Імя ляўрэата сёньня назвала кіраўніца Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Ан Брасэр на адкрыцьці асеньняй сэсіі ПАРЭ ў Страсбуры.
Анар Мэмэдлі — вядомы ў Азербайджане сваёй абаронай права на свабодны выбар. Ён заснаваў арганізацыю, якая з 2001 году займаецца незалежным маніторынгам выбараў у Азербайджане. Ён быў арыштаваны ў сьнежні 2013 году, абвінавачаны ва «злоўжываньні ўладай» і ў траўні сёлета прысуджаны да зьняволеньня тэрмінам на 5,5 году. Прэмію ўручылі бацьку Анара Мэмэдлі, якога запрасілі на сёньняшнюю цырымонію ў Страсбур.
На цырымоніі абвяшчэньня сёлетняга ляўрэата прэміі Вацлава Гаўла прысутнічаў таксама Алесь Бяляцкі, першы ляўрэат гэтай прэміі. Спадарыня Ан Брасэр адмыслова прывітала беларускага праваабаронцу, нагадаўшы дэпутатам эўрапейскіх парлямэнтаў, што Алесь Бяляцкі не прысутнічаў на цырымоніі ўручэньня прэміі летась, паколькі тады сядзеў яшчэ ў турме.
Праваабарончая прэмія, якую дае Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы у партнэрстве зь Бібліятэкай Вацлава Гаўла і Фондам Хартыя 77, прысуджаецца грамадзкаму актывісту або недзяржаўнай арганізацыі за заслугі ў праваабарончым руху.
Падзею камэнтуе галоўны рэдактар бакінскага бюро Радыё Азадлык (Радыё Свабода) Зейнал Мамэдзі.
Свабода: Як успрынялі ў Азербайджане ўганараваньне праваабаронцы прэміяй імя Вацлава Гаўла:
Мамэдзі: Улады гэта не ўспрымуць, а вось апазыцыя, апазыцыйныя партыі — так. Партыя «Мусават», Народны Фронт. Аптымістычна ўспрыме гэта і пэўнае кола інтэлігенцыі. Што тычыцца ўраду і праўрадавых сілаў, дык тут магчымыя два варыянты: альбо замоўчваньне, альбо крытыка. Анар Мэмэдлі — фігура вядомая ў апазыцыйных колах, увогуле сярод дэмакратычна і крытычна скіраваных людзей. Яго ведае большасьць, а паважае — шмат хто.
Свабода: А ці можа гэтая падзея паўплываць на становішча палітычных вязьняў, магчыма, нават паспрыяць вызваленьню каго-небудзь? Альбо прэзыдэнт Аліеў будзе цьвёрда «трымаць марку»?
Мамэдзі: Ня думаю, што ў гэтым сэнсе прэмія неяк паўплывае. Наўрад ці ў гэтым сэнсе прэмію можна разглядаць аптымістычна. Гэта больш акт маральнай падтрымкі.