75 гадоў таму Чырвоная армія рушыла ў паход на Заходнюю Беларусь, якая тады была ў складзе Польшчы.
З нагоды гэтай гадавіны ў сядзібе Партыі БНФ сёньня пройдзе круглы стол «17 верасьня ў лёсах беларускага і польскага народаў».
Удзел у дыскусіі возьмуць грамадзкія дзеячы, гісторыкі, сьведкі наступстваў тых падзеяў.
Пра тэму і зьмест абмеркаваньня арганізатар імпрэзы, навуковец Ігар Кузьняцоў кажа, што яны будуць нязвыклымі ў параўнаньні з афіцыйным трактаваньнем гэтай даты:
«Тое, што савецкія падручнікі падаюць са знакам плюс, за круглым сталом абмяркоўвацца ня будзе. Будуць абмяркоўвацца малавядомыя старонкі гісторыі тых падзей, а менавіта — іх рэальныя наступствы. На афіцыйным узроўні гэта падаецца як сьвяточная падзея — узьяднаньне заходняй і ўсходняй частак Беларусі. А ў сапраўднасьці — гэта трагедыя для дзясяткаў тысяч жыхароў Заходняй Беларусі, зьвязаная з дэпартацыямі і рэпрэсіямі».