Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народны рэфэрэндум»: шлях да пераменаў ці імітацыя дзейнасьці?


Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Адміністратыўны перасьлед валянтэра кампаніі «Народны рэфэрэндум» Уладзіслава Кошалева быў выкліканы неаднаразовымі заявамі Лідзіі Ярмошынай пра незаконнасьць збору подпісаў у падтрымку рэфэрэндуму, што чыноўнікі на месцах успрынялі як заклік да дзеяньняў.

Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

«Я думаю, што менавіта паслухаўшы выступ спадарыні Ярмошынай, некаторыя асабліва пільныя прадстаўнікі ідэалягічнай вэртыкалі вырашылі, што гэта для іх каманда, каб спыняць зборшчыкаў, што якраз і адбываецца. Пакуль нельга сказаць, што міліцыя ці нейкія іншыя сілавыя органы супрацьдзейнічалі збору подпісаў, а хутчэй можна казаць пра ініцыятыву на месцах асабліва пільных супрацоўнікаў ідэалягічнай вэртыкалі. Я думаю, што ў будучыні ўлады якраз будуць працягваць тую палітыку, каб не заўважаць гэтай кампаніі, але ў тым выпадку, калі ініцыятыва будзе набіраць абароты, магчыма, тады пачнуцца нейкія больш сур’ёзныя супрацьдзеяньні», — кажа Янукевіч.

Што тычыцца саміх заяў Ярмошынай, то, паводле лідэра Партыі БНФ, яна ня мае рацыі.

«Мы неаднаразова зьвярталі ўвагу грамадзкасьці, што подпісы зьбіраюцца ня ў межах закону аб рэфэрэндуме, подпісы зьбіраюцца ў межах закону пра звароты грамадзянаў. Грамадзяне маюць права зьбіраць подпісы, дзеля таго каб зьвярнуцца ў Палату прадстаўнікоў ці іншыя дзяржаўныя органы. І менавіта ў межах гэтага закону мы і перадалі першыя 50 тысяч подпісаў у Палату прадстаўнікоў. Чым болей такіх подпісаў будзе, чым болей будзе такіх зваротаў грамадзян, тым складаней будзе ўладам праігнараваць ініцыятыву аб правядзеньні „Народнага рэфэрэндуму“», — лічыць старшыня Партыі БНФ.

Янукевіч адзначыў, што кіраўнікі «Народнага рэфэрэндуму» разьлічваюць сабраць сотні тысяч подпісаў, што дасьць магчымасьць ажыцьцяўляць ціск на дзяржаўныя ўстановы, каб тыя пачулі людзей. Паводле палітыка, посьпехам «Народнага рэфэрэндуму» будзе лічыцца правядзеньне «сыстэмных зьменаў» у Беларусі.

Тэму «Народнага рэфэрэндуму» апазыцыя плянуе выкарыстоўваць і падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году, хоць гэтую ініцыятыву і лічыць «больш пэрспэктыўнай і стратэгічнай».

«Натуральна, прэзыдэнцкія выбары — гэта значная падзея, і мы намераныя дастаткова шырока выкарыстоўваць тыя магчымасьці, якія будуць, дзеля таго каб прасоўваць ідэю „Народнага рэфэрэндуму“. У тым выпадку, калі будзе ў выніку дасягнута дамоўленасьць пра адзінага кандыдата, мы, безумоўна, будзем прапаноўваць, каб асновай ягонай праграмы сталіся якраз пытаньні «Народнага рэфэрэндуму», — кажа Янукевіч.

Трэба адзначыць, што, паводле дадзеных НІСЭПД, ідэю правядзеньня рэфэрэндуму падтрымліваюць каля 45% беларусаў. Але далёка ня ўсе лічаць ідэю «Народнага рэфэрэндуму» сапраўды папулярнай, а саму ініцыятыву — пэрспэктыўнай.

Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

На думку старшыні рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Уладзімера Мацкевіча, насамрэч ведаюць пра гэтую кампанію вельмі мала людзей, і ня трэба блытаць абстрактныя вынікі сацыялягічных апытаньняў з рэальным станам рэчаў.

«Людзі прыязна ставяцца да рэфэрэндуму як да катэгорыі палітычнай дзейнасьці. Немагчыма пераносіць гэтае стаўленьне да абстрактнага рэфэрэндуму на канкрэтны рэфэрэндум з уласнай назвай „Народны рэфэрэндум“. Гэта зусім розныя рэчы», — адзначыў ён у інтэрвію Радыё Свабода.

«Камусьці хочацца выдаць гэта за пасьпяховую акцыю. Насамрэч гэта ня так. І не таму, што рэфэрэндум ці збор подпісаў — гэта дрэнна, ці ўвогуле такіх рэчаў, як стасункі з насельніцтвам, ня трэба рабіць. Зусім не. Проста сама гэтая ініцыятыва — імітацыя дзейнасьці. Імітацыя, каб заняць чымсьці тыя рэшткі актывістаў, каб яны былі пры нейкай справе, каб зноў жа ня думаць пра тое, у чым сёньня структура моманту, у чым сёньня галоўная задача апазыцыі, каб не вырашаць сапраўдныя праблемы. Тое, што чапляе людзей у гэтым самым „Народным рэфэрэндуме“, ці тое, пра што імкнуцца гаварыць гэтыя актывісты з насельніцтвам — гэта лепш вырашаюць мясцовыя ўлады, ЖКГ і гэтак далей. А апазыцыя ня можа паўплываць на вырашэньне гэтых пытаньняў аніяк. І гэта разумеюць нават тыя, хто гатовы ставіць подпісы пад гэтым рэфэрэндумам. А вось таго, што павінна рабіць апазыцыя — яна ня робіць, заняўшыся так званым „Народным рэфэрэндумам“», — кажа Мацкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG