’яднаньня мае намер падаваць скаргу ў Вярхоўны суд. Ён таксама распавёў, дзеля чаго ў невялікай Бярозаўцы разам зь сябрамі вырашыў зарэгістраваць культурна-асьветніцкае аб’яднаньне «Спадчына».
Трафімчык: «У нас ёсьць шырокае поле для працы, існуе шмат ідэяў. Гэта і тыя самыя літаратурныя сустрэчы, музычныя сустрэчы, правядзеньне самых розных культурніцкіх і гістарычных конкурсаў. І гэта, канечне, у асноўным праца для моладзі, каб яны хіліліся да беларушчыны. Таму што тое, што мы цяпер назіраем, — гэта рэальнае засільле чужой культуры».