Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Шкловалакно» не пускаюць прафсаюзнага лідэра


Віктар Стукаў
Віктар Стукаў

Працаўнікі полацкага «Шкловалакна» скардзяцца на гарачыню ў цэху, а таксама на шкодныя выпарэньні ў паветры. Праверыць скаргі не дае адміністрацыя.

Віктар Стукаў, кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу беларускага, хацеў наведаць цэхі № 7 і № 12, каб спраўдзіць скаргі працаўнікоў на ўмовы працы.

Але варта было папярэдзіць пра свой візыт генэральнага дырэктара, як уваход на прадпрыемства яму пэрсанальна забаранілі, апавёў Свабодзе Віктар Стукаў.

«Работнікі скардзяцца на гарачыню ў цэху, а таксама на нейкія шкодныя выпарэньні ў паветры. Праверыць шкоднасьць выпарэньняў ад хімічных рэчываў наш прафсаюз ня можа, аднак сытуацыя трывожная: ня так даўно ў „распраналцы“ пасьля зьмены памёр рабочы, якому зрабілася кепска яшчэ ў працоўны час... Адным словам, варта было ўсё паглядзець на ўласныя вочы. Таму я папярэдзіў кіраўніцтва, што 23 ліпеня прыйду ў цэх № 7 і № 12. Аднак на тэрыторыю прадпрыемства мяне не прапусьцілі».

Спадар Стукаў на «Шкловалакне» не працуе: некалькі гадоў таму яго звольнілі нібыта за парушэньні патрабаваньняў аховы працы. А па сутнасьці, каб зьменшыць уплыў ідэяў СПБ на працаўнікоў, лічыць Віктар Стукаў. Прафсаюзны лідэр мусіў зьвяртацца ў пракуратуру, калі пачалі перашкаджаць яму праходзіць на прадпрыемства.

«Проста на прахадную я выклікаў міліцыю па тэлефоне 102. Міліцыянты склалі пратаколы апытаньня абодвух бакоў. Я патэлефанаваў і ў пракуратуру, да таго супрацоўніка, які раней ужо тлумачыў мне мае правы — што я як кіраўнік прафсаюзнай суполкі маю права бесьперашкодна сустракацца з рабочымі. Гэтым разам пракурор параіў пакінуць адпаведны запіс у Кнізе скаргаў і прапановаў. Але і яе не ўдалося адваяваць: начальнік аддзелу прававога забесьпячэньня Васіль Зацірахін загадаў не даваць кнігу скаргаў — маўляў, яна прызначана толькі для водгукаў на якасьць прадукцыі».

Сытуацыю, якая склалася вакол ягонай асобы, Віктар Стукаў лічыць ненармальнай. 24 ліпеня ён падаў заяву ў пракуратуру з просьбай прыслаць на «Шкловалакно» пракурорскае прадпісаньне, каб яго, лідэра СПБ, прапускалі на прадпрыемства, як гэта прадугледжана беларускім заканадаўствам. Таксама ён просіць ацаніць з пункту гледжаньня права паводзіны адказных кіраўнікоў, якія спрабуюць забараняць яму сустракацца з працаўнікамі дзеля абароны іхных правоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG