Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Хаг — «унівэрсальны экспэрт» расейскіх СМІ


Прафэсар Лорэнц Хаг (Lorenz Haag) пастаянна дае камэнтары расейскім СМІ. Аднак у Нямеччыне такога экспэрта ня ведаюць.

Усё пачалося з нататкі гісторыка, які жыве ў Бэрліне, аўтара кніг пра сталінскую эпоху Дзьмітрыя Хмяльніцкага, на яго старонцы ў фэйсбуку:

«Да пытаньня аб пуцінскіх агентах ў Нямеччыне. Прафэсар Лорэнц Хаг, кіраўнік Агенцтва глябальных камунікацый, існуе толькі ва ўяўленьні карэспандэнтаў ІТАР-ТАСС, якім рэгулярна і шмат гадоў дае інтэрвію і хваліць Пуціна ў якасьці „нямецкага экспэрта“. Няма ў Нямеччыне такога прафэсара. І агенцтва такога няма».

Блогер Павел Гніларыбаў вывучыў выказваньні Лорэнца Хага ў расейскіх СМІ:

«У айчынных СМІ заўсёды назіраліся праблемы з замежнымі сьпікерамі. Нашы любому новаўвядзеньню асанну прасьпяваюць, а як бы тут знайсьці дзівака за мяжой, які ўхваліць ўсе дзеяньні расейскага боку? Савецкі Саюз карміў сяброў па ўсім сьвеце, таму тэлебачаньне заўсёды магло паказаць патрэбную карцінку. Работнікі ІТАР-ТАСС пайшлі ва-банк, яны выдумляюць нямецкага прафэсара разам зь біяграфіяй і пасадай. Сем гадоў, пачынаючы з 2007 года, журналістам «даваў камэнтары» цудоўны ўсьмешлівы бюргер Лорэнц Хаг. Але вось маленькая няўдача — як толькі пачынаеш гугліць мілага сябра сучаснай Расеі, яго імя нідзе не сустракаецца, акрамя пары расейскамоўных сайтаў. Мыльная бурбалка. Фікцыя. Прарок Самуіл, які адказвае на пытаньні публікі.

Ва ўсіх артыкулах ІТАР-ТАСС Лорэнц Хаг лічыцца старшынём Агенцтва глябальных камунікацый. У іншых паведамленьнях ён ужо старшыня таварыства «Паўднёва-Заходняя Саксонія». Пачынаючы з 2008 году ён упэўнена выказваў свае думкі пра Паўднёвую Асэтыю, пра разьмяшчэньне ракет у Польшчы, пра палёт Гагарына, пра высадку саюзьнікаў у Нармандыі, пра ролю СССР у Другой сусьветнай вайне, пра ўспрыманьне Вялікай айчыннай вайны ў Прыбалтыцы, пра далучэньне Крыму. Увогуле, ён паказаў сябе вельмі падкаваным чалавекам, калі б яго ня выдумалі ад пачатку да канца.

Спадар Хаг аказаўся неабыякавы да творчасьці Расула Гамзатава. Паводле яго словаў, Расул Гамзатаў «дасягнуў незвычайных вышыняў, зь якіх, па сіле сваёй творчасьці, ён падаецца роўным Пушкіну, Гётэ, Байрану, Мільтану і Шэксьпіру, выказваючы надзвычай рэльефна духоўнае багацьце і характар народаў Расеі». «Паэт пакінуў вялізную спадчыну будучым пакаленьням, і яна ніколі ня згасьне» — падсумаваў прафэсар.

Потым ўсюдыісны прафэсар трапіў на выступ ліпецкага (!) ансамбля. «Мы пачулі расейскія і казацкія песьні, цыганскія матывы, убачылі расейскія танцы і лезгінку, ну й легендарныя Калінку і Кацюшу; многія з тых, што сабраліся ў зале, сьпявалі разам з ансамблем. Гэта было новае дыханьне расейскай душы, якое трэба ўспрымаць сэрцам,» — піша Павел Гніларыбаў.

Я паспрабаваў знайсьці якія-небудзь сьляды навуковай дзейнасьці прафэсара Хага, зыходзячы з таго, што проста прафэсараў у прыродзе не бывае, а бываюць альбо прафэсары канкрэтных навучальных установаў, альбо прафэсары на пэнсіі, але і ў адных, і ў другіх проста абавязаны захавацца ў інтэрнэце сьляды навуковай або выкладчыцкай дзейнасьці. Але ніякіх сьлядоў ні прафэсарства Лорэнца Хага, ні сьлядоў яго студэнтаў або асьпірантаў я не знайшоў. А знаходзіў толькі сьляды яго розных інтэрвію з апраўданьнем палітыкі ўраду Расеі. Адшукалася і згадка пра яго ўдзел ва ўручэньні бюста Гагарына музэю касманаўтыкі гораду Хэмніц, прычым там Лорэнц Хаг значыўся паўнамоцным прадстаўніком Фэдэрацыі касманаўтыкі Расеі ў краінах Эўропы, ЗША і Канадзе.

Я патэлефанаваў у дзьве арганізацыі, назвы якіх нагадвалі «Агенцтва глябальных камунікацый». Адно зь іх аказалася PR-агенцтвам, і там ня ведалі ніякага прафэсара Хага, ніколі ня чулі пра яго і ў іншым агенцтве з такой жа назвай «Агенцтва глябальных камунікацый».

Затое ў Хэмніцы знайшоўся Інстытут эканамічных інавацый. На гэтым сайце ёсьць фатаграфіі прафэсара Хага як навуковага кіраўніка (http://iwi-forschung. de/index. php/sonstiges). Такім чынам, Лорэнц Хаг сапраўды жыве ў горадзе Хэмніц, які з 1953 па 1990 год называўся Карл-Маркс-Штадт.

Я патэлефанаваў па двух пазначаных тэлефонах Інстытута эканамічных інавацый. Аўтамат паведаміў мне, што такія нумары не існуюць або адключаныя. Відаць, нумары фіктыўныя. У выніку, ніякіх выхадаў на прафэсара Лорэнца Хаг я не знайшоў, як не знайшоў сьлядоў яго арганізацыі.

І тады я патэлефанаваў Дзьмітрыю Хмяльніцкаму з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю з прафэсарам, як выказаўся Маякоўскі, «акадэміі навуковых мастацтваў».

«На гэтае імя я наткнуўся шмат гадоў таму, калі займаўся працай над артыкулам пра акадэмію праблем бясьпекі, аховы і правапарадку. Гэта была такая падстаўная квазіграмадзкая арганізацыя, створаная ў КДБ, у ёй удзельнічалі ўсякія вышэйшыя чыны КДБ і арміі, якія езьдзілі па ўсім сьвеце і раздавалі ад свайго імя ордэны, якія былі вельмі падобныя на сапраўдныя — ордэн Пятра Вялікага, ордэн Кацярыны Вялікай і гэтак далей. У 2008 годзе ў сувязі зь ёю ў Нямеччыне быў вялікі скандал, Focus і Die Welt напісалі пра яе як пра чыста шпіёнскую арганізацыю, якая займаецца вярбоўкай агентаў. Пасьля чаго яе хуценька ў Маскве распусьцілі. І я тады наткнуўся на гэтага чалавека, які браў удзел у раздачы ордэнаў, у Дрэздэне ад імя акадэміі нейкі ордэн камусьці ўручалі. Імя запомніў. Прафэсар Лорэнц Хаг існуе толькі ў расейскай прэсе. Як правіла, у яго бяруць інтэрвію журналісты ТАСС, як правіла, адно і тое ж імя ўзьнікае — Уладзімір Сьмелаў, ён бярэ ў яго інтэрвію, якое перадрукоўваецца ў газэтах, у прыватнасьці, у „Дуэли“, „Взгляде“, „Известиях“. Ён даволі актыўны ўжо некалькі гадоў, дае інтэрвію па ўсіх важных палітычных падзеях, прымаючы бок Расеі і хвалячы Пуціна. І пры гэтым ён усюды прадстаўлены як нямецкі экспэрт. Я пазьбіраў ягоныя тытулы, ён прадстаўляе сябе ў якасьці кіраўніка Агенцтва глябальных камунікацый, якое знаходзіцца ў Хэмніцы. Гэтага агенцтва не існуе ў прыродзе, яго сьлядоў няма ў заходняй прэсе. Гэтак жа, як няма сьлядоў прафэсара. Хутчэй за ўсё, гэты Хаг зьяўляецца прафэсарам той самай Акадэміі бясьпекі, яна раздавала і такія пацешныя навуковыя тытулы. Акрамя таго ён зьяўляўся паўнамоцным прадстаўніком Фэдэрацыі касманаўтыкі Расеі ў Эўропе, ЗША і Канадзе, і быў галоўным рэдактарам часопіса „Элита Росии“. Два гады таму ён віншаваў Вышэйшую школу эканомікі зь юбілеем 20-годзьдзя ў Маскве. Прычым у віншаваньні ў яго стаіць тытул „прафэсар, доктар honoris causa“».

«Як вы самі ўспрымаеце гэтую гісторыю: яна выклікае сьмех ці яе варта ўспрымаць сур’ёзна?

«Не, гэта ні ў якім выпадку сьмеху не выклікае. Масавае распаўсюджваньне спасылак на нейкага заходняга экспэрта, які падтрымлівае палітыку Пуціна — гэта сур’ёзна» — кажа Дзьмітры Хмяльніцкі.

Сам «прафэсар» Хаг адгукнуўся зноў у інтэрвію ТАСС. Адклікаючыся на камэнтары блогераў, ён не патлумачыў, адкуль зьявілася ягонае вучонае званьне, а толькі выказаў сумнеў, што Дзьмітры Хмяльніцкі зьяўляецца гісторыкам, і прапанаваў «разносчыкам чутак спрыяць збліжэньню Захаду і Расеі, а ня сеяць варожасьць».


Матэрыял Юрыя Вэксьлера з Расейскай службы РС

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG