Індэкс РТС губляе каля 1,5% і знаходзіцца на ўзроўні 1070 пунктаў. Так нізка гэты індыкатар ў 2014 годзе знаходзіўся толькі на працягу кароткага часу ў сакавіку, калі біржавыя паказчыкі абваліліся на фоне рэакцыі Захаду на анэксію Расеяй Крыма.
Аналягічнае зьніжэньне фіксуецца і на іншай расейскай біржы ММВБ.
Па-ранейшаму пад ціскам знаходзіцца курс рубля — па стане на 10:10 па маскоўскім часе расейская валюта губляе каля чвэрці адсотка супраць даляра і эўра. За даляр даюць ужо больш за 40 рублёў 20 капеек, эўра пераадолеў адзнаку ў 51 рубель. Яшчэ ў пачатку лета даляр трымаўся на ўзроўні 34 рублі.
Аналітыкі тлумачаць падзеньне асноўных расейскіх эканамічных індыкатараў імклівым зьніжэньнем цаны важнага экспартнага прадукту Расеі — нафты, а таксама газу, цана якога карэлюе з нафтавымі каціроўкамі. На сусьветных рынках нафта маркі Brent цяпер каштуе менш за 89 даляраў за барэль, цана нафты расейскай маркі Urals на некалькі даляраў ніжэй. Гэта новыя мінімумы за некалькі гадоў.