Рускіх людзей, нават ужо і расейцаў, ад беларусаў адрозьніць цяжка
Вас, браты-расейцы, прашу: пакажыце нашу краіну без усялякіх упрыгожваньняў, але ня так, як гэта робяць фэдэральныя СМІ. У лепшым выпадку яны замоўчваюць, што ёсьць такая братэрская, самая блізкая Расеі краіна, а ў горшым выпадку – вы ўсё бачыце самі.
Баявыя дзеяньні і гібель людзей на ўсходзе Ўкраіны павінны быць спынены. Мы і так ускладнілі адносіны з Украінай. Трэба заняцца аднаўленьнем гарадоў і сёл, інакш наступствы стануць катастрафічнымі. Пераможцаў у гэтай вайне ня будзе. Мы ўсюды змагаемся за дыялёг і робім усё, каб спрыяць складанаму перамоўнаму працэсу.
Ва Ўкраіне прайшоў антыканстытуцыйны пераварот. Вінаваты прэзыдэнт Януковіч
Ня ўсе ў Расеі разумеюць пазыцыю Беларусі і маю асабіста па ўкраінскім пытаньні. Важна расставіць акцэнты. Важна, каб у Расеі разумелі нашу пазыцыю. Гуляецца Лукашэнка з Захадам ці не, нармальная пазыцыя ці не, выгадная яна Расеі ці не? Я насамрэч знаходзіў агульную мову з палітыкамі, якія былі пры ўладзе ва Ўкраіне. Зь Яцанюком не сустракаўся і не напружаны ў сувязі з гэтым. Хоць вельмі крытычна выказаўся па іх пазыцыі, гэта тычыцца і Януковіча, і Кучмы. Я падтрымліваю добрыя адносіны зь вядучымі палітыкамі Ўкраіны. Што не падабаецца Расеі? Што гэта, на шкоду Беларусі і Ўкраіне? Што тут дрэннага? Я пытаюся ў Пуціна: можа, мне падключыцца ў якім пытаньні? Нават зь Ляшко, актыўны адносна Расеі рэакцыйны палітык, страшны нацмэн, учора ён пабіўся з журналістамі расейскімі…
У Расеі прайшоў антыканстытуцыйны пераварот, падзеі на Майдане… Выбачайце, калі ласка… Дрэнны прыклад паказала Расея, калі танкі стралялі па Белым доме. Ва Ўкраіне прайшоў антыканстытуцыйны пераварот. Вінаваты прэзыдэнт Януковіч. Не магу сказаць, ён мой вораг ці сябар, я зь ім не сустракаўся.
Палітоляг Павал Вусаў: Лукашэнка не выключае пагрозы з боку Расеі
«Як толькі адбыліся падзеі ва Ўкраіне, Лукашэнка падкрэсьліваў той факт, што прычынаю праблемаў унутры грамадзтва, а потым умоваю для ўзьнікненьня Майдану сталася жудасная карупцыя ў краіне, што раздражніла і змабілізавала грамадзтва. Лукашэнка хоча падкрэсьліць, што на гэтым фоне ў Беларусі адбываюцца працэсы барацьбы з карупцыяй, што ўлада празрыстая і адкрытая для грамадзянаў. Такім чынам ён жадае падмацаваць свой рэйтынг. Стабільнасьць, барацьба з карупцыяй і ўнутраны спакой будуць асноўнымі элемэнтамі будучай прэзыдэнцкай кампаніі. Гэта тое, што тычыцца ўнутранага рынку.
Варта разумець, што, крытыкуючы палітыку Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны, ён жадае абараніць сябе ад такіх магчымых падыходаў з боку Расеі да Беларусі. Ён відавочна не выключае таго, што Расея можа выкарыстаць такі антыгістарычны, антыправавы падыход, каб пачаць працэс дэстабілізацыі ўнутры Беларусі».
Ляшко — рэакцыйны палітык і страшны нацмэн
Лукашэнка заклікаў расейскіх журналістаў не зьвяртаць увагі на перадвыбарчыя страсьці ва Ўкраіне.
У якасьці прыкладу ён прывёў лідэра Радыкальнай Партыі Алега Ляшко, якога ён назваў з пункту гледжаньня Расеі «рэакцыйным палітыкам і страшным нацмэнам».
«Не зьвяртайце на гэта ўвагу. Трэба спакойна ставіцца да таго, што адбываецца ва Ўкраіне ў пляне палітыкі. Яны заўсёды бурлілі перад выбарамі. У нас у Беларусі гэтага няма. У нас іншая абстаноўка і сыстэма выбараў».
Лукашэнка заявіў, што будзе працягваць кантакты зь новым украінскім кіраўніцтвам.
Я быў катэгарычна супраць вываду ядзернай зброі
Калі сустракаўся з Турчынавым, я казаў, што гэта быў антыканстытуцыйны пераварот, захоп улады.
Потым захоп Крыму – з гледзішча Ўкраіны, далучэньне да Расеі – з гледзішча расейскага боку.
Я быў катэгарычна супраць вываду ядзернай зброі. Я вымушаны быў яе выводзіць. Але гэты працэс стрымліваў як мог.
Ельцын быў ня той чалавек, які быў гатовы здаць інтарэсы Расеі.
Непарушнасьць межаў, цэласнасьць дзяржаў нам была гарантаваная, у тым ліку Ўкраіне.
Я не дапускаю, каб Расея адабрала частку Беларусі ці ўсю Беларусь
Кажуць, ведаеце, – невядома як Хрушч аддаў Крым Украіне, таму трэба забраць яго. Але гэта не матыў. Нават калі так. Таму недапушчальна, калі нейкая дзяржава парушае тэрытарыяльную цэласнасьць, якая была гарантаваная, і далучае тэрыторыю той ці іншай дзяржавы.
Нацмены ў Беларусі мяне пужаюць: сёньня Ўкраіна, заўтра Беларусь. Я не дапускаю, каб Беларусь стала чарговай краінай, каб Расея адабрала частку Беларусі ці ўсю Беларусь. У нас няма напругі ў гэтай частцы. Кажу неяк: Уладзімер Уладзімеравіч, вы павінны напружвацца, бо частка пскоўскіх, смаленскіх і бранскіх зямель некалі належалі Беларусі, давядзецца падзяліцца. Але ў нас і такой пазыцыі няма.
Улады Ўкраіны далі нагоду, каб Расея прылучыла Крым да РФ. Вы вінаватыя, а не Расея. Навошта вы падстаўляліся?
Я ня веру, што Расея хоча адцяпаць усходнюю частку Ўкраіны.
Палітоляг Аляксей Кароль: Лукашэнка заблытаўся паміж нацдэмамі і нацменамі
Падчас прэс-канфэрэнцыі кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў узгадваў «нацменаў».
«Нацмены ў Беларусі мяне пужаюць: сёньня Ўкраіна, заўтра Беларусь», — сказаў ён, адказваючы на пытаньне пра Ўкраіну.
Палітоляг Аляксей Кароль тлумачыць, што мае на ўвазе прэзыдэнт, калі гаворыць пра «нацменаў».
«Гэта штамп з часоў Савецкага Саюзу. Быў забаўны выпадак, калі сакратар па ідэалёгіі Кузьмін сказаў аўтару кнігі пра нацыянальныя партыі: „Яны ўсе такія нацмены“, маючы на ўвазе нацдэмаў. Таму гэта штамп савецкіх часоў. Я думаю, што гэты штамп усплыў у памяці Лукашэнкі, і без канкрэтнага адрасу ён яго ўжыў на прэс-канфэрэнцыі. Лукашэнка заблытаўся паміж нацменамі і нацдэмамі.
Нацмены, ці нацыянальныя меншасьці, у савецкія часы не было абразьлівым выразам. Гэта быў афіцыйны тэрмін, які ўжываўся ў дачыненьні да тых нацыяў, якія былі ў меншасьці ці ў маштабах Саюзу, ці ў маштабах рэспублікі. Таму гэта проста адгалосак савецкага часу і Кароткага курсу гісторыі ВКП(б), па якім студэнты ў савецкія часы яшчэ доўга здавалі экзамэны, і на тройку гэтага хапала».
Палітоляг Павал Вусаў: Лукашэнка дэманструе абарончую рэакцыю
«Гэта ня першы раз, калі Лукашэнка прыгадвае гістарычнае мінулае. Падчас інтэрвію «Эўраньюз» ён таксама згадваў, што калі Расея будзе выкарыстоўваць такія падыходы да былых савецкіх рэспублік, як яна выкарыстала ў дачыненьні да Ўкраіны, то варта прыгадаць мангольскае іга і дзяржаву, часткай якой была Расея.
Калі Лукашэнка кажа пра тэрытарыяльныя зьмены — гэта хутчэй абарончая рэакцыя на тую ідэалёгію, якая цяпер пануе ў Расеі. Кшталту той, што сёньняшнія незалежныя рэспублікі — гэта вынік савецкай палітыкі і штучныя ўтварэньні, а гістарычна яны ніколі не існавалі. Таму Лукашэнка зьвяртаецца да гісторыі, каб падкрэсьліць, што Расея таксама фармавалася як прастора з частак тэрыторыяў тых рэспублік, якія зьяўляюцца незалежнымі. Таму ён прыгадвае і Бранскую вобласьць, і Смаленск, які адышоў да Расеі пасьля рэвалюцыі 1917 году.
Хоць гэта і зварот да расейскага і беларускага грамадзтваў, але ня варта ігнараваць прапагандысцкія высілкі, скіраваныя на Захад, каб паказаць, што Лукашэнка сапраўды дазваляе сабе даволі вострыя выказваньні ў дачыненьні да Расеі, каб падкрэсьліць, што ён незалежны гулец і клапоціцца пра незалежнасьць краіны».
Калі б не Расея, дні ЛНР і ДНР былі б зьлічаныя даўно
Што да бойні на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Калі б не Расея, дні ЛНР і ДНР былі б зьлічаныя даўно. Расея вымушана падтрымліваць і абараняць гэтыя тэрыторыі. Там жывуць браты, і ў бядзе іх Расея кінуць ня можа. Тут цэлы спэктар прычын. Ясна адно. Нам ні ў якім разе нельга там пачынаць вайну. Там ніхто ня будзе ваяваць, апроч Расеі. Амэрыка там ня будзе, ня пойдзе на сутыкненьне наўпрост. Некаторыя зацікаўленыя, каб мы ўласнымі рукамі перабілі адзін аднаго. Ствараецца глябальная варонка, якая зацягвае нас у гэтую вайну. Славяне будуць гробіць адны адных упершыню ў гісторыі.
Украінскі палітоляг Віктар Каспрук: Лукашэнка ня мае права гаварыць пра антыканстытуцыйны пераварот
«Чалавек, які сам зьмяняў Канстытуцыю дзеля сваёй выгады, каб заставацца ва ўладзе, ня мае права даваць ацэнку „антыканстытуцыйнага перавароту“ ў іншай краіне. Відавочна, што Лукашэнка — ужо даўно не легітымны прэзыдэнт. Але любы дыктатар бачыць праблемы легітымнасьці ўсюды, але толькі не ў сябе.
Выглядае, што Лукашэнка намагаецца манэўраваць. Апошнім часам ён зрабіў шмат заяваў, якія працавалі на карысьць Украіны. Зразумела, што такія заявы ня вельмі падабаюцца Расеі, адкуль яму ўказваюць на яго месца з улікам яго залежнасьці ад Крамля. Пуцін у любы момант можа зьняць Лукашэнку і пачаць анэксію Беларусі. Таму гэтая заява, якая прагучала сёньня на прэс-канфэрэнцыі, — дэманстрацыя дваістасьці яго пазыцыі. Насамрэч для яго няважна, што адбываецца па-за межамі дзяржавы, якую ён кантралюе».
Гэта не тая вайна, якая ішла раней. Але пэрспэктывы вырашэньня гэтага канфлікту вайной...
Я вельмі добра стаўлюся да ўкраінскага народа. Я вельмі добра ведаю ўкраінскі народ, асабліва на захадзе. І ня верце, што ва Ўкраіне западэнцы – гэта нацысты, фашысты. А на ўсходзе толькі нашы. Ды нармальныя там людзі.
Хто вінаваты?
Мы вельмі сябруем з Кучмам. Я кажу яму: ты яшчэ не адкупіўся ва ўкраінскага народу за тое, што адбылося ў час твайго прэзыдэнцтва. Развал улады пачаўся тады. Трэба склеіць Украіну, там моцная ўлада неабходная.Трэба мяняць Канстытуцыю. Кучма гэтага не зрабіў. Вось адтуль і пайшло. А пры Януковічу была створана такая сыстэма кіраваньня краінай, пабораў, хабару, карупцыі, якая была нецярпімая для народа. Януковіч са сваімі саратнікамі фінансаваў “Правы сэктар”. Страта ўсялякіх арыенціраў, і ён стварыў сілу, якая яго потым зьнішчыла. Я папярэджваў Януковіча і Пуціна, а раней Мядзьведзева. Мядзьведзеў абсалютна рэальна ацэньваў сытуацыю ва Ўкраіне. Там бальшыня з-за вялікіх цэнаў на газ ненавідзелі расейцаў.
Першым Гарбачоў сказаў, што нельга беларусаў абманваць, яны ўсё роўна потым разьбяруцца
Ня наша віна, што народы не задаволеныя рэалізацыяй дамовы аб саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі. Расея не пайшла на Канстытуцыю саюзнай дзяржавы. Раўнапраўе – гэта калі ўсе пытаньні будуць вырашацца ў інтарэсах Беларусі і Расеі. Першым Гарбачоў сказаў, што нельга беларусаў абманваць, яны ўсё роўна потым разьбяруцца. Мы пайшлі паціхеньку зьнізу. Саюзная дзяржава дзейнічае, але людзі не задаволеныя гэтымі працэсамі. Гэтыя лаянкі паміж Расеяй і Беларусьсю – і яны трацяць арыентацыю.
Калі нам здарыцца стаць сьпіна ў сьпіну з расейцамі, Пуціным, мы станем
Не хачу гаварыць пра Захад. Там ніколі не любілі Лукашэнку і не палюбяць. Я зусім іншы чалавек, просталінейны, шчыры. Палітыка – гэта брудная справа. Я хачу зрабіць, што палітыку можна рабіць чыстымі рукамі. Гэта нікому не патрэбна. У беларусаў павінен быць уласны дом ці хаця б уласная кватэра ў шматпавярховіку. Старэйшы брат малодшага ніколі ня крыўдзіць. Цэнтар Эўропы, Украіна разбурана, там немагчыма Ўсходу і Захаду перамяшчацца, гутарыць. Тут жа заходнікі заўсёды былі, і мы нічога не хавалі. Некаторым дазволілі ўехаць падчас хакею, але толькі тым, хто не абражаў.
Наша пазыцыя па Ўкраіне стала штуршком, каб яны заявілі пра супрацоўніцтва з намі. Яны як лічылі мяне дыктатарам, так і лічаць. Нейкія рухі пайшлі. Трапаць Беларусь і выціраць ногі ўжо неяк непрыстойна, і не таму, што яны памянялі сваю палітыку.
Калі нам здарыцца стаць сьпіна ў сьпіну з расейцамі, Пуціным, мы станем.
Мы з Расеяй саюзьнікі і будзем захоўваць нашы дамоўленасьці. Але ў нас ёсьць уласная пазыцыя. Але мы стратэгічныя саюзьнікі і браты.
Калі пазванілі дыктатару з Захаду, я сказаў, што ў нас ёсьць свой плян. Але ўлічыце, ён ня будзе прыняты. І Захад гэты плян не прыняў. Хоць я казаў, што мы там стабілізуем сытуацыю ва Ўкраіне. Але і Расея гэтага не прыняла.
У Беларусі да 30 тысяч уцекачоў з Украіны
У нас 27–30 тысяч уцекачоў з Украіны. У нас 70 тысяч вакансіяў па краіне. У нас з украінцамі ўсе вельмі па-чалавечы, не перажывайце.
Прызнаем мы Абхазію ці не — нічога не памяняецца
Вам, расейцам, такі важны пасярэднік патрэбен, у тым ліку і кіраўніцтву. Таму вы мяне ня вельмі напружвайце па Крыме, і гэты пасярэднік будзе захаваны як мага далей. Ня трэба мяне даўбаць, як па Абхазіі, прычым абсалютна ўпустую. Прызнаем мы Абхазію ці не — нічога не памяняецца. Багапш, які быў прэзыдэнтам, — мы вельмі цесна супрацоўнічалі. Гэта нам не перашкаджала супрацоўнічаць. Гэтак жа па Асэтыі. Ня ведаю, навошта вам трэба нас напружваць па гэтым пытаньні. Мы паклалі сьпіс Мядзьведзеву на стол — вось што здарыцца, калі мы прызнаем Абхазію і Асэтыю. Амаль тое ж, што цяпер адбываецца з Расеяй. Санкцыі, толькі ў квадраце. Даляра ня будзе, і нам усё зачыняюць. Як вы нам дапаможаце, у адзіночку гэта ўсё — дзяржавы няма. Яны кажуць: паможам. Я кажу: вось сьпіс, як. Ён кажа: гэта пытаньні ўраду. А заходнікі Саляну прысылалі. Макей тады быў у мяне перакладчыкам. Мы не маглі даверыць гэтую размову нікому. Саляна кажа: вы выбірайце. Ясная пазыцыя была Захаду. Пасьля гэтага я паехаў да Мядзьведзева: што будзем рабіць? Вам хочацца, каб была зьнішчана дзяржава? Вы гатовыя падставіць плячо? Не гатовыя. Расейцы былі няздольныя падтрымаць нас у гэтай сытуацыі. Расея не хацела ісьці на канфлікт з Захадам з-за Беларусі. Мы ўжо былі пад санкцыямі, мы ведалі, што гэта такое. Таму наступную хвалю — мне прынесьлі сьпіс, мы ведалі, што будзе. Ня трэба нас напружваць па дробязях.
Калісьці нейкае пытаньне пра Крым стане
Што да Крыму — бацька Аксёнава быў вялікім чалавекам у савецкі час. У яго кумір — прэзыдэнт Беларусі. Там многа праблем. Я туды пасылаў дэлегацыю. Я не зьбіраюся там рабіць нешта папярок украінскай ці расейскай палітыкі. Бацька Аксёнава мне напісаў і папрасіў дапамогі. Пасылаю на ўрадавым узроўні дэлегацыю, каб вывучыць сытуацыю. Вашы бізнэсоўцы і асобныя кіраўнікі баяцца слова «Крым» гаварыць, бо ў іх грошы на Захадзе. А я паехаў на ўрадавым узроўні. Калісьці нейкае пытаньне пра Крым стане. Але мы вызначыліся. Нашу пазыцыю я сказаў, за выключэньнем нюансаў, гэта была закрытая тэма перамоваў з Пуціным, каля я наўпрост сказаў вельмі глыбока мае пазыцыі па Крыме, як бы я там дзейнічаў. Але сёньня я вам пра гэта сказаць не магу.
Брыдка называць прозьвішча Нямцова
Чытаю Нямцова і іншых, прозьвішча нават брыдка гэта называць. Крэвэткі зь Беларусі — я чытаў недзе — у Курскай вобласьці зьявіліся. Ды Гасподзь з табой. Гэтыя крэвэткі зь Беларусі ўжо гадоў 15 у Курскай, Магілёўскай вобласьці прадаюцца.
Расеі далёка да беларускай прадукцыі
Вам далёка да нашай прадукцыі. Бо калі Саюз разваліўся, вы перайшлі на тэхнічныя рэглямэнты, а мы захавалі дзяржстандарт. Пасьля Чарнобылю мы яшчэ зрабілі больш жорсткімі ГОСТы. Беларускае па якасьці значна вышэйшае, і туалетнай паперы ў каўбасе няма. Наша якаснае і таньнейшае. Цяпер і беларускае, якаснае мае цану. Таму ня трэба блякаваць пастаўкі прадукцыі. У нас саюз, свабоднае перамяшчэньне тавараў. А вам, прыватнікам, гэта ня трэба. Кажу — няхай жа канкуруюць зь беларусамі. А як жа «крыша», адкаты, дзяльба? Вось прычына. Я вам прапаную ня стрымліваць пастаўкі таннай прадукцыі на ваш рынак.
Міхал Залескі: Беларуская каўбаса сапраўды трохі лепшая за расейскую
«Калі расейскім журналістам ужо далі абед, то тады можна гаварыць ім такое, што ў іх каўбасе нібыта туалетная папера ўтрымліваецца.
З эканамічнага гледзішча тут сэнс ёсьць. У галіне перапрацоўкі харчовай прадукцыі ў нас быў меншы развал, чым у Расеі, таму якасьць беларускіх прадуктаў крыху вышэйшая, чым у расейскіх харчоў. Але параўноўваць беларускія прадукты з эўрапейскімі заўчасна. Далёка ня ўсе нашы тавары адпавядаюць эўрапейскім патрабаваньням».
Пра кропкі росту
Галоўная наша сыравіна — гэта зямля, апроч мазгоў і працоўных рук. Гэта Парк высокіх тэхналёгіяў, і гэта яшчэ дрэва.
Мы вымушаны ісьці на жэстачайшую мадэрнізацыю. І пунктам росту ўся краіна стала. Былі пустыя паліцы, няма чаго есьці. Можа, у вас там у Маскве большы музэй, чым у нас, але сёньня зайдзіце ў краму — у нас усё, каб жыць і харчавацца. Мы мадэрнізацыяй вёскі заняліся. 45 млрд даляраў уклалі. Мы сёньня ні грама зерня не купляем. У вас няма і 500 кг на брата, а мы ўжо больш за тону вырабілі. Кажуць — беларусы, маўляў, паддойваюць Расею. Ня трэба думаць, што беларусы жывуць за кошт расейцаў. Мы гэтыя грошы зарабляем. І калі мы пазычаем, вы ня думайце, што мы не аказваем паслугі Расеі. Мы ніколі танкі на Расею не прапусьцім. У нас жа дзьве базы ёсьць, і гэта практычна бясплатна, а гэта ж каштуе грошай. Мы аказваем вам паслугі. Ня думайце, што мы нахлебнікі сядзім. Мы падтрымліваем інтэграцыйныя кірункі супрацоўніцтва.
Пра імпэрскія амбіцыі
Паводзіны Расеі часта ў навакольных краінах называюць — імпэрскія амбіцыі. А як гэта назваць?
Проста так Беларусі ніхто не аддае, наадварот, як вам расказаў пра падатковы манэўр, стараецца нахіліць, недзе прынізіць, каб на каленях пастаялі, нешта папрасілі і так далей. Гэта заўсёды засмучае і прыўносіць у нашы адносіны ня тое што непаразуменьне, а нейкую крыўду.
Альбо вы ўвялі эмбарга супраць Малдовы. Гэтую Малдову давялі да жахлівага стану, ледзьве душа ў целе. Яны падпісалі дамову аб асацыяцыі з ЭЗ, як і Ўкраіна. Мы бяром у іх вінаматэрыялы, як іх закрыць? Трэба без амбіцыяў, вельмі хітра, з розумам падыходзіць да гэтых пытаньняў, каб потым не пацярпець самім.
Малдову закрылі. Маленькая, давай прыдушым. Ня трэба.
У адзіночку стаць і выпендрывацца перад сьветам — сьмерці падобна.
Ніякага ў Беларусі рээкспарту не санкцыянавалі і не падтрымліваем
«Такую пікантнасьць прыдаў выпад Пуціна, калі Парашэнка прыяжджаў. Узяў аркуш паперы — глядзіце, нават празь Беларусь ідуць забароненыя тавары. А ў нас дамова зь імі ёсьць, а з вамі як? Там яшчэ два пальцы відаць, гэта ня два пальцы, а нешта незразумелае. Аднясіце, кажу, Кабякову, што гэта за два пальцы. Ён прыносіць — гэта грыбы. Гэтая скрыня сфатаграфавана. Грыбы пад эмбарга не падпадаюць. Гэта грыбы канкрэтнага чалавека ў Беларусі. А чаму скрыня? Зваротная тара. Грыбы не падпадаюць. А Пуцін — а вось падпадаюць. Вы, кажу, разьбярыцеся, ці падпадаюць. Сьледчаму камітэту даручаем — разьбярыце, чые гэта грыбы. І адна скрыня з гэтай фуры была такая. Чаму мытнікі падсунулі гэтую паперу прэзыдэнту? Бо самая карупцыя — на мытні. І на мытні аблом. І яны падсоўваюць. Што ж яны падсоўваюць лажу? І асаблівага рэзанансу ў СМІ не было. Відаць, далі каманду не раскручваць, бо сам трапіў у непрыгожае становішча.
Мы купляем на Захадзе прадуктаў, у тым ліку крыху малака ў Літве і мяса ў Нямеччыне. Мы на захадзе, у Літве, на пэрыяд эмбарга купілі малака для перапрацоўкі 0,84% ад усяго экспарту ў Расею. Калі ў некага з рота прэ, што мы пастаўляем прадукцыю — гэта лабісты, каб трымаць у вас цэны. Мы можам урэшце аддаць усё беларускае, а сыравіну купіць на Захадзе, перапрацаваць і зьесьці самі. Гэта бяздумная прапаганда і ціск на Беларусь.
Пуцін пазваніў, што падпіша ўказ пра эмбарга. Гэта нечакана зрабілі, нас трэба было папярэдзіць. Дык мы яшчэ ваявалі за вашу праплачаную прадукцыю, каб яна прайшла ў Расею. Ці перакуплялі некаторую прадукцыю. Хочаце закрыцца наагул — калі ласка.
Гэтая сытуацыя для нас выгадная. У нас няма лішніх магутнасьцяў, каб перапрацаваць і паставіць вам. Таму ня варта выедзенага яйка і ня варта пра гэта гаварыць.
Нават Расеі было б выгадна скарыстаць Беларусь, каб захаваць свой твар з эмбарга. Пыліць ня трэба. У гэтай вострай сытуацыі трэба дзейнічаць асьцярожна».
Беларусь пакуль ня ў складзе Расеі, таму вы акуратна
Калі фашысты напалі на СССР, мы выступілі адзіным фронтам. Тады трэба было. А цяпер трэба адзіным фронтам? Пытаньне рытарычнае. Там без адзінага фронту. Калі Расея выступіць, то і ніякі іншы фронт не патрэбны. Таму ня трэба ніякага адзінага фронту.
Беларусь пакуль ня ў складзе Расеі, таму вы акуратна. НАТО набліжаецца да межаў Беларусі, і нас гэта ня можа не хваляваць.
Чаму мяне назвалі дыктатарам у Эўропе? Мяне ж прымалі і ў Францыі, у ФРГ, у ЗША. А потым стаў дыктатарам.
Гадоў 17 таму я сказаў, што самым небясьпечным і непрымальным для нас зьяўляецца набліжэньне НАТО на ўсход. У Расеі тады гуляліся з Захадам і гатовыя былі легчы пад Захад хоць галяком, хоць у вопратцы. Я тады гэта ляпнуў. Гэта выступ быў тады зялёнага Лукашэнкі.
І для нас з Расеяй было непрымальным разьмяшчэньне войскаў НАТО ў Крыме. І калі пайшла гэтая вакханалія, мы не аднойчы рэагавалі на паводзіны НАТО. Калі яны з Італіі перакінулі 9 зьнішчальнікаў, мы абвясьцілі вучэньні ў процівагу ў Берасьцейскай вобласьці. Мы мабілізавалі армію бяз вас. Любы рух НАТО да нашых межаў — будзе адэкватная рэакцыя з боку Беларусі. Але вам у Расеі такая пазыцыя Лукашэнкі не патрэбная. Занадта высокі градус Лукашэнкі ў Расеі. Таму вы яго паніжаеце. І вы хаця б не бамбіце Лукашэнку, прамаўчыце.
Мы вельмі прыгожа не дапусьцілі Майдану
У нас выпрацаваны плян на момант «Ч». За месяц да таго, як вы нас пачынаеце падтрымліваць, мы вядзем баявыя дзеяньні толькі сіламі беларускай арміі, абараняючы маскоўскі напрамак. У той жа час я кажу, што мы ня хочам вайны з НАТО.
І мы спрабуем дамовіцца з эўрапейцамі, пераканаць, што мы не агрэсары. Ня трэба супраць нас весьці наступальныя дзеяньні, абрынаць на нас інфармацыйную вайну. Потым праз інтэрнэт спрабаваць нас узарваць. У нас тройчы спрабавалі арганізаваць гэтую рэвалюцыю, што на Майдане. Мы вельмі прыгожа зь яе выйшлі. Бо ў нас парні і хлопцы ёсьць надта мазгавітыя, якія і ў інтэрнэце здольныя рэагаваць на падобныя каляровыя рэвалюцыі.