Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Караткевіч вярнуўся на родную вуліцу


Гарэльеф пісьменьніка, які некалькі месяцаў таму былі зьнялі з будынку Парытэтбанку на вуліцы імя Караткевіча ў Воршы, зноў зьявіўся на ранейшым месцы.

Пытаньне, чаму гарэльеф зьнялі, турбавала аршанцаў. Адказам былі тлумачэньні пра рамонт. Аднак і рамонт ужо скончыўся, а праца талачынскага скульптара Юрыя Палякова яшчэ доўга не вярталася на банкаўскі мур.

Паводле дырэктара музэйнага комплексу «Гісторыя і культура Аршаншчыны» Ўладзімера Кузубава, хвалявацца было ня варта:

«Можаце ўсім паведаміць, што гарэльеф на месцы. Як я і казаў раней, Караткевіч вернецца на сваё месца пасьля рамонту. Усё ў парадку, ня варта было разьдзімаць з гэтага вялікі скандал. Мы ўдзячныя прадпрымальніку Ўладзімеру Панасенку за тое, што ён захаваў гарэльеф на час рамонту будынку, які яму належыць. І за тое, што ён гэты гарэльеф адрэстаўраваў — цяпер ён пачышчаны і пакрыты спэцыяльным рэчывам супраць пашкоджаньняў атмасфэрнымі ападкамі».

Дырэктар музэйнага комплексу настойвае, што вяртаньне гарэльефа — гэта справа даўно вырашаная, і адбылося яно не пад ціскам абуранай грамадзкасьці Воршы, а згодна з ранейшымі дамоўленасьцямі. Тым ня менш гараджане і журналісты, спрабуючы даведацца пра лёс гарэльефа знакамітага пісьменьніка-земляка, актуалізавалі гэтую праблему. І пытаньне пра тое, каб знак памяці і пашаны вярнуўся на сваё месца, было на асобным кантролі ў Аршанскім райвыканкаме.

Цяпер гарэльеф з выявай Уладзімера Караткевіча зноў на сьцяне Парытэтбанку. Раней гэта быў адміністрацыйны корпус аршанскага піўзаводу, зачыненага колькі год таму. Прадпрымальнік Уладзімер Панасенка набыў яго і цяпер здае ў арэнду. Гэта першы будынак на вуліцы Ўладзімера Караткевіча, таму ў 1990 годзе гарэльеф пастанавілі зьмясьціць якраз на ім. Штогод у дзень народзінаў пісьменьніка сюды прыходзяць землякі, каб ускласьці кветкі.

Назву ў гонар славутага пісьменьніка, ураджэнца Воршы, гэтая вуліца атрымала ў выніку перайменаваньня напрыканцы 1980-х гадоў. За гэта выступалі і гараджане, і мастацкая інтэлігенцыя Беларусі. На гэтай вуліцы, якая раней называлася вуліцай Касманаўтаў, дагэтуль стаіць дом, дзе жыла сям’я Караткевічаў. Тут быў напісаны першы варыянт аповесьці «Дзікае паляваньне караля Стаха», аповесьць «У сьнягах драмае вясна», шмат якія вершы, якія потым увайшлі ў першы зборнік Уладзімера Караткевіча «Матчына душа».

У Воршы дбайна захоўваюць памяць пра пісьменьніка: гэта і вуліца, і школа імя Ўладзімера Караткевіча, і музэй, і помнік у парку над Дняпром. Гараджане ганарацца земляком і клапоцяцца, каб ніводная згадка пра яго не прапала. Таму трывога наконт зьнікненьня гарэльефа з вуліцы Караткевіча зразумелая — і, магчыма, якраз неабыякавасьць гараджан паспрыяла яго хуткаму вяртаньню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG