Андруся затрымалі яшчэ 9 кастрычніка, але вядома пра гэта стала толькі 14 кастрычніка. Актывіст праходзіў каля ЦУМа ў Менску ў майцы з надпісам «Свабоду палітвязьням» і прозьвішчамі беларускіх палітвязьняў.
Андруся адвезьлі ў пастарунак і склалі тры пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях — «дробнае хуліганства», «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства» і «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі», паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
10 кастрычніка ў судзе Савецкага раёну Менску актывіста арыштавалі на 15 сутак.
На знак пратэсту супраць несправядлівага судовага рашэньня Андрусь Кашэўскі праводзіць акцыю маўчаньня.
Сёлета гэта трэцяя адміністрацыйная справа супраць Кашэўскага. Яго двойчы зьмяшчалі ў Рэспубліканскі цэнтар псыхічнага здароўя ў Навінкі.
Некалькі гадоў таму Кашэўскага паставілі на ўлік у псыхіятра, бо ён ня раз вывешваў на доме ў Смалявічах бел-чырвона-белы сьцяг.