У Менску прайшоў форум былых палітвязьняў Беларусі, на якім абмеркавалі праграму барацьбы за вызваленьне цяперашніх палітвязьняў. Форум выказаў абурэньне словамі прадстаўніцы Эўразьвязу Майры Моры пра «падтрымку Лукашэнкі».
Уключыцца ў шырокую кампанію салідарнасьці зь цяперашнімі палітвязьнямі заклікаў беларускіх грамадзянаў форум былых палітвязьняў, які адбыўся 16 кастрычніка ў Менску ў штаб-кватэры БНФ. Форум арганізавалі актывісты грамадзкай ініцыятывы «За волю», сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэту БХД, кампаніі «Гавары праўду». З больш як 200 чалавек, якія за часы Аляксандра Лукашэнкі атрымалі ад праваабаронцаў статус палітвязьняў, у форуме ўзяла ўдзел прыблізна дзясятая частка. Арганізатары падкрэсьлілі: важна, што падтрымліваецца агонь змаганьня за палітвязьняў, які сагравае тых, хто застаецца ў турмах, а астатнім дае надзею на хуткае спыненьне гэтай ганебнай зьявы.
«Мэта нашага сёньняшняга форуму — гэта абудзіць у беларусаў памяць пра палітвязьняў, якія цяпер у турмах, і пра тых, каго з намі ўжо няма — пра зьніклых і загінулых. І даць беларусам зразумець, што палітвязьнем можа стаць кожны з нас. Цяпер мы вольна ходзім па вуліцах, але ў любы момант можам апынуцца за кратамі, страціць здароўе, а то і жыцьцё», — сказаў на адкрыцьці форуму былы палітвязень Павал Севярынец, які двойчы адбываў «хімію» і шмат дзён правёў у турмах на Валадарцы, Акрэсьціна і ў «амэрыканцы».
Цяпер у Беларусі, паводле праваабаронцаў, палітвязьнямі лічацца 7 чалавек. Гэта Мікалай Статкевіч, Эдуард Лобаў, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Васіль Парфянкоў. Прысуд Юрыю Рубцову яшчэ не ўступіў у сілу, але ўдзельнікі форуму пагадзіліся, што Рубцова таксама варта лічыць палітвязьнем. Як і Андрэя Бандарэнку, адносна якога вырашана дамагацца перагляду крымінальнай справы. Таксама да ліку палітвязьняў, на думку ўдзельнікаў форуму, трэба тэрмінова дадаць грамадзкіх актывістаў Паўла Вінаградава, Максіма Вінярскага і Ільлю Дабратвора, якія сталі ахвярамі новай практыкі беларускага рэжыму — адвольных затрыманьняў і беспадстаўных арыштаў у сувязі з пэўнымі палітычнымі падзеямі. Паўлу Вінаградаву міліцыянты наўпрост пагражалі лёсам зьніклага Зьмітра Завадзкага, а таксама яму пагражае прымусовае лячэньне ад прыдуманага алькагалізму, нагадаў бацька Вінаградава Юры Вінаградаў.
Паводле актывіста «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева, акцыям салідарнасьці з палітвязьнямі не хапае масавасьці і трываласьці:
«Што робіць улада? Аднойчы, калі Павал Вінаградаў рабіў акцыю сустрэчы вязьняў Акрэсьціна, яна схапіла шмат людзей, некага зноў адправілі на суткі. І наступным разам прыйшло ўсяго 2 чалавекі. Але згадаем, у чым была сіла Майдану? У тым, што калі людзей пабілі, на наступны дзень прыйшлі тысячы. Вось у чым быў момант праўды!»
Удзельнікі форуму пералічылі формы мерапрыемстваў салідарнасьці, якія магчыма рабіць нават ва ўмовах такой дыктатуры, як беларуская, і пры яўнай пасіўнасьці значнай часткі насельніцтва. Гэта лісты салідарнасьці палітвязьням, канцэрты музыкаў, маратоны па зборы сродкаў на дапамогу, у тым ліку сем’ям палітвязьняў. Гісторык Зьміцер Дрозд прапанаваў зьбіраць усе дакумэнты, якія тычацца палітычных спраў. Яны абавязкова прыдадуцца на будучых працэсах над тымі, хто адказны за цяперашнія рэпрэсіі, прагназуе былы палітвязень. Пісьменьнік Уладзімер Халіп, бацька былой «палітзэчкі» журналісткі Ірыны Халіп, настойвае на адказнасьці кожнага беларуса за сытуацыю з палітвязьнямі:
«Ёсьць такое паняцьце — штодзённы супраціў. Людзі ў турмах супраціўляюцца штодзённа, людзі пры дзікіх рэжымах супраціўляюцца штодзённа. І трэба, каб кожны, хто можа, хаця б нешта рабіў кожны дзень».
Адным з спосабаў такога супраціву Ўладзімер Халіп бачыць няўдзел у наступных прэзыдэнцкіх выбарах.
Форум «Палітвязьні Беларусі» заклікаў кіраўніцтва Эўразьвязу працягваць патрабаваць ад беларускага рэжыму тэрмінова вызваліць усіх палітвязьняў. «Мы лічым, што беспакаранасьць і непрынцыповасьць эўрапейскіх чыноўнікаў прыводзяць да ўзмацненьня рэпрэсіяў і зьяўленьня новых палітвязьняў», — гаворыцца ў заяве, прынятай форумам «Палітвязьні Беларусі».
На форуме выступіў першы дарадца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Рудольф Рышар, які пракамэнтаваў прэтэнзіі на адрас кіраўніцы прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майры Моры. Ён паўтарыў, што Майра Мора, калі ўдзельнічала ў тэледэбатах, заклікала беларусаў падтрымліваць Лукашэнку ў змаганьні за мір ва Ўкраіне. Што да пазыцыі Эўразьвязу адносна праблемы палітвязьняў у Беларусі, то, паводле Рудольфа Рышара, яна застаецца нязьменнай:
«Пазыцыя Эўразьвязу адносна пытаньня палітвязьняў не зьмяняецца. Для нас гэта прынцыповае пытаньне ў межах адносін зь Беларусьсю. Як вядома, мы спрабуем гэта вырашыць, ёсьць палітыка санкцыяў, яна не зьмянілася. Зараз будзе чарговы гадавы перагляд гэтага пытаньня, і Эўразьвяз зноў будзе глядзець, як ідзе працэс».