Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не мадэрнізаваўся — на нары


Леташні прэзыдэнцкі разнос на «Барысаўдрэве» атрымаў працяг. За канчатковы правал мадэрнізацыі прадпрыемства ўзялі пад варту дырэктара «Барысаўдрэва» Ўладзімера Мальцава, яго маёмасьць арыштаваная. Пра аднаўленьне сталінскіх мэтадаў перавыхаваньня нарамі — Ігар Карней.

У Сьледчым камітэце паведамілі, што ў адносінах да Мальцава распачатая крымінальная справа па факце «злоўжываньня службовым становішчам», што пацягнула за сабой цяжкія наступствы для дзяржаўных інтарэсаў. Папярэдне нанесеная прадпрыемству шкода ацэньваецца больш як у 13 мільярдаў рублёў (блізу 150 тысяч даляраў), але, мяркуючы па ўсім, гэтая сума не канчатковая. Як кажа прадстаўнік камітэту Сяргей Кабаковіч, цяпер высьвятляецца, у чыіх канкрэтна інтарэсах дзейнічаў кіраўнік:

«Дзеяньні падазраванага кваліфікаваныя паводле часткі 3 артыкула 424 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь у сувязі з прычыненьнем цяжкіх наступстваў дзяржаўным інтарэсам у працэсе выкананьня мерапрыемстваў па мадэрнізацыі, якая праводзілася на прадпрыемстве. У адносінах да кіраўніка акцыянэрнага таварыства ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту, а таксама накладзены арышт на яго маёмасьць. Сьледчыя дзеяньні па дадзенай крымінальнай справе працягваюцца».

У лістападзе 2013 году на «Барысаўдрэў» з праверкай заехаў Аляксандар Лукашэнка і прыйшоў у шаленства ад безгаспадарнасьці ў цэхах і на тэрыторыі — пры тым, што на мадэрнізацыю былі выдаткаваныя значныя сродкі. За зрыў тэрмінаў і, як вынік, істотны рост кошту тэхнічнага пераўзбраеньня Лукашэнка ўчыніў кадравы ператрус, не сыходзячы зь месца. Сваіх пасадаў пазбавіліся старшыня Менскага аблвыканкаму Барыс Батура, кіраўнік канцэрну «Беллеспаперапрам» Аляксандар Пераслаўцаў, намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Андрэй Тур; кіраўніку адміністрацыі Андрэю Кабякову была абвешчаная строгая вымова. Уладзімера Мальцава пакінулі выпраўляць становішча, але, мяркуючы па ўсім, нешта кардынальна зьмяніць на маральна састарэлым прадпрыемстве ня так лёгка.

Супрацькрызісны кансультант Мечыслаў Бурак лічыць, што ва ўмовах плянавай эканомікі, якая засталася ў спадчыну ад савецкіх часоў, кіраўнікі ня здольныя нічога мадэрнізаваць нават пад пагрозай турмы. На яго перакананьне, пакуль карэннай перабудовай ня зоймецца кроўна зацікаўлены ў канчатковым выніку прыватнік, пасадкі будуць працягвацца:
Сацыялізм нідзе не прыжыўся і ніколі ня будзе эфэктыўным інструмэнтам эканомікі ці палітыкі

«Капіталізм добры не таму, што ён эфэктыўны, а таму, што ён найбліжэй адпавядае чалавечай прыродзе. Па сутнасьці, ён такі ж іншародны, як і ўсё іншае, але калі выбіраць, як кажуць, з двух ліх, то, безумоўна, капіталізм больш гуманны, ён дае магчымасьць выруліць у патрэбным кірунку зь меншай крывёю. А сацыялізм, ад якога ў нас усё ніяк ня могуць адмовіцца, супярэчыць чалавечай прыродзе ў прынцыпе. Таму ён не атрымаўся, нідзе не прыжыўся і ніколі ня будзе эфэктыўным інструмэнтам эканомікі ці палітыкі. Наадварот, ён будзе весьці толькі да яшчэ большых эксцэсаў. Што мы, уласна кажучы, назіраем на прыкладзе Беларусі. Дарэчы, не выключэньне нават той жа хвалёны Кітай, ня кажучы пра іншыя рэзэрвацыі «сацыялізму з чалавечым тварам».

«Барысаўдрэў» спэцыялізуецца на вытворчасьці фанэры, мэблі, піламатэрыялаў, клееных нарыхтовак. Тут вырабляюцца і запалкі, якія ў народзе нярэдка называюць «вогнетрывалымі» — здабыць агонь трэба яшчэ ўмець. Такіх прадпрыемстваў па краіне дзясяткі, што стварае магутную ўнутраную канкурэнцыю, прымушаючы заводы дэмпінгаваць, а значыць, пастаянна зьніжаць заробкі. Паводле саміх работнікаў, сярэднія прыбыткі ў галіне — адны з самых малых па краіне, у эквіваленце 200-300 даляраў.
Барысаўдрэў
Барысаўдрэў

Каб прыцягнуць заказы, кіраўнікі нярэдка падключаюць адміністрацыйны рэсурс, бо інакш таньней спыніць канвэер, чым працаваць на склад. Відаць, намаганьні гендырэктара Мальцава любым спосабам пашырыць прысутнасьць на рынку і былі прыраўнаныя да злоўжываньня службовым становішчам.

Мэнэджэр сярэдняга зьвяна Андрэй К. больш за чатыры гады адседзеў паводле абвінавачаньня ў нямэтавым выкарыстаньні дзяржаўных сродкаў і кажа, што «эканамічных» за кратамі з кожным годам усё болей. Пасьля выхаду з турмы цягам 5 гадоў яму забаронена займаць адказныя пасады, і 6 мільярдаў рублёў, што яму прысудзілі выплаціць, няма адкуль браць. На яго перакананьне, 13 мільярдаў рублёў, якія хочуць павесіць на Ўладзімера Мальцава, таксама з катэгорыі непад’ёмных:
Лічу, што дзяржава тут паступае няправільна, бо каб сума была адэкватная, быў бы шанец яе спагнаць

«Гэта неразумны пазоў. Лічу, што дзяржава тут паступае няправільна, бо каб сума была адэкватная, быў бы шанец яе спагнаць. А так — не. Дзяржава забірае ўсё, разьдзяе да трусоў. Адзінае, што пакуль не прыдумалі норму, каб чалавека выселіць на вуліцу з кватэры, забраць яшчэ і жыльлё, калі ты там прапісаны, жывеш. Што да ўсяго астатняга, то забіраюць практычна ўсё, і гэта несправядліва. Атрымліваецца падвойнае пакараньне: з аднаго боку, ты сядзіш, з другога — плаціш непамернае спагнаньне. Тым больш — што тычыцца эканамічных злачынстваў. Калі яшчэ я адбываў тэрмін, колькі было размоваў пра гуманізацыю Крымінальнага кодэксу, асабліва цягам 2007–2008 гадоў! Маўляў, за эканамічныя правапарушэньні не саджаць, як забойцаў, а калі ўжо злавілі за руку, то даваць няшмат. На жаль, усё на словах. На маю думку, пакуль не памяняюцца судзьдзі, пакуль не памяняюцца сьледчыя, пракуроры, якія патрабуюць тэрмінаў пад самую столь, нічога ня будзе. Колькі абвінавачаньне патрабуе, столькі і даюць».

Паводле абвінавачаньня ва злоўжываньні службовым становішчам у розны час за кратамі пабывалі ці там застаюцца кіраўнікі Менскага трактарнага заводу, канцэрнаў «Белнафтахім» і «Беллегпрам», сыстэмы Белкаапсаюзу, прадпрыемстваў «Нафтан», «Слодыч», «Медпласт», «Мазырсоль», «Гомельшкло», «Віцебскэнэрга», «Рагачоўскі МКК», «Маналіт Град», шэрагу камэрцыйных банкаў, а таксама высокапастаўленыя чыноўнікі. Усе арышты. тлумачацца барацьбой з карупцыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG