Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ільхам Аліеў наведае Беларусь у 2016 годзе


Ільхам Аліеў на плошчы Перамогі ў Менску, 2012 год.
Ільхам Аліеў на плошчы Перамогі ў Менску, 2012 год.

Пра гэта сёньня заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей пасьля сустрэчы са сваім азэрбайджанскім калегам Эльмарам Мамед’яравым. Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі назваў адносіны паміж Беларусьсю і Азэрбайджанам прыкладам дынамічных узаемавыгадных дачыненьняў.

У сваю чаргу, міністар замежных спраў Азэрбайджану сказаў, што таваразварот у 300 мільёнаў даляраў паміж дзьвюма краінамі невялікі і яго трэба павялічваць. Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Азэрбайджану сказаў, што цяпер ягоная краіна мае намер ажыцьцявіць вялікі праект па перакіданьні газу з азэрбайджанскай часткі Касьпія ў Італію. Гэты праект ацэньваецца прыкладна ў пяцьдзясят мільярдаў даляраў. І таму азэрбайджанцы лічаць, што беларускія будаўнікі маглі б актыўна паўдзельнічаць у гэтым праекце.

Абодва кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў падкрэсьлілі, што ў зьнешняй палітыцы афіцыйныя Баку і Менск ня маюць разыходжаньняў.

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Палітоляг Андрэй Фёдараў зьвяртае ўвагу: афіцыйны візыт азэрбайджанскага міністра Эльмара Мамед’ярава адбываецца літаральна за пару дзён да правядзеньня ў Менску сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі, Казахстану і Расеі ў рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу, які цяпер ствараецца. Яны зноў абмяркуюць праблему далучэньня да гэтай інтэграцыйнай структуры новых сябраў — найперш, Армэніі:

«Безумоўна, вялікай радасьці ад таго, што Армэнія далучаецца да Мытнага саюзу, у Баку ня маюць. І гэта зьвязана з праблемай Нагорнага Карабаху. Як вядома, Азэрбайджан не прызнае прыналежнасьць Карабаху да Армэніі. Бо калі Армэнія ўвойдзе ў інтэграцыйную супольнасьць, то туды фактычна ўвойдзе і Карабах, паміж імі мяжы няма.

Аліеў неаднаразова выказваў сваю занепакоенасьць на гэты конт. І даволі рэзка выказваўся супраць далучэньня. Дарэчы, ён прыцягнуў на свой бок Назарбаева, які агучваў гэтую вэрсію. І я не выключаю, што візыт міністра замежных спраў Азэрбайджану ў Менск якраз з гэтым і зьвязаны. Мабыць, Азэрбайджан паспрабуе дзейнічаць празь Менск, каб гэтага не дапусьціць. Магчыма, і праз Астану таксама».

Дарэчы, пры галасаваньні ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па рэзалюцыі, якая асуджала захоп Крыму Расеяй, Азэрбайджан падтрымаў гэты дакумэнт. А вось Армэнія выступіла супраць прыняцьця рэзалюцыі.

Тут усё зразумела», — кажа Андрэй Фёдараў:

«Яны знаходзяцца на дыямэтральна супрацьлеглых пазыцыях. Армэнія з фармальнага пункту гледжаньня ў сытуацыі з Карабахам выступае захопнікам чужой тэрыторыі. Таму Ерэван і падтрымлівае Маскву».

Дырэктар менскага Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў адзначае, што і Азэрбайджан, і Беларусь удзельнічаюць у праграме «Ўсходняе партнэрства»:

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

«Іх падабенства ў гэтай праграме заключаецца ў тым, што гэтыя краіны маюць самыя нізкія паказьнікі разьвіцьця дэмакратыі і гарантыяў правоў чалавека. У прынцыпе, рэжымы што Аліева, што Лукашэнкі — вельмі падобныя. І тут нават складана сказаць, які зь іх больш жорсткі.

А вось розьніца паміж Беларусьсю і Азэрбайджанам вызначаецца найперш іх дачыненьнямі з Эўразьвязам. Нягледзячы на тое, што рэжым Аліева вельмі падобны да лукашэнкаўскага, у эўрапейцаў з Баку ўсталяваліся больш цесныя дачыненьні, чым зь Менскам. Азэрбайджан уключаны як у двухбаковае вымярэньне, якога няма ў Беларусі, так і ў шырэйшыя праграмы супрацоўніцтва зь Эўрапейскім Зьвязам.

Тут, вядома, шмат што вызначаецца тым, што Азэрбайджан — краіна з нафтай. І эканамічныя інтарэсы часткова перакрываюць палітычную прагматыку каштоўнасьцяў у падыходах Эўразьвязу. А вось адносна Беларусі ўжо шмат гадоў рэакцыя Брусэля — больш жорсткая, больш непрымірымая. Яна больш прывязаная да дэмакратычных каштоўнасьцяў. І тут справа ня толькі ў нафце. Беларусь — бліжэйшы сусед Эўрапейскага Зьвязу. Мы зьвязаныя з Эўропай і агульнай мяжой, і вялікімі культурнымі і палітычнымі падзеямі гістарычнага мінулага».

Сёньня кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Азэрбайджану прымаў Аляксандар Лукашэнка, які заявіў:

«Калі характарызаваць нашы дачыненьні двума словамі — дай Бог з кожным мець такія дачыненьні».

Лукашэнка назваў свае асабістыя дачыненьні з Аліевым «больш чым сяброўскімі»:

«Мы цалкам давяраем адзін аднаму. І вось гэтыя асабістыя дачыненьні перанесеныя на міждзяржаўны ровень... Вы ніколі ня кідалі нас у бядзе, у цяжкія часы вы нас заўжды падтрымлівалі і ў бядзе ня кідалі. Мы гэта памятаем».

Азэрбайджан дапамагаў Лукашэнку ня менш як двойчы — у сытуацыях з вэнэсуэльскай нафтай і з тэрміновым валютным крэдытам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG