Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дыхай, падла! І размаўляй!»


У сваім фэйсбуку я «павіншаваў» тых, хто ў пачатку 90-ых дамагаўся наданьня рускай мове роўнага статусу з беларускай — што было тоесна ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. Сёньня мы бачым вынік рэалізацыі гэтага праз «рэфэрэндум» 1995 году: у Магілёве — адна беларускамоўная кляса і адна вучаніца ў ёй. А ў Берасьці не набралі пяць чалавек, каб адкрыць беларускую клясу.

Мой допіс адкамэнтавалі — пераважна, папрокам на адрас саміх бацькоў.

«Але ж ніхто не аказвае супраціву...Амаль усе давольныя рэжымам...»

«Я вам так скажу, панове, што сёння ў Магілёве, напрыклад, улады кажуць адкрыта: „Шукайце бацькоў... дзяцей... клясы будуць...“ Аля няма дастатковай колькасьці жадаючых... проста няма...»

«Я думаю, што асноўная праблема ў саміх нас. Калі людзі пачнуць патрабаваць вучыцца па-беларуску, то самыя зацятыя каты беларушчыны здадуцца».

Падобныя папрокі (нібыта і справядлівыя) гучаць увесь час.

Але быў і такі камэнтар:

«Зьмена ўлады на пазытыўную і нацыянальную — адзіны выхад. Інакш нічога ня зьменіцца, а будзе толькі горш. Хто расказвае казкі — той крывіць душой! Гэта недапушчальна. Бацькі таксама думаюць пра будучыню сваіх дзетак. Не жадаюць іх ставіць у абставіны, дзе няма выхаду ў сьвет з Мовай. Вучыцца на беларускай мове, але што потым?»

Так, канешне: патрэбныя жаданьне, самаарганізацыя, салідарнасьць. Але менавіта: што потым?

Адсутнасьць і самаарганізацыі, і пэрспэктывы («што потым?») узьнікла не сама па сабе, а зрабілася вынікам мэтанакіраванай палітыкі. Менавіта так: не «абыякавасьці ўладаў» да беларускай мовы, а сыстэмнай, мэтанакіраванай палітыкі звужэньня яе ўжытку да аднаго вучня ў паўмільённым горадзе. Палітыка гэтая пачалася ў 1994-м, зь першых дзён прыходу Лукашэнкі да ўлады і цягам больш як 20 гадоў ніколі не мянялася. І, перакананы, ня зьменіцца — пры цяперашнім кіраўніку.

А папрокі ў бок людзей... На мой погляд, гэта як заціснуць чалавеку нос і рот, перакрыць яму дыханьне на 20 хвілінаў, а потым, калі ён, абмяклы, упадзе а зямлю, заклікаць: «Дыхай, падла, дыхай! І размаўляй!».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG