Фэстываль традыцыйна стартуе ад конкурснай часткі ў Бельскім доме культуры. У конкурсе возьмуць удзел наступныя маладыя выканаўцы: Сяргей Башлыкевіч, Алёна Варона, Валерыя Мельнiк, Лізавета Леўчык, гурты «Гарадзкі вал» і «МІП-бэнд», Зьміцер Вінаградаў, Мікіта Найдзёнаў, Аляксандар Ясінскі, Тацяна Тутэйшая, Пётр Пякарскі.
«Я думаю, фэстываль „Бардаўская восень“ ня толькі спрыяе папулярызацыі беларускай аўтарскай песьні, але і вызначае кірункі гэтага музычнага жанру» — сказаў Радыё Свабода Ігар Лукашук, арганізатар фэстывалю. — «Можна ў гэтым пераканацца, прыгледзеўшыся да 20-гадовай гісторыі фэстывалю. Усе тыя, якія тут атрымлівалі галоўныя прызы і ўзнагароды, на самай справе якраз з гэтага пачыналі свае музычныя кар’еры і творчы шлях на беларускай музычнай сцэне. Гэта тое месца, дзе раз на год сустракаюцца ўсе або амаль што ўсе выканаўцы беларускай бардаўскай сцэны. Яны сустракаюцца тут з маладымі выканаўцамі, удзельнікамі конкурсу, зь якімі абменьваюцца поглядамі на аўтарскую песьню і музыку. Гэта такое сьвята, якое здараецца толькі адзін раз на год, і здараецца яно якраз восеньню ў Бельску на Падляшшы».
Журы конкурсу сёлетняй «Бардаўскай восені» складаюць: Алег Хаменка, Зьміцер Вайцюшкевіч, Багдан Сіманенка.
У суботу 25 кастрычніка ў Бельску адбудзецца канцэрт ляўрэата і прызёраў конкурсу ды канцэрт выканаўцаў, якім арганізатары прысвоілі статус зорак: Алега Хаменкі, Паліны Рэспублікі, «Нельга Забыць», «Navi», «S°unduk».
У нядзелю 26 кастрычніка ляўрэат сёлетняга конкурсу «Бардаўскай восені» ды гурты «Нельга Забыць», «ILO&Friends», «Re1ikt» выступяць у Падляскай опэры і філярмоніі ў Беластоку.
Сёлетняй «Бардаўскай восені», як і ў папярэднія гады, спадарожнічаюць выступы паасобных выканаўцаў беларускай аўтарскай песьні ў іншых мясцовасьцях Падляшша: Гайнаўцы, Орлі, Шчытах і Чыжах.
Раней фэстывалі «Бардаўская восень» арганізаваў Зьвяз беларускай моладзі ў Польшчы. Сёлетні фэстываль арганізуе Зьвяз у карысьць адукацыі і прамоцыі беларускай культуры ШЧЫТЫ, у якім старшынюе Ігар Лукашук.