Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БТ: Яўген Новікаў застаецца штатным супрацоўнікам Белтэлерадыёкампаніі


Закрыцьцё праграмы Яўгена Новікава «Правы чалавека: погляд у сьвет» ніяк не зьвязанае зь ягоным стаўленьнем да падзеяў ва Ўкраіне, а сам Новікаў застаецца супрацоўнікам Белтэлерадыёкампаніі.

Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода заявіла кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Сьвятлана Смалонская-Краскоўская.

«Тая інфармацыя, якую сёньня пасьпяшаліся распаўсюдзіць некаторыя СМІ пра тое, што „Новікава выгналі з БТ“, яна, мякка кажучы, абсурдная і не адпавядае рэчаіснасьці. На сёньня Яўген Новікаў працягвае заставацца супрацоўнікам Белтэлерадыёкампаніі і працуе ў штаце нашага мэдыяхолдынгу.

Праграма „Правы чалавека: погляд у сьвет“ не выходзіць у эфір на тэлеканале „Беларусь-24“, і гэта абсалютна нармальная практыка, таму што любы тэлевізійны праект раней ці пазьней закрываецца і спыняе сваё існаваньне, калі гаворка не ідзе пра інфармацыйную праграму. А ў дадзеным выпадку мы кажам аб праграме, якая выходзіла на беларускім тэлебачаньні больш за 10 гадоў — для тэлевізійнага праекту гэта дастаткова вялікі тэрмін.

Яўгену Новікаву, у сваю чаргу, прапанавана распрацаваць і прадставіць новую канцэпцыю арыгінальнай праграмы любога фармату і жанру.

Што тычыцца тэлеканалу „Беларусь-24“, то на сёньня наш міжнародны тэлеканал працягвае сваё вяшчаньне ва Ўкраіне, сыгнал даступны праз спадарожнікавыя антэны, апавяшчэньня ад кабэльных апэратараў аб разрыве адносінаў у Белтэлерадыёкампанію не паступала», — адзначыла яна.

На просьбу пракамэнтаваць заяву Новікава, што закрыцьцё праграмы зьвязанае зь ягонай «прынцыповай пазыцыяй» наконт падзеяў ва Ўкраіне, Смалонская-Краскоўская адзначыла, што «гэта аўтарская пазыцыя Яўгена Новікава».

Яўген Новікаў
Яўген Новікаў

Вядомы прапагандыст Яўген Новікаў, вядоўца праграмы «Правы чалавека: погляд у сьвет», заявіў, што праграму забаранілі. Паводле Новікава, прычынай стала ягоная пазыцыя па ўкраінскіх падзеях.

Цяпер праграма выходзіць на расейскім радыкальным нацыяналістычным рэсурсе «Крамола».

15 кастрычніка Нацыянальная рада Ўкраіны па пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня прызнала тэлеканал «Беларусь-24» неадпаведным патрабаваньням Эўрапейскай канвэнцыі аб транспамежным тэлебачаньні, а таксама заканадаўству Ўкраіны, і зьвярнулася ў суд з пазовам аб забароне вяшчаньня на сваёй тэрыторыі.

Падставаю для гэтага рашэньня сталіся скаргі тэлегледачоў, а таксама выбарковы маніторынг, які правялі ўкраінскія чыноўнікі, адказныя за мэдыйную палітыку.

Гэтак, у праграме «Правы чалавека. Погляд у сьвет» на тэлеканале «Беларусь-24» гледачы выявілі антыўкраінскую прапаганду і скажэньне інфармацыі пра падзеі ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG