Навошта Аляксандру Лукашэнку спатрэбілася сустрэча з творчай інтэлігенцыяй? Ці ён сапраўды адчувае пэўную неабходнасьць наладзіць нейкі дыялёг з той часткай грамадзтва, якую яны прадстаўляюць? Наколькі далёка могуць пайсьці крокі па ўмоўнай беларусізацыі грамадзкага жыцьця? На гэтыя пытаньні адказвае экспэрт па культуры Лібэральнага клюбу Вадзім Мажэйка.
— Ці можна сказаць, што на фоне апошніх палітычных і нават геапалітычных падзеяў Аляксандар Лукашэнка сапраўды адчувае пэўную неабходнасьць наладзіць хоць нейкае падабенства дыялёгу з той часткай грамадзтва, якую яны прадстаўляюць?
— Па-першае, трэба разумець, што часам праходзяць такія сустрэчы кіраўніка дзяржавы зь пісьменьнікамі, настаўнікамі, дактарамі, іншымі — гэта шмат у чым проста бюракратычнае мерапрыемства.
Але сёньня, ва ўмовах украінскага крызісу, улада разумее, што тая рыторыка, якая праходзіла раней: Беларусь з Расеяй адзін народ, у нас адна гісторыя, адна культура — зьнікла. Можна пабачыць, што гэтая фраза пра адзіны народ не гучала ўжо ад вясны. Ва ўлады і пэрсанальна ў Лукашэнкі зьявіўся запыт, каб зьяўляліся культурныя адметнасьці — каб напісалі сваю «Вайну і мір».
Але, канечне, вялікае пытаньне, наколькі такія сустрэчы могуць на гэта паўплываць. Тым болей на фоне красамоўнага прыкладу, што ў той самы дзень у Гародні ўлады сарвалі прэзэнтацыю рамана Віктара Марціновіча «Мова». Таму відавочна, што трэба сур’ёзна мяняць палітыку. А пакуль яна застаецца рэпрэсіўнай, нічога ў дачыненьнях дзяржавы зь дзеячамі культуры ня зьменіцца.
— Нейкія намёкі ці нават першасныя крокі да часовай беларусізацыі назіраліся за часы кіраваньня Лукашэнкі ўжо ня першы раз. Наколькі далёка могуць пайсьці цяперашнія крокі па ўмоўнай беларусізацыі грамадзкага жыцьця?
— Гэтая хваля выдатна ўпісваецца ва ўнутранапалітычны беларускі кантэкст. Заўсёды за год-два да выбараў пачынаецца пэўная лібэралізацыя, палёгка, якая заканчваецца пасьля выбараў. Зараз усё гэта ўзмоцнена геапалітычным чыньнікам.
Улада бачыць, што трэба праводзіць лёгкую беларусізацыю, падкрэсьліваць нацыянальныя адметнасьці, казаць, што мы іншыя, ня рускія. Але зь іншага боку, нікуды не зьнікае той сутнасны і каштоўнасны канфлікт, які заўсёды быў. Лукашэнка — гэта прэзыдэнт, які прыйшоў да ўлады на тэзах савецкага адраджэньня, насуперак нацыянальным ідэям і арганізацыям.
Таму для яго гэта ўсё вельмі ня блізка, і ягонай палітыкі сутнасна не мяняе. Вядома, нейкія хвалі будуць, але нельга разьлічваць, што гэта паўплывае на ўсю палітыку. Гэта немагчыма нават, калі б улада гэта сур’ёзна захацела. Гэта патрабуе вялікіх пераменаў, рэформаў, на якія ўлада, відавочна, не гатовая.