Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальніку Сьледчага камітэту па Менску пагражае да 10 гадоў турмы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Генэральная пракуратура Літвы пацьвердзіла факт затрыманьня на літоўска-беларускай мяжы высокапастаўленага супрацоўніка беларускіх праваахоўных органаў і яго жонкі.

У паведамленьні Генпракуратуры імёны затрыманых не называюцца, яны пазначаныя ініцыяламі Д.К. (чыноўнік) і А.К. (яго жонка).

Пры гэтым партал навінаў delfi са спасылкай на Генпракуратуру Літвы паведамляе, што затрыманы начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Дзьмітрый Канаплянік і ягоная жонка.

У паведамленьні Генпракуратуры гаворыцца, што ўстаноўленыя асобы дваіх грамадзян Беларусі, якія былі затрыманыя 21 верасьня на літоўска-беларускай мяжы ў сувязі з тым, што ў іхнім аўтамабілі Honda CR-V былі выяўленыя некалькі дзясяткаў патронаў калібру 9 мм Luger.

«Аб затрыманьні дваіх грамадзян ва ўстаноўленым парадку была інфармаваная амбасада Беларусі ў Вільні і неадкладна задаволеная просьба амбасады аб сустрэчы з затрыманым», — адзначае Генпракуратура.

Калі выйшаў тэрмін 48 гадзін і былі ўстаноўленыя асобы, затрыманых адпусьцілі з-пад варты.

«Як толькі адпала патрэба ўтрымліваць іх пад вартай, было прынятае рашэньне аб іншай меры стрыманьня, якая не дазваляе ім пакінуць Літву. Асабістыя дакумэнты ў іх забралі», — паведаміла БелаПАН прадстаўніца літоўскай Генпракуратуры Алена Марціноніне.

Паводле яе, беларусы падазраюцца ў кантрабандзе боепрыпасаў для агнястрэльнай зброі. Дасудовае расьсьледаваньне праводзіць крымінальная мытная служба, кантралюе гэты працэс пракуратура Вільні. Паводле літоўскага заканадаўства, за падобнае злачынства прадугледжана ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Раней МЗС Беларусі пацьвердзіў факт затрыманьня беларусаў.

«Мы пацьвярджаем, што двое беларускіх грамадзян былі затрыманыя пры перасячэньні літоўска-беларускай мяжы. У цяперашні час пасольства Рэспублікі Беларусь у Літве займаецца высьвятленьнем усіх акалічнасьцяў затрыманьня», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС ад 23 верасьня.

Начальнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадскасьцю цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч не пацьвердзіў і не абверг інфармацыю пра затрыманьне Дзьмітрыя Канапляніка. «Усё, што магу сказаць — цяпер ён знаходзіцца ў адпачынку», — сказаў Кабаковіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG