Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жывадзёраў могуць караць як крымінальнікаў


У Беларусі дагэтуль няма закону аб абыходжаньні з жывёламі. Як і няма артыкулаў у Крымінальным кодэксе аб адказнасьці за жорсткае абыходжаньне зь імі. Чаму так адбываецца, карэспандэнт Свабоды Ўладзімер Глод высьвятляў у дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Натальлі Гуйвік.

На сёньняшні дзень пакараць за жорсткасьць у адносінах да жывёлаў у Беларусі могуць толькі паводле Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. «Жорсткае абыходжаньне з жывёламі, якое пацягнула за сабой сьмерць ці калецтва, а таксама катаваньне жывёл», караецца штрафам ад 10 да 30 базавых велічыняў або адміністрацыйным арыштам.

Такое пакараньне недастатковае, — кажа дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Натальля Гуйвік:

«Таму я прапанавала ўвесьці ў Крымінальны кодэкс новы артыкул, які вызначае ўжо не адміністрацыйную, а крымінальную адказнасьць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі. Бо артыкулы з Адміністрацыйнага кодэксу асаблівага выніку не даюць. І калі раней Генэральная пракуратура Беларусі не пагаджалася з такой нормай Крымінальнага кодэксу, то сёлета, дзякуй Богу, кансэнсус знойдзены. І пракуратура падтрымала дапаўненьне Крымінальнага кодэксу артыкулам 339-1. Ён так і завецца: „Жорсткае абыходжаньне з жывёламі“.

Мы прапаноўваем дзьве часткі ў новым артыкуле. Першая прадугледжвае і штраф, і папраўчыя працы. А другая частка будзе больш суровая, бо там ідзе гаворка пра паўторнае парушэньне і жорсткасьць з боку групы асобаў. Там прадугледжана нават пазбаўленьне волі.

Гэта вельмі важны артыкул. Ён ужо падрыхтаваны для разгляду ў першым чытаньні. І, я думаю, на восеньскай сэсіі, якая зараз праходзіць, дэпутаты за яе прагаласуюць».

Але дэпутаты маюць намер ісьці далей і нарэшце прыняць закон «Аб абыходжаньні з жывёламі», — кажа Натальля Гуйвік:

Гаварыць пра цывілізаванасьць дзяржавы можна толькі ў тым выпадку, калі яе грамадзяне будуць адносіцца да нашых малодшых братоў так, як гэта павінна быць

«Плян працы над законапраектамі на 2015 год яшчэ не зацьверджаны кіраўніком дзяржавы. Але мы чакаем, што хутка ён будзе зацьверджаны. І там на лістапад (калі я не памыляюся) наступнага году заплянаваны разгляд дэпутатамі законапраекту аб абыходжаньні з жывёламі. Я спадзяюся, што гэта адбудзецца.

Гэты закон вельмі важны для нашай дзяржавы. Таму што гаварыць пра цывілізаванасьць дзяржавы можна толькі ў тым выпадку, калі яе грамадзяне будуць адносіцца да нашых малодшых братоў так, як гэта павінна быць».

Дэпутатка Гуйвік кажа, што ў новым законапраекце будуць прапісаныя ўмовы ўтрыманьня, выгулу, рэгістрацыі і чыпаваньня хатніх гадаванцаў, правілы кантролю за колькасьцю бяздомных жывёлаў, вызначаны парадак стварэньня і працы пунктаў часовага ўтрыманьня жывёлаў і прытулкаў.

Натальля Гуйвік сказала Свабодзе, чаму яе асабіста так хвалюе ахова жывёлаў:

«Калі я была маладая і прыгожая і жыла ва ўласным доме, у мяне былі два сабакі — нямецкая аўчарка і рускі спаніэль. У мяне было многа прыгожых катоў. Але, на жаль, раптам зьявілася алергія на поўсьць. Вядома, мая дачка ўсіх іх дагледзела да канца іх дзён. Аўчарка пражыла ў нас 13 гадоў, а спаніэлька — аж 15».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG