Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Шкловалакне» начальнік цэху загадаў спаліць у печы кацянят


Пра гэты выпадак распавялі актывісты суполкі Свабоднага прафсаюзу беларускага, да іх зьвярнуліся са скаргамі працаўнікі прадпрыемства.

Віктар Стукаў, кіраўнік незалежнай прафсаюзнай суполкі, лічыць здарэньне неапраўданай жорсткасьцю:

«На прадпрыемстве жыла кошка, у яе зьявіліся кацяняты. Іх падкормлівалі, шкадавалі, і па вялікім рахунку, жывёлы нікому не заміналі. Аднак жа трапіліся на вочы і пад кепскі настрой нейкаму начальству. У выніку, як нам распавялі працаўнікі, кіраўніцтва цэху № 8 папрасіла „разабрацца“ з кошкай і кацянятамі начальніка цэху № 7, дзе стаіць плавільная печка. Нібыта жывёлы псуюць гатовую прадукцыю, і ад іх трэба пазбавіцца.

Тэмпэратура ў пячы сягае больш за 1000 градусаў

Ніколі мы не чулі, што каты нешта папсавалі, але ад іх пазбавіліся: начальнік цэх № 7 загадаў работнікам спаліць кошку з кацянятамі. Жыўцом!»

У печцы, што стаіць у цэху № 7, паляць адыходы вытворчасьці — пераплаўляюць на шкло, якое далей ідзе ў вытворчы цыкл. Тэмпэратура сягае больш за 1000 градусаў. Дзеяньні тых, хто аддаў загад пазбавіцца ад жывёлаў такім чынам, падпадаюць пад артыкул 15.45 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, жорсткае абыходжаньне з жывёламі, якое цягне за сабой «сьмерць ці калецтва, а таксама катаваньне жывёл» караюцца штрафам памерам ад 10 да 30 базавых велічыняў або адміністрацыйным арыштам.

Аднак актывіст СПБ Мікола Шарах бачыць, што ў гэтай сытуацыі былі і іншыя парушэнні заканадаўства:

«Ясна, што з бадзяжнымі жывёламі так не змагаюцца: калі па законе, дык выклікалі б камунальнікаў. А тут чыстае самаўпраўства! Па-першае, кіраўніцтва цэху, аддаючы такі загад, змушае сваіх працаўнікоў на забойства жывой істоты. У працоўнай дамове сказана, што працаўнік мусіць выконваць усе загады кіраўніцтва. Наш прафсаюз супраць гэтага пратэставаў, але безвынікова. Так што ў нас можна, прыкладам, паслаць рабочага будаваць сабе лецішча, калі начальства скажа. Але што дойдзе да забойства, ніхто не думаў! Па-другое, у гэтай печы „эрклез“, дзе спалілі кацянят, пераплаўляюць адыходы шкла. Па тэхналёгіі недапушчальна спальваць там нешта іншае. У нас рабочых нават штрафуюць, калі ў печку трапляе нейкае выпадковае смецьце. А тут — такі загад!»

Паводле Міколы Шараха, спаленьні жывёлаў у печы маглі здарацца і раней, бо час ад часу на «Шкловалакне» зьяўляліся бяздомныя каты і сабакі, якія потым зьнікалі. Аднак менавіта апошні выпадак стаў шырока вядомы. Яго абмяркоўваюць у грамадзкім транспарце, з актывістамі СПБ зьвязаліся грамадзкія структуры, што апякуюцца бядзяжнымі жывёламі. Супольна вырашылі, што справу варта давесьці да суду, каб вінаватых пакаралі. Таму зараз абвясьцілі пошук сьведкаў спаленьня жывёлаў у плавільнай печы.

Але Мікола Шарах ня ўпэўнены, што запалоханыя работнікі пагодзяцца выступіць у судзе супраць начальства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG