Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэскія актывісты, неўязныя ў Беларусь пасьля падзеяў Плошчы-2006, распачалі праект падтрымкі ўкраінскіх журналістаў


У 2011 «NESEHNUTÍ» запусьціла праграму па падтрымцы новых ініцыятываў зь недэмакратычных рэгіёнаў «Шлях ініцыятывы». Сёлета да праграмы далучылася Ўкраіна.

У 2006 годзе падчас падзеяў «Плошчы» чэская няўрадавая арганізацыя «NESEHNUTÍ» («Несагнутыя») дабівалася вызваленьня з турмаў непаўналетніх. Пасьля тых падзеяў чэхі — сябры арганізацыі — трапілі ў сьпісы неўязных, і сваю дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі вымушана спынілі. Дзейнасьць была перанакіраваная на краіны Паўднёвага Каўказу (Грузію, Азэрбайджан, Арменію, Абхазію, Паўднёвую Асэтыю), а таксама Прыднястроўе. У гэтым годзе пачалася супраца з Украінай. Але сябры «NESEHNUTÍ» не выключаюць, што неўзабаве вернуцца і ў Беларусь.

Пару гадоў таму «NESEHNUTÍ» запусьціла праграму па падтрымцы новых ініцыятываў зь недэмакратычных альбо залежных рэгіёнаў «Шлях ініцыятывы». Сёлета ў рамках праграмы было вырашана падтрымаць украінскіх незалежных журналістаў, якія супрацоўнічаюць з інтэрнэт-тэлебачаньнем Hromadske.TV.

Марцін Гіця, каардынатар праграмы «Шлях ініцыятывы», распавёў, у чым палягае іх цяперашняя дзейнасьць:

Гіця: Мы імкнемся спалучаць тэмы абароны правоў чалавека, абароны навакольнага асяродзьдзя, а таксама абароны правоў жывёл. Назва «NESEHNUTÍ» (несагнутыя) паказвае памкненьне падтрымліваць неабыякавых і ўпэўненых у сабе грамадзянаў у абароне сваіх правоў. Сёлета «NESEHNUTÍ» падтрымала украінскіх рэгіянальных журналістаў, якія супрацоўнічаюць з інтэрнэт-тэлебачаньнем Hromadske.TV.

рэгіянальная рэдакцыя Hromadske.TV (фота Петра Махалэка)
рэгіянальная рэдакцыя Hromadske.TV (фота Петра Махалэка)

Радыё Свабода: Чаму пасьля амаль трох з паловай гадоў працы было раптам прынята рашэньне ўключыць у праграму Ўкраіну?

Гіця: Першапачаткова праграма мусіла ахапіць розныя краіны былога Савецкага Саюзу. Карані гэтай праграмы трэба шукаць у Беларусі, куды мы ў 2006 годзе арганізавалі выезд чэскіх студэнтаў, каб яны змаглі даведацца больш пра сытуацыю датычна правоў чалавека. Уключыўшы ў праграму Ўкраіну, мы не адхіліліся ад нашай асноўнай канцэпцыі. Нашыя супрацоўнікі і калегі мелі мажлівасьць знаходзіцца ва Ўкраіне ў самыя «дзікія» часы, бачылі сытуацыю на свае вочы. У выніку мы аднагалосна прыйшлі да высновы, што падтрымліваць незалежную журналістыку ва Ўкраіне — гэта адна з самых важных справаў, якую мы можам і хочам рабіць. З наступнага году мы хочам пашырыць нашую дзейнасьць, будзем дапамагаць НДА з плянаваньнем, падрыхтоўкай і правядзеньнем грамадзянскіх кампаніяў.

Петр Махалэк
Петр Махалэк

Петр Махалэк, супрацоўнік праграмы «Шлях ініцыятывы для Украіны», нядаўна вярнуўся з Украіны, дзе наведаў шэраг гарадоў:

Махалэк: Ва Ўкраіне цяпер утвараецца цалкам новае грамадзтва, і гэта відаць на кожным кроку. З аднаго боку, людзі (большасьць тых, з кім мы сустрэліся) натхнёныя тым, што ў іх ёсьць мажлівасьць адкрыта выказвацца, зь іншага боку, усе, безумоўна, гадаюць, чым усё скончыцца. І, бясспрэчна, адчуваецца страх у сувязі з узброеным канфліктам. Такім чынам, своеасаблівы мікс — уздым, чаканьні і адначасова моцнае хваляваньне.

Ня маючы мажлівасці наведваць Беларусь з-за забароны на ўезд, Петр Махалэк выкарыстоўвае паездкі ва Ўкраіну таксама для таго, каб сустракацца там зь беларускімі грамадзянскімі актывістамі. Апошнім часам ён зазначыў пэўныя зьмены ў настроі прадстаўнікоў беларускай грамадзкасці.

Радыё Свабода: Петр, калісьці Вы напісалі на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што «сустрэчы зь людзьмі зь Беларусі праходзілі дэпрэсіўна, большасьць беларусаў былі даволі пэсымістычна настроеныя, пакорлівыя, на ўсё казалі, што нічога немагчыма зрабіць, што яны ня ў стане і што справы дрэнь». Адбыліся нейкія зьмены пасля «Майдану»?

Махалэк: У мяне была мажлівасць нядаўна правесьці тры дні зь людзьмі з розных беларускіх грамадзянскіх ініцыятываў і я быў вельмі прыемна ўражаны тым, які аптымізм яны выпраменьвалі, і што яны пачалі займацца тэмамі, якія я раней у Беларусі не назіраў. Пачынаючы з удзелу грамадзянаў у працэсе прыняцьця горадабудаўнічых рашэньняў і заканчваючы моладзевымі акцыямі і экалягічнай дзейнасьцю. Гэта ня тое, каб новыя рэчы, але іх успрыманьне мне падалося новым, і я адчуваў, як ад людзей, зь якімі я сустрэўся, ішоў аптымізм. Альбо, правільней сказаць, я не адчуў тую нэгатыўную энэргію, калі чалавек перакананы, што нічога нельга зрабіць. Наадварот, іх стаўленьне было вельмі пазытыўнае, што мяне моцна парадавала. Наколькі гэта зьвязана з Майданам і падзеямі ва Ўкраіне ці, можа, са зьменай пакаленьняў у Беларусі — цяжка сказаць.

На сайце праграмы ў падрубрыцы «Беларусь» можна пабачыць беларускія навіны на чэскай мове. Відавочна, «NESEHNUTÍ» шукае спосабы запусьціць «Шлях ініцыятывы для Беларусі» і спадзяецца на тое, што палітычная сытуацыя ў Беларусі хутка зьменіцца, а сьпісы неўязных будуць скасаваныя. На пытаньне, чым арганізацыя будзе займацца ў Беларусі, Марцін Гіця кажа:

«Калі мы пачнем працаваць у Беларусі, то будзем, напэўна, кіравацца аднолькавымі прынцыпамі, як у выпадку Каўказу ці Ўкраіны. Будзем шукаць аўтэнтычныя ініцыятывы, якія толькі пачынаюць сваю дзейнасьць і для якіх тое, што мы робім, можа быць карысна».

Падрыхтавала Крысьціна Шыянок

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG