Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыж пра санкцыі: Мне ўсё да аднаго месца


Юры Чыж
Юры Чыж

З другой спробы ў «чорны сьпіс» Эўразьвязу можа трапіць адзін з найбагацейшых людзей Беларусі, сузаснавальнік і кіраўнік холдынгавай кампаніі «Трайпл» Юрый Чыж.

Падчас папярэдняй спробы пашырыць пералік неўязных «спонсараў беларускага рэжыму» ягоную кандыдатуру заблякавала Славенія, якая празь бізнэс-структуры Чыжа мае камэрцыйныя інтарэсы ў Беларусі. Як да пэрспэктывы міжнароднай ізаляцыі ставіцца сам прадпрымальнік, які стварыў разгалінаваную таварна-гандлёвую сетку ў тым ліку і ў краінах Эўразьвязу?

23 сакавіка Рада Эўразьвязу разгледзіць пытаньне пра дадатковыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі, а таксама бізнэсоўцаў, якія маюць асаблівы статус пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі. Пра санкцыі супраць уладальніка групы кампаній «Трайпл» — 48-гадовага Юрыя Чыжа — размова вялася на аналягічным пасяджэньні яшчэ ў лютым, але тады зь меркаваньняў эканамічнай немэтазгоднасьці іх заблякавала Славенія пры падтрымцы Латвіі.

Цяпер Любляна і Рыга абавязаліся не чыніць перашкодаў, але страты ўжо падлічваюць. Ня выключана, што найперш пад санкцыі трапяць кампаніі Чыжа, якія завязаныя на гэтых краінах — перадусім «трайплаўскія» партнэры славенскай будаўнічай фірмы «Rico Group», супольна зь якой узводзіцца гатэль «Кемпінскі», завод біяпаліва «Mamas D» у Даўгаўпілсе ды іншыя. Сам Юрый Чыж на пэрспэктыву частковай эканамічнай ізаляцыі рэагуе досыць стрымана:
Журналістам гэтая тэма чамусьці нашмат больш цікавая, чым мне. А яна мне да аднаго месца, можаце так і напісаць.

«Журналістам гэтая тэма чамусьці нашмат больш цікавая, чым мне. А яна мне да аднаго месца, можаце так і напісаць. Мне нецікава камэнтаваць, найперш, факт, які не адбыўся, а хадзіць кругом і навокал, нешта прагназаваць ды ацэньваць — бессэнсоўна».

Сёлета кампанія «Трайпл» адзначае 20-годзьдзе сваёй шматпрофільнай дзейнасьці. Па словах Юрыя Чыжа, такі «падарунак» на юбілей — лішняе сьведчаньне «амаральнасьці» ягоных нядобразычліўцаў:

«Кожны ў сілу сваёй разбэшчанасьці і маральных асноваў розныя падарункі падрыхтаваў нашай фірме. Вось і ўсё. Тут абсалютна няма падставаў кудысьці паглыбляцца».

Юрый Чыж — сябра рады Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і арандатараў. Старшыня арганізацыі Ўладзімер Карагін кажа, што не ўхваляе эканамічныя санкцыі супраць буйных бізнэсоўцаў. Па яго словах, усе абвінавачаньні грунтуюцца на тым, што беларускія алігархі нібыта «абслугоўваюць» уладу, але пры гэтым ніякіх рэальных доказаў не прадстаўлена:

Уладзімер Карагін
Уладзімер Карагін
«У прынцыпе, у нашай краіне прадпрымальнікі адсечаныя ад дзяржавы. Таму атаясамліваць уладу і бізнэс — гэта, на маю думку, недарэчна. Я ўвогуле супраць любых санкцыяў, супраць санкцыяў з боку любых дзяржаў. Ствараць штучныя бар’еры лягчэй за ўсё, цяжэй за ўсё іх разбураць. У гэтым сэнсе патрэбная рэальная канвэргенцыя, зьняцьцё межаў, ліквідацыя бар’ераў. Каб людзі маглі кантактаваць, езьдзіць, уплываць адзін на аднаго ў пазытыўны бок. Але пры наяўнасьці бар’ераў гэта немагчыма. Мы і так колькі дзесяцігодзьдзяў сядзелі ў СССР за высокім калючым дротам, і нельга дазволіць сёньня зноў адкінуць Беларусь у тыя часы».

У рэйтынгу 200 самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі, які традыцыйна па выніках году рыхтуе інтэрнэт-партал «Ежедневник», Юрый Чыж стаіць на другім месцы — адразу за кіраўніком кампаніі «Белтэхэкспарт», мільярдэрам Уладзімерам Пефціевым.

Пачаўшы на пачатку 1990-х гадоў з паставак нямецкіх вокнаў па новай у той час тэхналёгіі ПВХ, а потым арганізаваўшы ўласную вытворчасьць, «Трайпл» паступова аброс самымі рознымі адгалінаваньнямі: імпарт нафты і экспарт нафтапрадуктаў; сетка ўласных АЗС; будаўніцтва і інвэстыцыі ў нерухомасьць; вытворчасьць будматэрыялаў; выраб газаваных напояў і мясапрадуктаў; гандаль мэталам, цэмэнтам, бытавой хіміяй, адзеньнем; імпарт элітнага алькаголю. Падразьдзяленьне «Трайпла» — дылер аўтаканцэрну «Audi».

Апроч таго, Юрый Чыж валодае шэрагам рэстаранаў і кавярняў: «Ракаўскі бровар», «У Францыска», «Сябры», «Овертайм», «Залаты грабеньчык», «Гасьцінны маёнтак», «Салодкі фальварак». А таксама аб’ектамі для спорту і адпачынку: гарналыжны комплекс «Лагойск», лядовы палац на малой радзіме ў Бярозе, вэлнэс-клюб «EVO», база «Сябры», паляўнічы клюб «Варыянт». Чыж — уладальнік менскай футбольнай каманды «Дынама».

Пры канцы 1990-х Юрый Чыж наблізіўся да ўладнай вярхушкі. Гуляе ў прэзыдэнцкай хакейнай камандзе адразу з трыма Лукашэнкамі: прэзыдэнтам Аляксандрам Рыгоравічам, ягоным дарадцам па нацыянальнай бясьпецы Віктарам Аляксандравічам, кіраўніком прэзыдэнцкага спартовага клюбу Дзьмітрыем Аляксандравічам. У сэзон разам з Лукашэнкамі косіць траву ў жылой рэзыдэнцыі прэзыдэнта ў Драздах. «Трайпл» — сярод галоўных спонсараў Прэзыдэнцкага спартовага клюбу.

У чорны сьпіс блізкіх да ўладаў бізнэсоўцаў, супраць якіх могуць быць абвешчаныя санкцыі Эўразьвязу, апроч Уладзімера Пефціева і Юрыя Чыжа, трапіў і Анатоль Тарнаўскі — уладальнік групы «Юнівэст», былы віцэ-прэзыдэнт нафтавай кампаніі «Слаўнафта». Спэцыялізуецца на пастаўках паліва і будаўнічым бізнэсе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG