Жыцьцё перад тварам сьмерці. У адрозьненьне ад пісьменьнікаў ня часта журналістам даводзіцца распрацоўваць гэтую тэму. Праект «Жыцьцё пасьля раку» як раз пра гэта. Гэта гісторыі анкалягічных пацыентаў, якія ўсьвядомілі, што сьмерць можа быць блізка, але іх жыцьцё ў такой сытуацыі набывае іншы сэнс.
Няўжо ў Беларусі так мала людзей, якія вы лечыліся ад раку і якія могуць расказаць пра гэта, падзяліцца каштоўным досьведам?
У траўні 2013 году ў перадачы «Свабода бяз гальштукаў» на тэму «Як гаварыць пра рак?» старшыня рады Беларускай арганізацыі працоўных жанчын Ірына Жыхар расказала, як яе запрасілі паўдзельнічаць у перадачы тэлеканалу ОНТ, прысьвечанай анкалягічным хваробам, і рэдактары прызналіся, што яна аказалася адзінай, хто пагадзіўся публічна расказаць пра сваю хваробу.
Я тады падумала, а чаму б не паспрабаваць зьмяніць сытуацыю? У амэрыканскую газэту «New York Times» некалькі тысяч чалавек даслалі свае гісторыі пасьля раку для праекту Your Life After Cancer (Ваша жыцьцё пасьля раку). У Беларусі каля 250 тысяч чалавек маюць анкалягічны дыягназ.
«95% людзей хаваюць тое, што яны хварэюць на рак. Але калі хто памрэ, ведае паўгорада. А тое, што ён лячыўся 10 гадоў, ня лічыцца. З тысячы хворых на рак шчытападобнай залозы летась памерла сем чалавек. У нас маса пацыентаў, якія вылечыліся», — казаў галоўны лекар Менскага анкадыспансэру Ўладзімер Каранік.
Няўжо ў Беларусі так мала людзей, якія вылечыліся ад раку і якія могуць расказаць пра гэта, падзяліцца каштоўным досьведам? Гэта быў выклік, які нельга было не прыняць...
У Беларусі традыцыйна людзі хаваюць, што яны маюць анкалягічныя хваробы
Напачатку я паглядзела, як адлюстроўвалася анкалягічная тэма ў беларускіх мэдыях. Вы глядала, на мой погляд, досыць пэсымістычна. Статыстыка да розных датаў, кожны трэці нэкралёг зьвязаны з ракам, рэдкія інтэрвію з анколягамі і поўна інтэрпрэтацый пра чарнобыльскі складнік у беларускай сытуацыі. Хаця, як кажуць аўтарытэтныя беларускія анколягі, колькасьць анкалягічных захворваньняў цяпер у Беларусі прыкладна такая самая, як у эўрапейскіх краінах. Рак у пэўнай ступені — цывілізацыйная хвароба, зьвязаная сярод іншага і з павелічэньнем працягласьці чалавечага жыцьця.
У Беларусі традыцыйна людзі хаваюць, што яны маюць анкалягічныя хваробы, і дыягназ «рак» успрымаецца многімі як прысуд. Мэтай гэтага праекту было зьмяніць гэты стэрэатып і расказаць пра людзей, якія перамаглі хваробу і лічаць, што гэтае выпрабаваньне зьмяніла і ўдасканаліла іх жыцьцё.
Напачатку многія паглядзелі на такую ідэю скептычна. І найперш, з пункту гледжаньня выкананьня. Меркавалася, што калі зможам пераканаць расказаць пра сябе хаця б пяць шэсьць чалавек, то гэта будзе вялікім посьпехам.
Аказалася таксама, што цяжка гаварыць на гэтую тэму ня толькі хворым, але і здаровым. У тым ліку — прафэсійным журналістам. Некаторыя лічылі некарэктным гаварыць з анкалягічнымі хворымі пра рак, нібыта са сьмяротнікамі: «Неэтычна...»
Некаторыя баяліся сурочыць: «Ня трэба чапаць гэтую тэму, гэтых людзей, гэтую хваробу, каб чаго ня выйшла...» Некаторыя проста не хацелі павялічваць боль: «Навошта верадзіць незагойную рану, калі ўсё роўна не дапаможам...»
Памыліліся ўсе. У выніку аказалася, што зь верасьня 2013 году да лютага 2014 году ня пяць, а 22 чалавекі падзяліліся сваімі гісторыямі жыцьця пасьля раку. Кожны тыдзень на сайце і ў эфіры зьяўлялася новая гісторыя, якую актыўна камэнтавалі наведнікі сайту Свабоды, і частка гэтых водгукаў прысутнічае ў кнізе.
Зьмяніць традыцыю было, вядома, ня так проста. Я шукала герояў для «Жыцьця пасьля раку» паўсюль, зьвярталася да людзей праз Фэйсбук, вяла даўгую перапіску з патэнцыйнымі героямі, і шмат хто адмаўляўся гаварыць альбо прасіў пачакаць. На другі-трэці месяц стала лягчэй. Адны героі праекту рэкамэндавалі іншых, вялікая частка гісторый — гэта ўдзельнікі групаў падтрымкі анкапацыэнтаў зь Менску, Смаргоні, Клічава і Бабруйску.
Сярод герояў «Жыцьця пасьля раку» — музыка, банкір, клоўн, палітычны актывіст, тэатральны крытык, настаўніца ангельскай мовы, сьвятар, пэнсіянэр... Гэта людзі розных узростаў, інтарэсаў, перакананьняў, сацыяльных статусаў. Нашы карэспандэнты Алесь Асіпцоў, Алесь Дашчынскі, Аляксандра Дынько, Аляксей Знаткевіч, Ігар Карней і Іна Студзінская ўмелі слухаць і запісваць гісторыі герояў «Жыцьця пасьля раку».
...Кожнага з нас можа напаткаць анкалягічная хвароба. Ніхто не застрахаваны. Як мы будзем яе ўспрымаць? Як прысуд, як трагедыю, як канец жыцьця? Альбо як выпрабаваньне, як магчымасьць пераасэнсаваньня, іншай расстаноўкі жыцьцёвых прыярытэтаў і каштоўнасьцяў? Героі праекту «Жыцьцё пасьля раку» шчыра расказалі нам свае гісторыі і падзяліліся сваім досьведам.
Галоўны вынік праекту «Жыцьцё пасьля раку» на Свабодзе — рэальныя галасы надзеі, жывая сіла салідарнасьці і сапраўдная практыка перамогі.
20 кастрычніка ў 19:00, у малой залі к/з Мінск адбудзецца прэзэнтацыя кнігі «Жыцьцё пасьля раку» з удзелам гуртоў NAVI, RECHA і RAHIS. Уваход вольны.
Кніга выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды». «Жыцьцё пасьля раку» — гэта 22 гісторыі анкалягічных пацыентаў, якія ўсьвядомілі, што сьмерць можа быць блізка, але іх жыцьцё ў такой сытуацыі набывае іншы сэнс.