Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіно пра верасень 39-га: ці настальгуюць па Польшчы гэтак жа, як па СССР?


Адна з гераіняў фільму — польскамоўная Гэнавэфа Шчучка
Адна з гераіняў фільму — польскамоўная Гэнавэфа Шчучка

У міжнароднае турнэ выпраўляецца дакумэнтальная стужка рэжысэра Ягора Сурскага, прысьвечаная лёсавызначальным падзеям 75-гадовай даўніны. Фільм «Восень-1939: на мяжы памяці», створаны ў рамках інтэрнэт-праекту «Беларускі архіў вуснай гісторыі» гісторыка Алеся Смаленчука, днямі прэзэнтаваны ў Менску падчас навуковай канфэрэнцыі «Верасень 1939-га ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі». 4 кастрычніка аўтараў чакаюць у Коўне на Міжнародным кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі, а 6 кастрычніка кіно пакажуць на Днях беларускай культуры ва Ўроцлаве.

У анатацыі гаворыцца, што гадзінная стужка адлюстроўвае праблематыку існаваньня ўсходняй мяжы Польшчы на тэрыторыі Беларусі ў пэрыяд 1921–1939 гадоў. Сюжэт грунтуецца на выніках экспэдыцыі адмыслоўцаў, якія ў сваёй працы карыстаюцца мэтадам так званай вуснай гісторыі — апытваюць непасрэдных сьведак падзеяў. Сёлета ў ліпені каманда пад кіраўніцтвам аўтара праекту «Беларускі архіў вуснай гісторыі», доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука ўчыніла свой «вызвольны паход» уздоўж былой паўночнай часткі польскай мяжы, высьвятляючы асаблівасьці ўплыву верасьнёўскіх падзеяў на лёсы ня толькі тамтэйшых жыхароў, а і ўсёй Беларусі. Расказвае рэжысэр фільму, па сваім асноўным занятку — выкладчык Беларускага гуманітарнага ліцэю Ягор Сурскі:

Рэжысэр Ягор Сурскі
Рэжысэр Ягор Сурскі

«Тут такая перадгісторыя. Я калі пагадзіўся зрабіць фільм для людзей, якія прафэсійна займаюцца „вуснай гісторыяй“, задаўся пытаньнем: а калі для мяне асабіста пачалася вусная гісторыя? Фармальна гэта курс у Алеся Смаленчука, які ёсьць піянэрам гэтай справы ў Беларусі. Але для кожнага чалавека вусная гісторыя пачынаецца з аповедаў бабулі, дзядулі. І я зразумеў, што я ў вуснай гісторыі, атрымліваецца, даўно, таму магу за гэта брацца. Што тычыцца рэспандэнтаў, то шукалі адмыслова, асобна; езьдзілі, знаходзілі цікавых людзей, цікавых пэрсанажаў, і аповеды, трэба сказаць, запісалі ўнікальныя. Зь іншага боку — экспэдыцыя, якая ладзілася тымі, хто займаецца такімі рэчамі прафэсійна. Мы гэтыя два моманты злучылі, і атрымалася дакумэнтальная стужка. Яна ўздымае шмат якія тэмы, датычныя самаідэнтыфікацыі беларусаў, што асабліва важна жыхарам Заходняй Беларусі, якія жылі ўздоўж усходняй мяжы тагачаснай Польшчы. І іншыя рэфлексіі, ужо ў сучаснасьці: як людзі бачылі падзеі 1939 году і ўва што гэта вылілася для іх у гістарычным і асабістым пляне».

Шлях дасьледчыкаў прайшоў па Віцебскім рэгіёне і ахапіў паселішчы на Пастаўшчыне, Полаччыне і Глыбоччыне. Гэтыя мясьціны сталі зьвяном у агульных геапалітычных зьменах, якія 75 гадоў таму сталі паваротнымі для гісторыі далёка не адной толькі Беларусі. У фільме «Восень-1939: на мяжы памяці» кіраўнік экспэдыцыі Алесь Смалянчук так разважае пра супярэчлівасьць тых падзеяў:

Алесь Смалянчук
Алесь Смалянчук

«1939-ты год для мяне застаецца пэўнай загадкай. З аднаго боку, гэта вельмі важная падзея ў нацыянальным станаўленьні Беларусі, бо нашы сёньняшнія межы вызначаныя збольшага якраз у 1939 годзе. Беларусь узьядналася, у нацыянальным маштабе падзея вельмі важная. Але калі размаўляеш зь людзьмі, якія ўсё гэта асабіста перажылі, то часта сутыкаесься з тым, што 39-ты — гэта шматлікія асабістыя трагедыі. Вось як гэта сумясьціць? А гэта трэба сумяшчаць, і трэба гэта ўлічваць. Не павінна ў нас быць ніякіх дзяржаўных, афіцыйных ці палітычных сьвятаў, якія на самой справе былі трагедыяй для многіх людзей. Тым больш — мы дакладна ведаем, што падзеі 1939-га былі вынікам пакту Молатава-Рыбэнтропа, які рэальна разьвязаў Другую ўсясьветную вайну. І зноў жа, калі мы кажам, што гэта сьвята для беларусаў, як можна сьвяткаваць пачатак Другой усясьветнай вайны, якая абярнулася такімі жудаснымі трагедыямі?»

Героі стужкі — калярытныя бабулькі і дзядулькі, якім на момант гістарычнага ўзьяднаньня было па 10–15 гадоў. Некаторыя, як 88-гадовы Мар’ян Бумбліс з Паставаў, маюць адметныя старонкі біяграфіі: за актыўны ўдзел у справе вяртаньня вернікам храму Сьвятога Антонія Падуанскага спадар Мар’ян узнагароджаны дыплёмам за ахвярную працу на карысьць Касцёлу. 96-гадовая Гэнавэфа Шчучка з Дуброўшчыны Пастаўскага раёну так і ня выйшла з дасавецкіх часоў і дагэтуль гаворыць па-польску. Большасьць — простыя людзі, за плячыма якіх некалькі клясаў польскай школы. Магчыма, хтосьці з гледачоў пазнае аднавяскоўцаў, якія ці не ўпершыню расказваюць тое, чаго ня чулі нават сямейнікі. 87-гадовая Валянціна Касьпяровіч зь вёскі Лесава Полацкага раёну, 85-гадовы Мар’ян Семеш з Вострава на Глыбоччыне, 87-гадовая Алена Новік з гарадзкога пасёлку Любча Наваградзкага раёну. Падарожжа ў часе эмацыйна аздабляе музыка, адмыслова створаная маладым кампазытарам і выканаўцам Пятром Клюевым.

Вернік і крытык бальшавізму Мар’ян Бумбліс
Вернік і крытык бальшавізму Мар’ян Бумбліс

У фільме Алена Новік згадвае, як абарыгены не маглі знайсьці паразуменьня зь перадавымі атрадамі вызваліцеляў:

«Усе чакалі, гэтакія задаволеныя былі, думалі, разявім рот — манна зь неба будзе сыпацца. Ды ад той манны ой як горка было потым... Зрабілі браму зь бярозак, усё вакол у кветках, стол паставілі, заслалі абрусам, рушнік, хлеб-соль. Падрыхтаваліся спатыкаць. Бачым, танк ідзе. А мне 12 гадоў, ногі на плечы — пабегла. Вось сустрэлі, адзін пачаў выступаць: таварышы, гаворыць, у кагосьці пяць порткаў, а ў мяне адны. Што да чаго? Нашы толькі сьмяюцца: ну, штаноў-то мы вам не прынесьлі. А нехта як у ваду глядзеў: чакай-чакай, і гэтыя здымуць... Колькі часу прайшло, прыходзяць да нас: „Хазяйка, малака!“ Мама кажа — калі ласка. А яны нават ня ведалі, што мы можам і хлеба даць: там жа, на ўсходзе, з калгасу што возьмеш? Хіба дулю. Сядзяць, ядуць. Мама паставіла трохлітровы жбанок, адзін кажа: наша арлоўская карова за цэлы дзень ня дасьць такі жбанок малака. Уявіце! Тры літры карова ня дасьць (сьмяецца — РС). „Хазяйка, а ваша колькі?“ — „Ды за адзін раз столькі“, — мама гаворыць! Усю дарогу адзін аднаго не разумелі».

Гутарка з Валянцінай Касьпяровіч
Гутарка з Валянцінай Касьпяровіч

У размове з гасьцямі з экспэдыцыі Алеся Смаленчука спадарыня Алена расказала, што нават пасьля таго, як улада бальшавікоў атабарылася ў заходняй частцы Беларусі, усходнія межы для вызваленых суродзічаў заставаліся закрытымі — трапіць у той жа Менск можна было выключна па візе. І невядома, колькі б яшчэ такая ізаляцыя цягнулася, каб не пачатак ваенных дзеяньняў у 1941 годзе:

«Вы ведаеце ці не? За Стоўпцамі мяжа была закрытая да самай вайны. А візу атрымаць — гэта была праблема. У мяне бацькава сястра жыла ў Менску, то бок цётка зь дзядзькам і дзьве дваюрадныя сястры. А ў нас тут — два яе браты і дзьве сястры. І ніхто з нашых туды так і ня трапіў. Толькі ў 1941 годзе меўся дзядзька паехаць з-пад Карэлічаў, але так і не пасьпеў. Вось тады вайна нам адкрыла межы. Бо зь першых дзён як сталі адступаць, рушылі на Стоўпцы, пра ўсе межы забыліся. Шкада людзей, столькі палягло... А пасьля вайны што здарылася? Пачалі ледзь не абвінавачваць, што мы заходнікі, ды нейкія не такія. Прасьцей кажучы, ішлі як людзі другога гатунку. Тыя, усходнія — вышэйшы сорт, можа першы, а мы ўжо толькі другі. А як прыйшлі вызваляць у 1944-м, то сталі ўжо трэцім сортам, бо мала таго, што заходнікі, дык потым яшчэ і пад акупацыяй былі».

Абмеркаваньне «вусных гісторый»
Абмеркаваньне «вусных гісторый»

Рэжысэр Ягор Сурскі кажа, што падчас здымкаў сутыкнуўся зь нечаканай для сябе адметнасьцю «паняволеных» заходнікаў. Як некаторыя людзі шкадуюць пра тое, што страцілі савецкую апеку, так і ў заходніх рэгіёнах некаторыя зь цеплынёй згадваюць «панскі прыгнёт». Прыкладам, Мар’ян Семеш на правакацыйнае пытаньне — ці не шкадуе ён, што цяпер жыве ў Беларусі — наўпрост заяўляе: «Ай, можа і шкадую. У Польшчы лепей было жыць». Наколькі пашыраная тэндэнцыя ўзводзіць у культ мінуўшчыну — Ягор Сурскі:

«Увогуле наша геаграфія — гэта фокус, перш за ўсё, Пастаўшчыны. Як высьветлілася, вельмі цікавы рэгіён. Фактычна гэта і ёсьць паўночная мяжа каталіцызму, што надзвычай выяўляецца ў шматлікіх рысах гэтай мясцовасьці. У нас рэспандэнты напалову каталікі, напалову праваслаўныя; адна гераіня з Усходняй Беларусі, усе астатнія з Заходняй Беларусі. І гэтая геаграфічная розьніца таксама істотна выяўляецца».

Карэспандэнт: «Як цяпер пэўная частка грамадзтва настальгуе па СССР, ці адчуваецца ў вашых герояў падобнае „настальжы“ па польскіх часах?»

Афіша дакумэнтальнай стужкі
Афіша дакумэнтальнай стужкі

«Безумоўна, ёсьць. Хутчэй за ўсё, гэта зьвязана, напэўна, і з канкрэтнымі, асабістымі момантамі жыцьця. Перадусім, што гэта было дзяцінства, бацькі маладыя, адносна бесклапотны лёс. Акрамя таго, усе згадваюць, што гэта была ўласная гаспадарка, вельмі сур’ёзная, якую ніяк не параўнаць з калгасным ладам. Таму гэтая настальгія аб’ектыўная, і яна надзвычай цікавая для сёньняшніх беларусаў, бо гэта ўжо мінулае, пласт гісторыі, пласт простых людзей, якіх з кожным днём ад нас адыходзіць усё больш. На жаль».

У назьве фільму Ягор Сурскі прапануе разглядзець своеасаблівую сэнсавую шараду. Восень — адпаведны эмацыйны стан, які натхняе на ўспаміны. 1939 — вядомая гістарычная дата. Мяжа — адна з дасьледніцкіх тэмаў «Беларускага архіву вуснай гісторыі», якая тычыцца ўсходніх рубяжоў Польшчы на цяперашняй тэрыторыі Беларусі. Памяць — асноўная крыніца інфармацыі для тых, хто займаецца вуснай гісторыяй. На мяжы памяці — мэтафара, сэнс якой прапануецца разгадаць гледачам.

Інтэрнэт-праект «Беларускі архіў вуснай гісторыі» распачаў працу ў 2011 годзе і ўяўляе сабой «сховішча» электронных дакумэнтаў па вуснай гісторыі Беларусі. Матэрыялы паступаюць у архіў праз збор успамінаў падчас экспэдыцый і перадачу дакумэнтаў гісторыкамі, краязнаўцамі ды іншымі неабыякавымі людзьмі. Тэматыка інтэрвію ахоплівае маладасьледаваныя пытаньні гісторыі рэпрэсіяў, эміграцыі, этнаграфіі, знакавых падзеяў ХХ стагодзьдзя ў асобных рэгіёнах краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG