Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данецкія ўцекачы прыехалі ў Беларусь са сваім горам і сваімі мітамі


Андрэй Гініх прыехаў з жонкай і двума малымі дзецьмі са Славянску
Андрэй Гініх прыехаў з жонкай і двума малымі дзецьмі са Славянску

Паводле зьвестак ААН, у Беларусі колькасьць часовых перасяленцаў з Украіны перавысіла 30 тысяч чалавек і працягвае расьці. Кожны зь іх прывёз у Беларусь ня толькі свой боль і свае праблемы, але і погляды ды перакананьні. Карэспандэнт Свабоды пагутарыў з уцекачамі з ахопленага вайной Данбасу, якія знайшлі працу і прытулак у Беларусі.

«Задзела, што западэнцы лічаць расейскую мову „зьвярынай“»

22-гадовы Андрэй Гініх з жонкай і двума дзецьмі прыехаў са Славянску Данецкай вобласьці і за некалькі месяцаў добра вывучыў геаграфію Беларусі. Шукаючы працы, па чарзе спыняўся ў Лунінцы, потым на Капыльшчыне, цяпер уладкаваўся будаўніком у Дзятлаве. Пра вяртаньне на радзіму пакуль ня думае — апасаецца мабілізацыі ці ў апалчэньне, ці ў Нацгвардыю. Ваяваць Андрэй ня хоча, хоць ворага для сябе вызначыў:

«Менавіта я — карэнны славянец. Я ў гэтым горадзе нарадзіўся, вырас, вучыўся, працаваў. То бок усе 20 гадоў з хвосьцікам правёў менавіта там. Ніколі ня думаў, што давядзецца вось так усё кінуць...»

Карэспандэнт: «Тое, што людзі зьяжджаюць, азначае, што там невыносна?»

«На дадзены момант, скажам так, выносна — там баявых дзеяньняў няма. Апалчэньне крыху здало пазыцыі, іншымі словамі, аддалі Славянск цяперашнім уладам. Там цяпер ідзе масавая прапаганда — прапаганда „єдиної України“. Многія вядуцца — шчыра кажучы, ня ведаю нават, чаму. Нехта баіцца, а камусьці — ведаеце, як бывае — усё роўна. Насамрэч шмат каму абсалютна без разбору, што будзе. Ім усё роўна, якая ўлада, хто, што, дзе і як, галоўнае, каб не было вайны і каб яны самі жылі. Якая ўлада будзе — нацысты ці там фашысты — ды хто заўгодна. Хай нават прыедзе прэзыдэнт з Амэрыкі, зь Нігерыі, ледзь не з Антарктыды, ім будзе ўсё роўна».

Там цяпер ідзе масавая прапаганда — прапаганда „єдиної України“. Многія вядуцца — шчыра кажучы, ня ведаю нават, чаму

Апынуўшыся ў бясьпецы, малады чалавек заяўляе, што ня лічыць украінскую ўладу легітымнай — маўляў, паколькі ў Кіеве данецкіх і дагэтуль за людзей не лічылі, то Ўсход цяпер адказвае «ўзаемнасьцю»:

«Ніхто нас ня чуў, ніхто нічога не рабіў. Станавілася ўсё горш і горш. І ўжо калі групоўкі кшталту ультрас, „Правага сэктару“ пачалі прыяжджаць і ладзіць мясцовыя майданчыкі ў Данецку, у Харкаве, пачалі захопліваць дзяржадміністрацыі, людзі абурыліся. Спачатку захапілі ў Харкаве, са зброяй. Бо не было такога, каб зайшлі — мы новая ўлада — і адразу ўсе перад імі разаслаліся. Вось тады пачалі ўставаць, гаварыць сваё „я“. Тут наша зямля, мы тут жывём. Самі будзем вырашаць, што для нас лепш. А то прыйшлі і кажуць: расейская мова — гэта мова зьвяроў, а вось мы — „вялікія укры“.

Людзі рэальна моцна пакрыўдзіліся, пачалі браць уладу ў свае рукі. Ствараліся рухі, прычым у масе сваёй бяскрыўдныя. Выходзілі на мітынгі, зьбіраліся, выказвалі свой пункт гледжаньня. Адразу ніхто зброю ў рукі ня браў. Майданаўцы насіліся зь „Нябеснай сотняй“, вывешвалі ў Данецку здымкі, што тыя загінулі за сваю краіну, а побач зь мітынгам за кіеўскую ўладу быў мітынг супраць яе. Дарэчы, нічога, апроч „хто ня скача, той маскаль“, скорагаворак і крычэлак, не сказалі. Навошта інтэграцыя з ЭЗ? Гаварылі адно: разам з ЭЗ будзе добра. Але ніхто і блізка ня бачыў, што там за дакумэнт і што ён будзе нам даваць. А дакумэнт у нас толькі забіраў».

«Масква цягне Беларусь — а раней цягнула і Ўкраіну — у „савок“»

Але ёсьць сярод уцекачоў і носьбіты прынцыпова іншых поглядаў на падзеі, якія разгортваюцца ва Ўкраіне. Яраслаў Міханюк зьехаў з-пад Марыюпалю, ратуючыся якраз ад так званых апалчэнцаў — за «бандэраўскую» пазыцыю яму проста параілі «звальваць», не чакаючы непрыемнасьцяў. На радзіме спадар Яраслаў займаўся фэрмэрствам, у Беларусі зь сям’ёй часова атабарыліся ў прыватным доме сваякоў жонкі на ўскрайку Горадні. Падпрацоўвае на мясцовым рынку, статусу ўцекача пакуль ня просіць. Кажа, што як толькі сытуацыя нармалізуецца, адразу ж вернецца назад — інтэгравацца ў хаўрусьніцкія саюзы пад пратэктаратам Крамля не жадае:

Што трымае, каб нармальна суіснаваць? Нічога! Апроч амбіцыяў расейскіх кіраўнікоў

«У Расею ехаць не хачу, хоць там таксама сваякі. Спадзяюся, што і тут ненадоўга. Калі шчыра, я супраць таго, куды Масква цягне Беларусь, а раней цягнула і Ўкраіну — у „савок“. Мытны саюз, нейкі Эўразійскі. Усё гэта няправільна, усё гэта туфта. Проста нехта канкрэтна хоча на ўсім гэтым зарабіць. Украіне там пэўна рабіць няма чаго, і ўжо зразумела, што ніколі яна там і ня будзе. У Крамлі палохаюць: кошты для Ўкраіны вырастуць, рынку збыту ня будзе. Зноў жа, ерунда.

Што трымае, каб нармальна суіснаваць? Нічога! Апроч амбіцыяў расейскіх кіраўнікоў. Калі ласка, гандлюйце, увозьце, вывозьце. Няма ж ніякіх аб’ектыўных перашкодаў, толькі штучныя. Да мяне з Краснадару прыяжджалі машыны, атаварваліся. А як паўступалі ў саюзы, то нават ваш „бацька“ абклаў пошлінамі — ясна, што Пуцін цісьне, каб не падтрымліваў Украіну. Выбудоўвай нармальныя адносіны, працуй, гандлюй, і ўсё будзе добра. А то пагражаюць, кідаюць ультыматумы. Які сэнс? Адцягнуць ад Эўропы? Дык навошта адцягваць ад Эўропы? Хай будзе, каму перашкаджае? Толькі Маскве, больш нікому».

«Усё, што адбываецца на паўднёвым усходзе, ідзе не ад мясцовых»

Маркетоляг Алена Патоцька прыехала са Скадоўску Хэрсонскай вобласьці. Пакуль жыве ў менскай сяброўкі, нават уладкавалася на паўстаўкі па сваім профілі. Шукае кватэру ў сталічным прыгарадзе, каб неўзабаве перавезьці і маці-пэнсіянэрку. Скадоўск хоць і далёка ад цэнтру канфлікту, але цяпер ён — фарпост на мяжы з Крымам, які сёлета быў анэксаваны Расеяй. Дзяўчына ня верыць, што пасьля анэксіі паўвострава, які раптам зрабіўся «спрадвек расейскі», наступным і канчатковым прыпынкам Масквы стане так званая «Наваросія». Таму пэрыяд няпэўнасьці хоча перачакаць у спакайнейшым месцы:

Людзі ўсюды аднолькавыя: усе хочуць міру, няма ніякай агрэсіі, адкуль бы ты ні прыехаў

«Калі глядзець на сытуацыю агулам, як кажуць, узьняцца „над бойкай“, то ў абсалютнай бальшыні гэта ці камусьці цікава, ці кімсьці праплачана. То бок людзьмі маніпулююць, сутыкаюць ілбамі. На самой справе насельніцтва ні з кім ваяваць ня хоча. Ну з кім ваяваць? Тут нашы дзядулі, бабулі, браты, сёстры. Узяць нават на прыкладзе нейкай лякальнай адзінкі: звычайны двор, у двары некалі шматпавярховых дамоў. Пражываюць там, умоўна кажучы, 80 чалавек, 20 сем’яў, усіх я ведаю асабіста. Як я магу на кагосьці падняць руку, як увогуле можна ваяваць з суседам?

Паводле такой жа аналёгіі трэба разглядаць і цалкам Хэрсонскую вобласьць, і канфліктны рэгіён Данбасу. Мы ўсе — жыхары аднаго агульнага дому, нам няма чаго дзяліць. Па сваёй працы я шмат дзе бывала, літаральна перад Менскам наведвалася ў Віньніцу, у Мікалаеў, у Адэсу. Людзі ўсюды аднолькавыя: усе хочуць міру, няма ніякай агрэсіі, адкуль бы ты ні прыехаў. Куды, хто на каго пойдзе? Таму, як мне падаецца, усё, што цяпер адбываецца на паўднёвым усходзе, ідзе не ад мясцовых. Гэта справа тых, хто ня хоча адзінства Ўкраіны».

Ад пачатку ваеннага канфлікту на паўднёвым усходзе Ўкраіны ў Беларусь хлынуў адгэтуль паток уцекачоў. Паводле ААН, колькасьць часовых перасяленцаў з Украіны ўжо перавысіла 30 тысяч чалавек. І гэта пры тым, што ўкраінскія ўлады прапануюць ахвотным прытулак у цэнтральнай і заходняй частках краіны, а літаральна пад бокам — Расея, пад пратэктарат якой так імкнуцца лідэры самаабвешчаных мяцежных рэспублік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG