27 кастрычніка падчас таргоў на амэрыканскіх фінансавых рынках цана барэлю тэхаскай нафты WTI апусьцілася ніжэй за 80 даляраў — самага нізкага ўзроўню за апошнія 28 месяцаў. Падставай для чарговага патаньненьня нафты стала заява вядучага амэрыканскага інвэстыцыйнага банку «Goldman Sachs» аб рэзкім зьніжэньні сваіх прагнозаў узроўню цэн на гэтае паліва ў будучым годзе. Скепсіс аналітыкаў рэспэктабэльнага банку прымусіў камэнтатараў задаць сабе пытаньне аб тым, ці не ператварылася падзеньне цэн нафты ў новую ўстойлівую тэндэнцыю.
Паводле апошніх падлікаў спэцыялістаў «Goldman Sachs», з-за рэзкага ўздыму вытворчасьці нафты і вельмі памяркоўнага росту попыту барэль тэхаскай нафты будзе каштаваць у наступным годзе ў сярэднім 75 даляраў, барэль нафты маркі Brent — 85. І гэта не мяжа: цэны могуць адступіць да 70 даляраў за барэль тэхаскай нафты і да 80 за Brent у момант, калі аб’ёмы вытворчасьці паліва дасягнуць піку, прадказваюць аналітыкі «Goldman Sachs». Яны лічаць, што цана нафты ў наступным годзе будзе на 15 даляраў ніжэйшая, чым яны прагназавалі толькі некалькі месяцаў таму. У доказ яны прыводзяць разьлікі, якія сьведчаць, што рост здабычы нафты ў бліжэйшыя два гады ў некалькі разоў перавысіць рост попыту, і гэта адбудзецца ня толькі за кошт так званай сланцавай рэвалюцыі ў Злучаных Штатах, але і дзякуючы значнаму росту вытворчасьці нафты ў Бразыліі, Мэксыцы і Іраку. Амэрыканскія аналітыкі лічаць, што краіны-чальцы АПЭК не пачнуць гульню на павышэньне паліўных цэн, пакуль з-за патаньненьня нафты не спадзе сланцавы бум у ЗША, для падтрымкі якога неабходныя параўнальна высокія цэны энэргарэсурсаў.
«Goldman Sachs» зайшоў прыкметна далей за іншыя амэрыканскія банкі ў сваіх прагнозах узроўню падзеньня цэн на нафту. Аднак, паводле амэрыканскіх экспэртаў, цэнавыя скокі апошніх месяцаў даказваюць эфэктыўнасьць рынкавых мэханізмаў рэгуляваньня цэн: калі прадукт становіцца занадта прыбытковым, то рана ці позна яго становіцца больш, чым трэба.
— Калі цана нафты дасягнула пэўнага ўзроўню і пратрымалася там параўнальна працяглы час, гэта стварыла стымулы, з аднаго боку, для інвэстыцый у здабычу нафты, з другога — у стварэньне альтэрнатыўных крыніц энэргіі і энэргазьберагальных тэхналёгій — кажа Эдвард Гаджынгз, віцэ-прэзыдэнт дасьледчай арганізацыі «Атляс». — У выніку, у апошнія гады ў Злучаных Штатах кардынальна вырасла вытворчасьць нафты і газу, высокія цэны энэргарэсурсаў сталі штуршком да «сланцавай рэвалюцыі», і пры гэтым, паводле зьвестак на 2012 год, у ЗША адбывалася падзеньне спажываньня нафты, якое пачалося падчас рэцэсіі і фінансавага крызысу. І гэта, на мой погляд, адлюстроўвае тэндэнцыі, якія будуць фармаваць нафтавыя цэны ў будучыні. Няма ніякіх падставаў разьлічваць на тое, што нафта будзе даражэць дзеля выгады абмежаванага ліку вытворцаў. Вядома, нельга выключыць часовыя цэнавыя скокі ў сілу розных імгненных геапалітычных абставінаў, але я ня думаю, што ў працяглай пэрспэктыве рост цэн на нафту значна перасягне ўзровень інфляцыі, паколькі ў выніку рэкорднага росту цэн апошняга дзесяцігодзьдзя былі створаны альтэрнатыўныя крыніцы вытворчасьці нафты і пачала актыўна разьвівацца вытворчасьць энэргіі з аднаўляльных крыніц.
На думку Рычарда Эбэлінга, прафэсара эканомікі коледжу «Цытадэль» у Паўднёвай Караліне, прадказаць, якімі будуць цэны на нафту праз год ці паўгода, практычна немагчыма, але аргумэнты на карысьць тэндэнцыі на спад выглядаюць вельмі пераканаўчымі:
— Усе фактары, якія вызначаюць цэнавыя тэндэнцыі, у першую чаргу попыт і прапанова, паказваюць на патаньненьне нафты ў бліжэйшыя месяцы. Што тычыцца ўзроўню далейшага падзеньня і яго працягласьці, то, пры ўсёй павазе да аналітыкаў «Goldman Sachs», ні ў кога няма дакладных інструмэнтаў для таго, каб зрабіць дакладныя высновы пра тое, колькі будзе каштаваць нафта празь некалькі месяцаў. Але я ня буду зьдзіўлены, калі пры адсутнасьці сур’ёзнага крызісу на Блізкім Усходзе, які адаб’ецца на транспарце нафты з рэгіёну або, напрыклад, пры адсутнасьці пагроз Расеі спыніць пастаўку энэргарэсурсаў у Заходнюю Эўропу цяперашняя тэндэнцыя патаньненьня нафты зацягнецца, як прадказвае «Goldman Sachs», да 2016 году.
РС: З вашага пункту гледжаньня, ці можа Крэмль пайсьці на такія пагрозы ў надзеі на падаражаньне нафты?
— Прадстаўнікі расейскага ўраду ўжо неаднаразова казалі пра тое, што цяперашні ўзровень цэн можа прымусіць іх ня толькі адмовіцца ад павелічэньня выдаткаў, але і скараціць іх з мэтай збалянсаваньня бюджэту. Я не выключаю, што ў пэўных сілаў у расейскім кіраўніцтве можа быць спакуса паўдзельнічаць у такой гульні і паспрабаваць скараціць аб’ёмы нафты на рынках. Але ім варта падумаць над пытаньнем, ці вынікам гэтага ня стане яшчэ больш сур’ёзнае падзеньне дзяржаўных даходаў. Я ня ўпэўнены ў тым, што яны могуць дазволіць сабе весьці такія гульні — кажа прафэсар эканомікі коледжу «Цытадэль» у Паўднёвай Караліне Рычард Эбэлінг.