Эканамічная вайна паміж Расеяй і Эўразьвязам, як уяўляюць некаторыя беларускія грамадзяне, магла б мець станоўчы вынік як для ўсёй беларускай эканомікі, так і для паасобных спажыўцоў. А жыхары памежных рэгіёнаў Беларусі ўжо яго адчулі. Размаўляю зь людзьмі на вуліцах Менску:
Юначка: «Наша краіна можа апынуцца яшчэ ў лепшым становішчы, бо нам на рынак можа трапляць танная садавіна».
Спадарыня: «Урад наш паспрабуе скарыстаць гэты момант і зарабіць болей грошай».
Юначка: «Плюс у тым сэнсе, што больш якасныя прадукты ў нас будуць. Я сама зь Берасьця, і да нас ужо возяць польскае малако нашай машынай. Раней ніколі такога не было, польскага малака мы ня бачылі».
Ці польскае малако на беларускіх прылаўках — ініцыятыва асобных прыватных гандляроў, ці вынік цэнтралізаваных дзяржаўных паставак, у Міністэрстве гандлю высьветліць не ўдалося. Тэлефоны высокіх міністэрскіх чыноўнікаў маўчаць, а дробныя адказваць баяцца: у прыватнасьці — супрацоўніца ўправы, якая адмовілася называцца:
«Я з задавальненьнем адкажу на пытаньні, якія вас цікавяць, калі будзе на гэта дазвол майго кіраўніцтва. Пэўна, вам трэба напісаць пісьмовы запыт на маё кіраўніцтва, і тады я з вамі паразмаўляю».
Тым часам у менскай краме «Акіян», якая гандлюе рыбай і працуе ў сыстэме дзяржаўнага гандлю, ніякіх зьменаў з пастаўкай морапрадуктаў не адбылося, паведамляе таваразнаўца Аксана Паўлава:
«Мы звычайна працуем, як і працавалі — нічога ні павялічылася, ні зьменшылася, і адносна коштаў таксама. Мы бяром прадукцыі гэтулькі, колькі прадаём. У нас не было ні перагрузак, ні перабояў».
У недзяржаўнай гандлёвай сетцы крамаў кампаніі «Віталюр», якая пастаўляе ў Беларусь ня толькі рыбу, але і іншыя прадукты харчаваньня, эўрапейскі імпарт камэнтуюць неахвотна. Але вядучы спэцыяліст у розьнічным гандлі таксама паведаміў, што пашыранага асартымэнту, павялічанага аб’ёму паставак ці зьніжаных коштаў тут няма:
«З мэтай выкананьня распараджэньня Менгарвыканкаму павялічвалі беларускі асартымэнт. Адносна імпартнага — не, нічога не зьмянілася».
Адзін з кіраўнікоў недзяржаўнай гандлёвай кампаніі «Гіпа», таксама не называючы сябе, пацьвердзіў адсутнасьць зьменаў на рынку імпартных тавараў. І патлумачыў, чаму так:
Разумееце, рынак Беларусі — ён таксама мае пэўныя памеры. І больш, чым магчыма ўзяць, мы ня возьмем адназначна
«Прынамсі, пакуль ніякіх зьменаў не адбылося. Хоць прайшло ўжо паўтара месяца, і некаторыя журналісты пішуць, што зьявілася больш ласося ці яшчэ чаго-небудзь... Нічога дадатковага паводле асартымэнту ў бок таго, каб павялічыўся, альбо каб кошты ўпалі з-за перанасычанасьці рынку — нічога такога няма».
Карэспандэнтка: «А ці спрабавалі набыць большую колькасьць тавару, які не пастаўляюць у Расею, па ніжэйшых коштах?»
Прадстаўнік «Гіпа»: «Мы больш таксама ня возьмем. Разумееце, рынак Беларусі — ён таксама мае пэўныя памеры. І больш, чым магчыма ўзяць, мы ня возьмем адназначна».
Карэспандэнтка: «Нават калі будзе таньней?»
Прадстаўнік «Гіпа»: «Вядома. Ёсьць пэўны попыт на пэўны прадукт, і праз гэты попыт аніяк не пераскочыш».
Тым часам, паводле статыстычных зьвестак, кошты на харчовыя тавары ў Беларусі працягваюць расьці: ад пачатку году яны павялічыліся больш як на 15%.