Шматфункцыянальны комплекс «Кемпінскі», які зьнішчыў гістарычны будынак першай менскай электрастанцыі і незваротна зьмяніў панараму цэнтру беларускай сталіцы, магчыма, ніколі ня будзе ўключаць у сябе гатэль сусьветнага брэнда, а дата ягонага адкрыцьця дагэтуль не вядомая.
«Я б таксама хацела гэта ведаць», — дзявочым голасам адказвае на пытаньне Радыё Свабода «Калі дабудуецца комплекс?» адзін з тэлефонных нумароў кампаніі «Трайпл».
«Трайпл» — група кампаніяў блізкага да беларускага прэзыдэнта алігарха Юрыя Чыжа, — адзін з заснавальнікаў кампаніі-замоўцы будаўніцтва (разам з расейскім «Сіці Эстэйт») — «Эліт Эстэйт» (Elite Estate JLCC company).
З Нацыянальнага прававога партала зьнік і тэкст указу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 11.05.2010 № 243 «Аб умовах будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу ў г. Менску». Менавіта гэтым указам «Эліт Эстэйт» даваліся надзвычайныя льготы пры пабудове комплексу. Гэты ж указ вызначыў першую дату яго ўводу ў эксплюатацыю — да 31 сьнежня 2013 году (тэкст указу ёсьць тут).
Няма на партале і ўказу № 86 ад 21 лютага 2014 году, дзе адкрыць комплекс загадвалі да 1 траўня.
Прадстаўніца прэсавай службы Камітэту дзяржаўнага кантролю, на які ўскладзены кантроль за выкананьнем прэзыдэнцкага ўказу, паведаміла Радыё Свабода, што інфармацыі на гэты конт ня мае.
Генэральны праектант — маскоўская архітэктурная майстэрня «СПиЧ» — камэнтаваць працэс рэалізацыі праекту і дату ўвядзеньня ў эксплюатацыю ветліва адмовіўся, спаслаўшыся на дамоўныя абавязкі перад замоўцам.
Ніякіх камэнтароў не дае генэральны падрадчык — славенская фірма «Riko d.o.o». Пазначаны ў пашпарце аб’екта як адказная асоба Віталь Копаць на пытаньне, калі ўсё ж завершыцца будаўніцтва, адпраўляе да таго ж «Эліт Эстэйт»:
«Пры паралельным праектаваньні гэта вельмі цяжка. Пазыцыя замоўцы — ніякіх камэнтароў, здымкаў. Мы простыя будаўнікі», — кажа праз тэлефон спадар Копаць.
Прэсавая служба кампаніі «Трайпл» першы запыт ад Радыё Свабода наконт заканчэньня будаўніцтва атрымала яшчэ 15 жніўня і дагэтуль ветліва абяцае даць інфармацыю, «як толькі яна зьявіцца».
Гэта не «Кемпінскі»
«Група Kempinski Hotels S.A ня мае аніякіх дамоваў наконт нерухомасьці ў Беларусі», — такі адказ на свой запыт Радыё Свабода атрымала ад Марыі Кун, віцэ-прэзыдэнта піяр-дэпартамэнту жэнэўскага офіса кампаніі 14 жніўня гэтага году.
Няма менскага «Кемпінскі» і сярод гатэляў, бліжэйшае адкрыцьцё якіх група анансуе на сваім сайце.
«Чаму ўсе называюць яго „Кемпінскі“? Ужо ў адной назьве ідзе фальсыфікацыя, — абураецца старшыня таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч. — Каб стаць „Кемпінскі“, яму трэба быць пабудаваным і адпавядаць усім нарматывам, якія выстаўляюцца групай „Кемпінскі“ пэўнаму гатэлю для продажу свайго брэнда».
Пра тое, што каля цырку будзе менавіта «Кемпінскі», прэзыдэнт сам напісаў ва ўказе № 243. Брэнд прыкрыў сабой зьяўленьне ў самым цэнтры прыватных апартамэнтаў (каля 14 тыс. кв.м.) і офісаў (каля 15 тыс. кв.м.), а яшчэ 23 тыс. кв. м у праекце адведзена на паркоўку і іншыя дапаможныя пабудовы. Тыя ж 23 тыс. кв. м. паводле праекту займае і будынак гатэля.
Прычым усё гэта суправаджаецца парушэньнямі заканадаўства аб ахове гістарычных помнікаў, абвінавачаньнямі ў карупцыі ды грамадзкім абурэньнем.
Дзяржаўная ж прапаганда напрыканцы 2009 году прадстаўляла будаўніцтва комплексу так, нібыта «Кемпінскі» ледзь ня ўпрошваў прэзыдэнта Лукашэнку даць магчымасьць адкрыць гатэль у Менску.
Цяперашні рэдактар аддзелу палітыкі выданьня «Беларусь сегодня» Дзьмітры Крат пісаў:
«Толькі давайце дамовімся, у 2013 годзе да 7 лістапада мы яго адкрыем. Да дня рэвалюцыі, — абазначыў канкрэтны тэрмін прэзыдэнт. Капіталіст Рэта Вітвэр, прэзыдэнт і генэральны дырэктар групы „Кемпінскі“, узрушана пагадзіўся — рэвалюцыя дык рэвалюцыя. Галоўнае — прыбытак!»
Які прыбытак атрымаў «капіталіст» Рэта Вітвэр ад будоўлі ў Менску, пакуль няясна. Але Аляксандар Лукашэнка і Юры Чыж выкарысталі імя «Кемпінскі» напоўніцу.
Славенская фірма-забудоўшчык Riko ўголас абвяшчала пра будаўніцтва «Кемпінскі» ў Менску і два гады таму спрабавала выкрасьліць свайго партнэра Юрыя Чыжа з «чорнага сьпісу» Эўразьвязу, насуперак палітыцы пашырэньня эўрасанкцыяў супраць Беларусі. Пабудова гатэля, паводле падлікаў Riko, каштавала 57 мільёнаў, а комплекс цалкам меўся абысьціся ў 100 мільёнаў эўра.
Перад чэмпіянатам сьвету па хакеі будаўнічы імпэт уладаў не абмінуў і брэнд «Кемпінскі». Менавіта пад гэтую падзею, дзякуючы згаданаму прэзыдэнцкаму ўказу, кампанія Чыжа атрымала экстраардынарны ільготны рэжым.
Аднак пад чэмпіянат сьвету гатэль так і не адкрыўся. Ці будзе замоўца кампэнсаваць недаатрыманыя дзяржавай у выглядзе збораў і падаткаў грошы?
Паасобныя факты сьведчаць, што «Кемпінскі» сапраўды хацеў мець у Менску гатэль і пэўныя дамоўленасьці ўсё ж былі.
У каталёгу на 2013 год Кемпінскі пазначае, што гатэль у Менску зьявіцца ў 2014 годзе. Такую ж інфармацыю ў верасьні мінулага году зьмясьцілі ў прэс-рэлізе з нагоды гадавіны гатэля «Кемпінскі» ў Вільні.
Дый сам выбар кампаніі-праектанта «СПиЧ», якая ўжо рабіла праекты для гатэляў групы ў Ніжнім Ноўгарадзе і Кіеве, можа быць не зусім выпадковы.
Так ці інакш, каб стаць «Кемпінскі», будынак павінен быць гатовы.
«Што „Кемпінскі“, што „Хілтан“ — гэта фірмы, якія цяпер ня маюць сваіх гатэляў, а прадаюць свае брэнды, і толькі тым гатэльным комплексам, якія цалкам адпавядаюць стандартам брэнда. Але гэты будынак невядома, ці будзе адпавядаць, ці ня будзе, — кажа Антон Астаповіч. — Я магу сказаць, што, хутчэй за ўсё, нічога Кемпінскі не прададуць. Бо для іхніх гатэляў трэба ў першую чаргу будынкі, якія стаяць асобна. А тут у агульным комплексе — толькі частка гатэльнай плошчы. Усё астатняе — пэрспэктыўныя прыватныя апартамэнты і яшчэ бізнэс-цэнтар».
Вярніце электрастанцыю і зьнясіце пару паверхаў
Апроч пэрспэктывы адвыкаць ад прыліплай да будынку назвы «Кемпінскі», грамадзкасьць чакаюць і іншыя неадназначныя сюрпрызы.
На праектах, які падрыхтаваў «СпиЧ», добра відаць узноўлены побач з гатэлем будынак першай менскай электрастанцыі. Гэты помнік архітэктуры стаў ахвярай скандальнай пабудовы. Антон Астаповіч два гады таму нават ініцыяваў завядзеньне крымінальнай справы супраць мэра Менску Мікалая Ладуцькі ды іншых дзяржаўных чыноўнікаў.
Справа скончылася нічым, але «Эліт-эстэйт» абавязалі ўзнавіць гістарычны будынак на набярэжнай. Маскоўскія архітэктары шчымліва распавядалі менчукам пра тое, як гэта будзе зроблена.
Але на заплянаваным месцы гістарычнага будынку няма. На ўмовах ананімнасьці Радыё Свабода распавялі ў архітэктарскім асяродзьдзі, што рашэньне не ўзнаўляць будынак ужо прынятае.
«Электрастанцыю сапраўды разабралі, каб пабудаваць „Кемпінскі“. Але паводле заканадаўства помнікі зьнішчаць нельга. Таму знайшлі кампраміснае рашэньне: будынак „разрэзалі на фрагмэнты“ з патрабаваньнем узнавіць яго ў іншым месцы» — распавядае наша крыніца. — Цяпер нібыта кажуць, што няма тэхнічнай магчымасьці. Але ж праект рыхтаваўся шмат гадоў, і мала верыцца ў тое, што гэта так. Проста ня хочуць«.
Ігар Чарняўскі, начальнік Упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і культуры ў міністэрстве, кажа, што сытуацыю з узнаўленьнем помніка архітэктуру Міністэрства адсочвае, але ня ведае, ці ён ужо ўзноўлены:
«Рашэньне (аб узнаўленьні будынку электрастанцыі. — РС) выконвае ролю закону. Мы лічым, што яно павінна быць рэалізаванае. Мы ня ходзім і ня сочым за новым будаўніцтвам. У нас ёсьць канкрэтныя адказныя — гэта мясцовыя органы кіраваньня. У гэтай сытуацыі ў нас дастаткова кантрольных і назіральных органаў. Але наша пазыцыя такая».
Архітэктары зьвяртаюць увагу і на тое, што новы будынак выявіўся незаплянавана высокі. Маўляў, Міністэрства культуры пагаджалася, каб комплекс быў у пэрспэктыве не вышэйшы за дом, які стаіць на рагу праспэкта Незалежнасьці і вуліцы Янкі Купалы. А новы гмах «забівае» сабою ўвесь праспэкт.
На існаваньне двух праектных плянаў комплексу адпачатку зьвяртаў увагу блогер dariuss. Паводле аднаго з плянаў будынкі сапраўды нашмат ніжэйшыя. Які плян зацьвярджаў Мінкульт і як ён будзе рэагаваць, калі парушэньні сапраўды ёсьць, — невядома. Паводле новага праекту зон аховы гістарычнага цэнтру Менску вышыня будынкаў уздоўж праспэкту Незалежнасьці не павінна перавышаць 26 мэтраў.
У Менску — як у Пхеньяне
Два гады таму тагачасны міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі пажадаў будучым наведнікам «Кемпінскі» ў Менску памятаць пра беларускіх палітзьняволеных. Цяжка меркаваць, наколькі падобныя сантымэнты ўласьцівыя мэнэджэрам «Кемпінскі».
У тым жа 2012 годзе «Кемпінскі» абвясьціў, што стане апэратарам гатэля «Ругён» у Пхеньяне. Той самы Рэта Вітвэр, якога аглядальнік газэты адміністрацыі беларускага прэзыдэнта назваў капіталістам, прарочыў гатэлю будучыню «машыны, якая друкуе грошы».
Гісторыя найвышэйшага хмарачоса Паўночнай Карэі, які будуецца ўжо амаль 30 гадоў, выявілася надзвычай падобнай да таго, што маем у Менску.
Праз год «Кемпінскі» ад супрацоўніцтва з паўночнакарэйскім хмарачосам адмовіўся. А гатэль «Ругён» займеў славу «самага высокага незаселенага будынку».
Падобную да той, якую мае другі мегапраект Юрыя Чыжа — дом «Ля Траецкага», адзінкавых жыхароў якога вылічаюць па запаленым вечарамі сьвятле ў вокнах.