Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа экс-дырэктара «Барысаўдрэва»: сьведкі пацьвярджаюць пазыцыю Ўладзімера Мальцава


Уладзімер Мальцаў
Уладзімер Мальцаў

У Менскім абласным судзе працягваецца працэс над былым гендырэктарам «Барысаўдрэва» Ўладзімерам Мальцавым, якога абвінавачваюць у зрыве мадэрнізацыі прадпрыемства і нанясеньні вялікіх стратаў.

На працэсе над Уладзімерам Мальцавым працягваецца допыт сьведак па эпізодзе аб пастаўцы і мантажы катлоў для «Барысаўдрэва» турэцкай фірмай «Бэрсэй». Спрэчнае тут пытаньне аб плаце за мантаж катлоў, якое ўрэшце і каштавала Мальцаву ўжо паўгода арышту, а можа каштаваць 8 гадоў няволі. Паводле абвінавачаньня, выстаўленага былому гендырэктару, з-за ягонай службовай нядбайнасьці і непрафэсіяналізму турэцкім адмыслоўцам нібыта паўторна выплацілі грошы за мантаж пастаўленых катлоў, хоць гэтыя працы аплачваліся ў межах кантракту на пастаўку катлоў. Уладзімер Мальцаў стаіць на іншай пазыцыі. Падсудны даводзіць, што дазборка частак катлоў у Беларусі — гэта адно, а мантаж саміх катлоў — гэта зусім іншае, што не прадугледжвалася кантрактам з «Бэрсэем» і патрабавала асобнай платы. А што кажуць пра гэта адмыслоўцы?

2 кастрычніка ў судзе ў якасьці сьведкі дапыталі першага намесьніка дырэктара — галоўнага інжынэра аб’яднаньня «Цэнтрэнэргамантаж» Генадзя Васількова. Прадпрыемства, якое ён прадстаўляе, адмыслова было створанае для мантажу падобнага абсталяваньня і працавала шмат дзе ў СССР. Вось і ў Барысаве калегам і падначаленым Генадзя Васількова давялося мантаваць катлы, якія паставіла турэцкая фірма «Бэрсэй». Няўжо туркі самі не маглі сабраць свае катлы?

Сьведка патлумачыў суду, што дазборка частак катлоў і іх мантаж — розныя рэчы, і спаслаўся на пэўныя дакумэнты, якія потым адвакат папрасіў далучыць да справы. Адрозьненьне дазборкі ад мантажу ў тым, даводзіў сьведка, што мантаж патрабуе адпаведных ліцэнзіяў адмыслоўцаў, прыкладам, зваршчыкаў, якіх у турэцкіх працаўнікоў не было. У межах першага кантракту з «Бэрсэем» туркі самі рабілі зборку тых частак катлоў, якія з-за габарытаў прывозілі ў Беларусь разабранымі. А мантаж гэтых частак катлоў вялі ўжо беларускія спэцыялісты з адпаведнымі ліцэнзіямі, за чым прадстаўнікі турэцкай фірмы наглядалі і вырашалі праблемныя пытаньні. «Выконвалі функцыі шэф-мантажу», — патлумачыў сьведка. Таксама, паводле спадара Васількова, туркі рабілі такія працы, як, прыкладам, абмуроўка катлоў, бо беларускі бок вырашыў, што пастаўшчык мусіць цалкам адказваць за сваё абсталяваньне. Усе гэтыя працы турэцкіх адмыслоўцаў павінны былі аплачвацца асобна, пацьвердзіў сьведка.

Барысаўдрэў
Барысаўдрэў

Ці меў гендырэктар «Барысаўдрэва» Ўладзімер Мальцаў непасрэднае дачыненьне да дамовы паміж аб’яднаньнем «Цэнтрэнэргамантаж» і турэцкай фірмай «Бэрсэй» аб мантажы катлоў? Гэта таксама выявілася падчас допыту сьведкі з удзелам падсуднага і судзьдзі.

Падсудны: «Турэцкі бок з вамі заключыў дамову на мантаж кацельнай. Скажыце, у падрыхтоўцы, заключэньні дамовы я неяк удзельнічаў?»

Сьведка: «Не. Перамовы на вашай тэрыторыі не праходзілі, гэта было на нашай тэрыторыі. На той стадыі вы да нас і не прыяжджалі».

Судзьдзя: «А як атрымалася, што да вас зьвярнуліся туркі наконт гэтага кантракту аб мантажы?»

Сьведка: «Бо мы тады ўжо працавалі на гэтым прадпрыемстве, да таго ж туркі нас ведалі па лініі Міністэрства энэргетыкі. Ім нас там рэкамэндавалі».

Менскі абласны суд
Менскі абласны суд

Таксама ў судзе быў дапытаны Міхаіл Шальпук, які працуе начальнікам мантажнага ўчастку ў «Цэнтрэнэргамантажы». Гэта ягоныя падначаленыя непасрэдна мантавалі турэцкія катлы на «Барысаўдрэве». Сьведка згадаў, што на нарадах па мадэрнізацыі «Барысаўдрэва», якія называлі словам «штаб», абмяркоўвалася і тое, што трэба заключыць асобны кантракт зь фірмай «Бэрсэй», якая мусіць наглядаць за мантажом катлоў:

Адвакат: «Ці былі з боку канцэрну, Менскага аблвыканкаму пярэчаньні супроць заключэньня кантракту зь фірмай «Бэрсэй»?

Сьведка: «Мне пра такое невядома».

Адвакат: «А прадстаўнікі ўраду бралі ўдзел у „штабах“?»

Сьведка: «Бываў першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка».

Адвакат: «Ці абмяркоўвалася гэтае пытаньне пры ім, што памятаеце?»

Сьведка: «Магчыма, абмяркоўвалі. Мінуў час, больш за год. Але, магчыма, гэта абмяркоўвалі і ў прысутнасьці Сямашкі».

Сьледзтва тым часам лічыць, што Мальцаў аднаасобна далучыў турэцкую фірму да працы на «Барысаўдрэве» і потым лабіраваў яе інтарэсы.

Уладзімера Мальцава сьведка Міхаіл Шальпук ахарактарызаваў як настойлівага, энэргічнага і кампэтэнтнага кіраўніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG